Ініцыятыўныя экспедыцыі

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Гораччына
Для сяброў РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” (СЭТ) экспедыцыйны сезон-2013 выдаўся вельмі ўдалы. Былі даследаваны Горацкі і памежны з ім Красненскі раёны Магілёўскай і Смаленскай абласцей, адпаведна. Традыцыйная культура гэтых рэгіёнаў шмат у чым падобная.

Горацкая этнаграфічная экспедыцыя — 22-я на рахунку СЭТ, якое існуе з 1998 года. Сябры Таварыства ўжо даследавалі іншыя раёны Магілёўскай вобласці: Дрыбінскі (2008 г.), Клімавіцкі (2010 г.) і Клічаўскі (2011 г.).

СЭТ даўно цікавіцца традыцыйнай культурай памежных рэгіёнаў: у 1999-м былі даследаваны Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці і Усвяцкі раён Расіі, у 2002 годзе — Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці і Себежскі раён Расіі. У 2003-м сябры Таварыства зноў наведалі Гарадоцкі раён, ахапіўшы гэтым разам яшчэ і Невельскі раён Расіі. У 2007 годзе была даследавана тэрыторыя, прылеглая да мяжы з Беларуссю з боку Латвіі — Латгалія, — у 2010-м, падчас экспедыцыі па Клімавіцкім раёне, — тэрыторыя Смаленшчыны.

Такая цікавасць да памежжа — не выпадковая: на этнічных беларускіх тэрыторыях, што ўваходзяць у склад іншых дзяржаў, беларуская традыцыйная культура знікае вельмі хутка.

Па ўсёй тэрыторыі Горацкага раёна інфарманты памятаюць шмат сямейна- і каляндарна-абрадавых песень. Сабранага матэрыялу дастаткова для аднаўлення хрэсьбіннага і вясельнага абрадаў пры ўмове ініцыятывы з боку работнікаў культуры.

Сёння шмат устаноў па ўсёй Беларусі (загсы, музеі, дамы культуры, галерэі) прапануюць правядзенне вяселля ці яго элементаў у нацыянальным стылі. Гэта неблагая крыніца прыбытку і сродак далучэння людзей да нацыянальных традыцый. Вельмі істотна, каб абрады, якія прапануюцца, грунтаваліся не на абстрактным “агульнабеларускім фальклоры”, а на матэрыяле, сабраным у той мясцовасці, дзе жывуць ці адкуль паходзяць маладыя.

Прыемна было ў вёсцы Горы знайсці адразу тры ўстановы, што вядуць даследчую працу і маюць калекцыі мясцовых прадметаў побыту: школа, бібліятэка і Дом фальклору.

Матэрыялы, сабраныя пад час экспедыцыі, сябры СЭТ апрацуюць і дашлюць для карыстання ў Горацкі і Красненскі раёны.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, сябра Рады РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”