Чаго бракуе TV “Беларусь 3”?

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Нацыянальны тэлеканал з культурным кантэнтам паспеў заваяваць цікавасць гледача. Падаецца, надышоў час для пэўных ацэнак тэлевізійных высілкаў. Не дзеля крытыкі, а з прычыны далейшага ўдасканалення вяшчання, што па прызначэнні сваім павінна “граць на струнах” беларускай душы…

/i/content/pi/cult/446/9321/3-6.jpeg

Рыгор СІТНІЦА, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў:

— Канал пачаў глядзець не так даўно, пад час летняга адпачынку. Не прыхоўваю, спачатку быў настроены крыху іранічна. Але пэўныя перадачы вельмі хутка далі падставы для меркавання, што “Беларусь 3” можа стаць, і пакрысе становіцца, сапраўды еўрапейскім, этнакультурным, філасофскім, элітарным каналам.

Да прыкладу, менавіта такім мне падаўся шыкоўны серыял пра Міндоўга. З цікавасцю глядзеў змястоўныя стужкі пра Мікеланджэла і Леанарда да Вінчы. Але нам, відаць, бракуе ўласнага відэаматэрыялу: усе гэтыя сюжэты гучалі па-руску. Чаму ў такім выпадку мы забыліся на дубляж? Я не супраць рускай мовы, але беларускі нацыянальны канал павінен прапагандаваць у першую чаргу родную! У адваротным выпадку, этнакультурным ды элітарным яго ніяк не назавеш. На мой погляд, хаця б 80 працэнтаў перадач павінны транслявацца па-беларуску.

Не збяднеем мы і ад таго, калі не пабачым мастацкіх карцін савецкага часу ў даволі сумніўнай якасці. Ці ж можа добры канал карыстацца кепскай кінапрадукцыяй? І яшчэ вельмі хацелася б, каб на канале з’явіліся інтэлектуальныя ток-шоу…

Нацыянальны тэлеканал з культурным кантэнтам паспеў заваяваць цікавасць гледача. Падаецца, надышоў час для пэўных ацэнак тэлевізійных высілкаў. Не дзеля крытыкі, а з прычыны далейшага ўдасканалення вяшчання, што па прызначэнні сваім павінна “граць на струнах” беларускай душы…

 

Яўген РАГІН, рэдактар аддзела газеты “Культура”:

— Нядаўна па RTVI давялося пабачыць інтэрв’ю са Святланай Кручковай. Бліскуча! Абаяльная, разумная, таленавітая ва ўсіх акцёрскіх іпастасях, са сваім поглядам на жыццёвыя нюансы. А як вершы чытае... Ну чаму такіх выбітных асоб няма на нашым тэлеканале, які мае непасрэднае дачыненне да нацыянальнай культуры? Хто б мне адказаў: “Такіх на Беларусі ўвогуле няма ці мы на іх не зважаем?”

З-за кніг на тэлебачанне часу не стае хранічна. Тым не менш, раз-пораз пстрыкаю тэлепультам. Не скажу, што наша “Беларусь 3” не чапляе за душу і не прымушае заставацца на канале: грунтоўная дакументалістыка, важкія кінарэтраспектывы… З месяц таму не мог адарвацца ад “Ідзі і глядзі” Элема Клімава. У тым ліку і таму, што фільм дэманстраваўся па-беларуску. Не, “гітлераўцы” карысталіся сваёй мовай, а нашы — толькі роднай, нават артыст Краўчанка, ужо сённяшні герой расійскіх “спецназаўскіх” серыялаў. Карацей, і гук, і “карцінка” супадалі больш чым арганічна. Падумаў: “Нішто сабе! Можам жа!”

А вось рускамоўныя сентэнцыі купалаўцаў успрымаліся на TV “Беларусь 3”, мякка кажучы, як маладушша з боку любімых патрыярхаў вядучага тэатра. Я ні ў якім разе не адмаўляю мовы Пушкіна і нашай другой дзяржаўнай мовы, але беларускі канал, перакананы, павінен апекавацца перш за ўсё словам Купалы. У адваротным выпадку, і не разбярэш сослепу, расійская “Культура” на экране ці наша…

 

Тым часам

Сяргей МАКАРЭЙ, намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала “Беларусь 3”:

Культурны каляндар

— З 20 верасня тэлеканал “Беларусь 3” выходзіць у абноўленым выглядзе: мы запускаем уласныя прэм’ерныя праекты. Перш за ўсё гэта інфармацыйная праграма “Калейдаскоп” — своеасаблівы дайджэст, які распавядзе пра актуальныя культурныя навіны, знакавыя даты календара, фестывалі, конкурсы, канцэрты ды многае іншае. Прычым ён будзе ахопліваць не толькі Мінск, але і рэгіёны, абласныя цэнтры ды маленькія гарады, бо там таксама віруе культурнае жыццё, пра якое, на жаль, мы гаворым мала.

Для самых маленькіх

— Адна з рэзанансных праграм, як выявілася, — гэта “Калыханка”. На яе заўсёды шмат водгукаў, увесь час прыходзяць лісты ад бацькоў… Мы вырашылі падарыць дзецям больш эфірнага часу, таму з 20 верасня з’явілася ранішняя штодзённая дзіцячая праграма “Дабраранак”.

З сур’ёзнага

— Зараз тэлеканал працуе над новай праграмай, якую будуць фарміраваць самі гледачы. Праект “Ди@блог” — гэта пэўны сімбіёз студыйнага і інтэрнэт-прасторавага існавання. Якім чынам? У блогу заяўляецца тэма, людзі выказваюцца, і з гэтых выказванняў фарміруюцца пытанні да пэўнага госця ў студыі. Развагі будуць пра мову, пра літаратуру, пра вечнае і пра прыгожае. Гэтая праграма павінна зацікавіць шырокае кола гледачоў, бо тут не будзе так званай камплементарнай крытыкі: людзі ў Інтэрнэце выказваюцца больш свабодна і ёміста, што дапамагае рознабаковаму агляду тэмы. З аднаго боку, у Інтэрнэце вельмі шмат інфармацыі неправеранай, несапраўднай, — але, пры ўсім гэтым, нейкі плюралізм думак там усё ж такі існуе.

Кінапаказы

— 23 верасня пачнецца рэтраспектыва фільмаў Уладзіміра Корш-Сабліна. З панядзелка па пятніцу будуць прадэманстраваны стужкі “Хто смяецца апошнім?”, “Крушэнне імперыі”, “Канстанцін Заслонаў”, “Шукальнікі шчасця” і “Маё каханне”. Такія рэтраспектывы плануем рабіць і надалей.

Акрамя гэтага, на тэлеканале “Беларусь 3” будуць дэманстравацца вядомыя стужкі, якія ўжо набылі статус грамадскага здабытку. Кінапаказ увогуле будзе разнастайны ды цікавы: наша і замежная класіка, дакументалістыка — гэта ўсё фільмы, якія адпавядаюць канцэпцыі сацыякультурнага тэлеканала.

Пра гледача

— Мы вельмі задаволены тым, што ў нас ёсць свая аўдыторыя. Можа, яна і не такая вялікая, але трэба разумець, што “Беларусь 3” — канал “нішавы”. Прычым далёка не кожная краіна можа фінансаваць і наогул мае дзяржаўны тэлеканал такога накірунку.

Працуем на гледача і з яго дапамогай. Да нас дасылаюць рознага кшталту водгукі, прапановы, падзякі. Усё, што можна зрабіць для аўдыторыі, — робім. Дый да заўваг, безумоўна, прыслухоўваемся...

Занатавала Вольга НАВІЦКАЯ