Мроі палатна

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

…А пра астатняе казалі творы
Наведвальнікаў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава ў гэтыя вераснёўскія дні сустракае трапяткое святло твораў гродзенскага мастака Мікалая Бандарчука. Так-так, сустракае, бо яно нібыта не затрымліваецца на тым, што ўвасоблена, а робіцца самім паветрам дзвюх экспазіцыйных залаў...

Гэта святло вельмі эмацыйнага — так і хочацца сказаць: у нечым “шчамялёўскага” — каларыту. А Мікалай Трафімавіч і не адмаўляецца: “Шчамялёў — мой першы настаўнік”, — крыху збянтэжана кажа ён. Зрэшты, пераняць, нават падсвядома, пачуццёвае спалучэнне фарбаў немагчыма: яно вельмі індывідуальнае. І мастак застаецца сабой з нейкай пранізліва-пяшчотнай палітрай светаадчуванняў. Лірычная настраёвасць многіх пейзажаў і нацюрмортаў прасякнута той першаснай свежасцю, якая адразу ж вызначае своеасаблівую таленавітасць майстра. Яна — у “Букеце для Мар’яны”, “У позняй восені”, “У акне майстэрні”, у “Нацюрморце са сланечнікамі”…

/i/content/pi/cult/446/9318/9-1.jpeg

Мяркуючы па светлагорскай экспазіцыі, Мікалай Бандарчук і зараз не спыняе пошукаў новых выяўленчых сродкаў. Хіба ж можа быць інакш, калі ён ставіць перад сабой самыя розныя творчыя задачы? Адсюль вельмі натуральнае спалучэнне прачулай экспрэсіі ды супакоенага лаканізму, магчымасцей станковага і манументальнага жывапісу. Нібыта самі па сабе знікаюць у межах адной карціны жанравыя межы, выяўляючы таленавітую цэласнасць задумы ды ўвасаблення. Ды і тэматычная пераемнасць многіх твораў спрыяе гэтаму: “Ля касцёла” і “Касцёл”, “Каложа” і “Дарога да храма”, “Свята-Троіцкая царква” і “Касцёл у Ліпнішках”. Роднаснае супастаўленне можна доўжыць. Майстар рэалістычнага жывапісу, Мікалай Бандарчук умее заўважыць і незаўважнае. Вобразная дэталізацыя сама вымушае да гэтага. Менавіта такой выснове даюць падставу “Кліч пушчы”, ”Дняпроўская чайка”, “Дрэва вечнасці”, “Малады сад”, “Плывуць аблокі”…

І ўжо зусім нечаканымі сярод іншых работ сталіся тыя, у якіх мастак вырашае свае філасофскія задумы. Вялікія па прасторавым увасабленні, яны валодаюць такой жа, хаця і стрыманай, магічнасцю. Нават паэтычныя назвы не раскрываюць загадкавага сэнсу звышзадум. Можна доўга задуменна ўзірацца ў “Студзёную маўклівасць”, у “Мроі белага палатна”, у “Пераўтварэнне”, у “Апакаліпсіс”… А калі зрокава трапляеш у “Даліну заблукаўшых душ”, пачынаеш разумець, што гэты мастак часам можа сказаць больш, чым напісана.

І ці трэба казаць, што размова на ўрачыстым адкрыцці была па-сапраўднаму ўзнёслая. Да яе далучыўся і гомельскі мастак Арсеній Дваронін, які прыехаў спецыяльна, каб павіншаваць даўняга сябра. Выступоўцы прыгадвалі, што Мікалай Трафімавіч — наш зямляк (родам з вёскі Сярэднія Печы Лельчыцкага раёна). Вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве, скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Быў прафесарам кафедры выяўленчага мастацтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта і адным з яе стваральнікаў… А пра астатняе казалі творы, нібыта працягваючы дыялог з часам. Дарэчы, так і названа гэтая разнажанравая, але вельмі цэласная экспазіцыя

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск