Падарункі для Літвы

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Дні культуры
Учора распачаліся Дні культуры Беларусі ў Літве, якія працягнуцца ўсю восень. Першымі “да суседзяў з падарункамі” рушылі музыканты. Следам адправяцца і тэатры.

У Мастацкай галерэі Саюза мастакоў Літвы адкрылася выстаўка твораў сучасных беларускіх мастакоў, якія жывуць і працуюць у Літве. А сёння ў розных літоўскіх гарадах адбудуцца адначасова два выбітныя канцэрты. Гродзенскі камерны аркестр на чале з Уладзімірам Борматавым будзе граць у Плунге — у рамках VIII Міжнароднага фестывалю імя М.К. Агінскага. Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Паўла Шэпелева сёння і заўтра выступіць у касцёлах Вільнюса ды Каўнаса.

— Мы падрыхтавалі, — распавёў Павел Шэпелеў, — сольнае аддзяленне беларускай духоўнай музыкі канца ХІХ — пачатку ХХІ стагоддзя. Гэта творы Канстанціна Горскага, Андрэя Бандарэнкі, Сяргея Бугасава, Віктара Капыцько, Сяргея Янковіча, Аліны Безенсон, Эміля Наско, Ірыны Дзянісавай ды іншых. Расклад паездкі даволі шчыльны: акрамя вячэрняга Вільнюскага выступлення, назаўтра ўдзельнічаем там у ранішняй службе — і адразу едзем у Каўнас. Нам вельмі прыемна і пачэсна выступаць у Літве — яшчэ і таму, што гэта дадаткова сімвалізуе “генетычныя карані” нашага калектыву з літоўскімі харавымі традыцыямі. Усімі шанаваны Віктар Роўда, які ўзначальваў наш калектыў да сваіх апошніх дзён, вучыўся ў Вільнюсе, потым шмат гадоў ездзіў на літоўскія святы “Спеўнае поле”, марыў праводзіць такія і ў Беларусі. Таму гэтую паездку ў Літву мы прысвячаем яшчэ і памяці выдатнага Майстра…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"