За сямю… "зайцамі"

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Экзотыка несталічнага "...Гарадка"
Сёння Гродзенскі абласны драматычны тэатр паказвае першую прэм’еру гэтага сезона — "Мой гарадок" паводле п’есы Т.Уайлдара, уганараванай у 1938 годзе Пуліцараўскай прэміяй.

Прэм’ера рыхтавалася ў няпростых умовах. За тыдзень да яе, у час правядзення ў тэатры Свята класічнай музыкі "TyzenHouse", запланаваныя раней рэпетыцыі спектакля спынілі. Такое рашэнне было прынята, каб забяспечыць удзельнікам фестывалю больш камфортныя, папраўдзе філарманічныя ўмовы і магчымасць у любы момант сесці за ўстаноўлены на сцэне канцэртны раяль, перавезены сюды з Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Але адразу па заканчэнні музычнага форуму тэатральную сцэну зноў апанавалі акцёры. І — прыклалі ўсе намаганні, каб выпусціць спектакль да тэрміну. А напярэдадні мы звярнуліся да пастаноўшчыка — галоўнага рэжысёра тэатра Генадзя МУШПЕРТА, каб той адкрыў некаторыя таямніцы не толькі "…Гарадка", але і ўсяго сезона.

/i/content/pi/cult/446/9316/8-3.jpeg

— Гэтая п’еса, — распавёў Генадзь Уладзіміравіч, — за 80 гадоў свайго існавання стала ўжо сусветнай класікай. Мы ставім яе найперш таму, што жывём, так бы мовіць, "не ў сталіцы". У сталіцы, пэўна, гэты спектакль я не ставіў бы: для тамтэйшай публікі гэта было б нешта, на маю думку, экзатычнае. Гродна, вядома, — вялікі горад, які мае багатыя гістарычныя ды культурныя традыцыі, да таго ж — абласны цэнтр. Але нам вельмі блізкае ўсё тое, чым жыве апісаны ў п’есе маленькі амерыканскі гарадок. І праз спектакль мы хочам заявіць, што правінцыя мае не толькі свае асаблівасці, але і свае выгоды, свае заслугі. Спадзяюся, што зможам добра выявіць у пастаноўцы прыём "калектыўнага апавядальніка". Гэта спектакль без так званай чацвёртай сцяны, ён робіць пасыл непасрэдна да залы, куды звяртаецца не толькі ўласна апавядальнік, але і астатнія персанажы, якія, такім чынам, таксама выступаюць у гэтай ролі.

— Лічыцца, што абласному тэатру для падтрымкі глядацкай увагі патрабуецца пастаянная змена рэпертуару. Раней вы ставілі па шэсць спектакляў за сезон, сёлета ж выйшлі на "шчаслівую лічбу" — сем…

— Насамрэч, такая колькасць для нас — катастрофа. Любое няўхільнае павышэнне — не на карысць. І не заўсёды колькасць пераходзіць у якасць. Ужо сёння можна сказаць, што гэта прывядзе да больш мітуслівай падрыхтоўкі прэм’ер, да яшчэ большай загружанасці найбольш запатрабаваных артыстаў — і ніяк не адаб’ецца на іх заробках. За апошнія дваццаць гадоў, калі ў нас трывала было па шэсць прэм’ер, мы пераканаліся, што хопіць нават чатырох. Галоўнае, каб тыя былі ўдалымі!

— А яшчэ такімі, каб патэнцыйныя гледачы наведалі іх неаднойчы. Дык што чакае гродзенскіх тэатралаў цягам сезона?

— Пачну з таго, што па маёй просьбе да нас прыедзе вядомы польскі рэжысёр Пётр Дамброўскі — ставіць "Шынель" Юліяна Тувіма. Гэта не інсцэніроўка Гогаля, а самастойная п’еса, і створана яна па матывах не толькі гогалеўскага аднайменнага твора, але і таксама ягоных "Рэвізора" ды "Запісак вар’ята". Давялося замаўляць пераклад п’есы з польскай мовы, бо гэта, паўтаруся, не кампіляцыя фрагментаў класікі, а цалкам аўтарскія тэксты.

/i/content/pi/cult/446/9316/8-1.jpeg

— Пераклад будзе на беларускую мову?

— Не, на рускую. На беларускай будзе народная камедыя “За двума зайцамі”, якую паставіць Міхаіл Краснабаеў з Віцебска. Гэта добра вядомая, у тым ліку па кінастужцы, п’еса Міхаіла Старыцкага — украінскага пісьменніка і тэатральнага дзеяча другой паловы ХІХ стагоддзя. Яго трупа, дарэчы, з поспехам гастралявала па Беларусі, і наш Янка Лучына прысвячаў ім свае вершы. Паставім мы і рускую класіку, надзвычай актуальную сёння па ўзнятых праблемах, — “На ўсякага мудраца даволі прастаты” Аляксандра Астроўскага. Будзе і новая пастаноўка для дзяцей: пра Віні-Пуха. Два спектаклі зробіць і Сяргей Курыленка: амерыканская п’еса “Ах, гэтыя вольныя матылькі!” ды італьянская камедыя становішчаў “Выпадковая смерць анархіста”, дзе можна спачатку пасмяяцца, а потым задумацца і паразважаць. Мы штосьці засумавалі па інтэлектуальных, зацікаўленых гледачах. За апошнія гады публіка змянілася, стала больш прагнуць відовішча, забаўляльнасці, а часам яна ўвогуле да ўсяго абыякавая. Мне давялося папрацаваць у Польшчы — і ў Беластоку, і ў Познані я назіраў самы жывы інтарэс да ўсяго, што робіцца на тэатральнай сцэне. Хочацца спадзявацца, што мы, нарэшце, таксама абудзім сваіх гледачоў, у тым ліку — прэм’ерамі. А ўвесну спадзяёмся, ужо ў пяты раз, стаць удзельнікамі Міжнароднага фестывалю “Сустрэчы ў Расіі”, што праходзіць у Пецярбургу…

— Летась ваш “Палёт над гняздом зязюлі” атрымаў там галоўны прыз — жадаем далейшых перамог!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"