Землякі — вялікая сіла

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Любаншчына
У Любанскім аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі 2013-ы аб’яўлены як Год землякоў, што праходзіць пад дэвізам “Мая маленькая радзіма — акенца ў вялікі свет”. Ідэя праекта — далучыць землякоў, якія нарадзіліся на Любаншчыне, жылі і працавалі тут, да актыўнага творчага ды спонсарскага жыцця на малой радзіме. У асноўным, гэта выхадцы з раёна, што жывуць і працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі, але не парываюць стасункаў з родным краем. Вось толькі некалькі прыкладаў шматграннасці праекта.

/i/content/pi/cult/446/9315/11-1.jpeg

Юбілейны вечар “Добры вечар, землякі!” паэта, кампазітара, музыканта Івана Раманчука з нагоды яго 70-годдзя прайшоў у Любанскай дзіцячай школе мастацтваў і Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна. Ён арганічна ўвайшоў у акцыю “Землякі”. Юбілейны канцэрт — гэта своеасаблівая справаздача Івана Мікалаевіча перад землякамі.

А песні Раманчука сталі народнымі. На канцэрце яны гучалі ў выкананні Сароцкага народнага хору, ансамбля народнай музыкі і песні “Суседзі” з вёскі Сосны, калектыву “Добры настрой” з вёскі Ямінск, дзе нарадзіўся Іван Мікалаевіч, і, вядома ж, ансамбля “Любанскі гармонік” на чале з ім.

Выстаўка мастака Васіля Бурава працуе ў Любанскай дзіцячай школе мастацтваў. Яго дзяцінства прайшло на Любаншчыне, у вёсцы Малыя Гарадзячыцы. Як прызнаецца сам жывапісец, усё самае лепшае ў жыцці ён атрымаў менавіта ў вёсцы, у гэтым маляўнічым куточку свайго маленства…

Васіль Фёдаравіч падарыў Любанскаму музею народнай славы палатно “Маэстра”, на якім адлюстраваны яшчэ адзін наш зямляк — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Анатоль Шагаў, і ўзнёслую “Музу”, што стаіць у белым адзенні на краі бездані, асвечаная сонечнымі промнямі натхнення…

На Любаншчыне адбыўся канцэрт-сустрэча салісткі Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянціны Альшанскай. На сваёй радзіме спявачка вядомая пад прозвішчам бацькоў — Касцюкавец. Праграма атрымала назву “Родны бераг дзяцінства”. Землякам артыстка падарыла дыск з новымі песнямі.

Марыя Ліпніцкая — магістр мастацтваў, выкладчык спецыяльных дысцыплін, старшыня цыклавай камісіі “Харавое дырыжыраванне”, мастацкі кіраўнік дзіцячага ўзорнага хору Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка — таксама наша зямлячка. Пасля каледжа яна скончыла Акадэмію музыкі па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне” (клас прафесара Віктара Роўды).

На канцэрт дзіцячага хору, неаднаразовага лаўрэата і пераможцы міжнародных конкурсаў у Венгрыі, Польшчы, Германіі, Славеніі, прыйшлі навучэнцы Любанскай дзіцячай школы мастацтваў, выкладчыкі, родныя, знаёмыя, тыя, хто не абыякавы да харавога мастацтва.

Крочыць па Любаншчыне раённы фестываль-конкурс аграгарадоцкіх святочных традыцый “АграФэст-2013”. У раёне — восем аграгарадкоў. Кожны з іх мае свае адметнасці ў гісторыі народнай культуры, вясковых традыцый. Далейшае іх развіццё — задача фэсту. Ён праводзіцца па ініцыятыве нашага аддзела культуры, пры падтрымцы Любанскага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Гэта шырокі грамадскі агляд культурных аграгарадоцкіх традыцый, з паказам серыі святочных мерапрыемстваў, аб’яднаных ідэяй фарміравання вясковых “святаў-брэндаў”. Галоўным арганізатарам і распрацоўшчыкам праекта стала загадчык метадычнага кабінета Любанскага цэнтра культуры і вольнага часу Галіна Жураўская.

Адно з апошніх мерапрыемстваў “АграФэсту” прайшло ў Асаўцы і мела назву “Дрэва жыцця”. Сімвал гэтага населенага пункта — дуб, пасаджаны ў 1957 годзе старшынёй сельсавета Антонам Кунцэвічам у дуплішчы іншага дуба, уратаванага ў час Вялікай Айчыннай вайны…

Менавіта ў дуброве разгарнулася цудоўная святочная імпрэза. На гісторыі дуба, яго значэнні для аграгарадка і грунтавалася свята.

Васіль КАТКАВЕЦ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама

На фота: Іван Раманчук пад час канцэрта.