І бронзавая птушка, і касмічны апарат…

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Эксклюзіў
18 верасня ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці адкрылася выстаўка “Шматвектарнасць знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь”. Выстаўка падарункаў Рэспубліцы Беларусь уключае ў сябе прадметы, падораныя кіраўніцтву краіны лідарамі дзяржаў, дыпламатамі, грамадскімі дзеячамі ды арганізацыямі з розных краін.

Гэта і памятныя медалі ад Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна, прысвечаныя 200-й гадавіне вайны 1812 г., і каштоўная скарбонка з Карэйскай Рэспублікі, а таксама “Самарскі крыж” — галоўны элемент вядомага сцяга — сімвала Узброеных Сіл Балгарыі ды іншыя падарункі, што сімвалізуюць добрасуседскую знешнюю палітыку Рэспублікі Беларусь.

Усяго ў рамках выставачнага праекта — узнагароды з 12 краін. Не хапае экспанатаў толькі з двух кантынентаў — Аўстраліі і Афрыкі. На выстаўцы дэманструюцца копіі скіфскіх упрыгожанняў IV стагоддзя, якія былі падораны кіраўніцтву нашай краіны Урадам Украіны. Шмат падарункаў — з краін Азіі: Індыі, Інданезіі, Карэі, В’етнама, Кітая. Да прыкладу, з апошняй краіны — макет касмічнага спадарожніка. Адзін з найбольш незвычайных падарункаў — стылізаваная бронзавая фігурка птушкі — копія археалагічнага артэфакта са Славакіі. У сваю чаргу, Злучаныя Штаты Амерыкі на выстаўцы прадстаўлены сімвалічным ключом ад горада са штата Фларыда.

Выстаўка будзе дзейнічаць да 14 кастрычніка і даступная для арганізаваных груп. Акрамя таго, ужо закуплена абсталяванне для стварэння новай, пастаяннай пляцоўкі пад тэматычныя выстаўкі.

Па словах дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Алега Рыжкова, не варта перагружаць прастору музея тэхнічнымі ноу-хау. Самае галоўнае — паспяваць за падзеямі, што адбываюцца ў краіне, і своеасабліва іх асвятляць. Наступны выставачны праект Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці мяркуецца прысвяціць Дню маці. У прыватнасці, будзе адлюстравана стаўленне краіны да тэмы мацярынства на сучасным этапе. Музейшчыкі маюць намер прадставіць фотагалерэю, дзяржаўныя ўзнагароды шматдзетных маці, арыгіналы заканадаўчых актаў.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"