За якой мяжой музей перастае быць музеем?

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Вандроўка справакавала дыскусію
10 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбыўся “круглы стол” супрацоўнікаў згаданай установы і іхніх калег з Нацыянальнага гістарычнага. Тэмай размовы былі новыя падыходы ў працы з наведвальнікамі. Падобна на тое, што гэтую дыскусію справакавала нядаўняя вандроўка беларускіх музейшчыкаў у Швецыю. Тое, што нашы там пабачылі, асэнсоўвалася і абмяркоўвалася прафесіяналамі ў прыватных кулуарных размовах. Вось і вырашылі дырэктары двух вядучых музеяў краіны, адштурхнуўшыся ад шведскага досведу, абмеркаваць нашы праблемы ды перспектывы ў фармаце “круглага стала”.

/i/content/pi/cult/446/9311/13-1.jpeg

Фактычна, гаворка ішла вакол стрыжнявой тэзы “Музей павінен “ісці” да гледача, ці глядач мусіць ісці ў музей?”. Здавалася б, у чым праблема? Чаму б руху не быць сустрэчным? Няхай музей “ідзе ў народ”, а народ, у сваю чаргу, адчуваючы павагу да сябе, потым прыйдзе ў музей, каб падыхаць гісторыяй ды прыгажосцю. За савецкім часам не аспрэчваўся лозунг “Мастацтва належыць народу”, ды і зараз наўрад ці хто будзе тое абвяргаць.

Але на справе, як сцвярджалі тыя, хто не адзін год задзейнічаны ў музейна-адукацыйных праектах, вынікі гэткіх “хаджэнняў” у школы, ВНУ ды іншыя ўстановы — мізэрныя і часам нават не перакрываюць змарнаваны час ды сродкі. Ставіцца “птушачка” ў нейкіх справаздачах: маўляў, сустрэліся з музейным работнікам, правялі мерапрыемства, і… Далей — ніякіх пазітыўных зрухаў. Прынамсі, для музея. Колькасць наведвальнікаў у ім не павялічваецца настолькі, каб гэта было заўважна. Праўда, і маніторынгам у гэтай галіне, як высвятляецца, дагэтуль сур’ёзна не займаліся. Так што даводзіцца рабіць высновы, зыходзячы выключна з касавай выручкі.

Сёння актуальнай уяўляецца так званая музейная педагогіка, якая, паводле вызначэння, сарыентавана найперш на школьнікаў. У Швецыі гэтая з’ява мае ўжо даволі доўгую гісторыю. У нас жа пра яе кажуць як пра інавацыю, новае слова ў музейнай справе. А між тым, прыдумалі яе немцы яшчэ на пачатку 60-х гадоў. І вось дакацілася гэтая хваля спачатку да Расіі, а потым і да нас. У гэтым святле дэклараваны ў часе дыскусіі намер распрацоўкі ўласнай мадэлі музейнай педагогікі некаторыя ўдзельнікі сумоўя трактавалі як марнатраўства часу і сродкаў. Можа, яно і сапраўды так, бо калі за гэтай з’явай больш як 40-гадовы досвед, дык, мабыць, і прыдумляць нічога не трэба — варта проста паглядзець, як гэта робіцца ў свеце.

Была выказана заклапочанасць тым, што пасля таго, як школьныя праграмы пазбавіліся курса “Сусветная мастацкая культура”, Нацыянальнаму мастацкаму музею стала цяжэй кантактаваць з сістэмай адукацыі. Цяпер культура той або іншай краіны даецца ў падручніку ў некалькіх радках, падвярстанымі да курса гісторыі. І настаўнікі, і музейшчыкі згадваюць час, калі школьнікі вывучалі культуру ў глабальным кантэксце, як свайго роду залатую пару. Бо эстэтычна выхаваны вучань тую ж матэматыку ці фізіку лепш разумее. А дзе ж вывучаць сусветную мастацкую культуру, як не ў мастацкім музеі? Так што карысць была і школе, і музею. Цяпер жа стасункі трэба будаваць на іншай аснове.

Рэалізацыя слушнай ідэі каардынацыі плана навукова-асветніцкай музейнай работы са школьнай праграмай у сённяшніх умовах ускладняецца той акалічнасцю, што каардынаваць няма з чым. Аднак жа хадзілі школьнікі ў музей і да таго, як прадмет ”Сусветная мастацкая культура” з’явіўся ў навучальнай праграме! Раней сюжэты карцін “прывязвалі” да літаратуры, да гісторыі. Мабыць, давядзецца гэты вопыт успомніць. Тут поле дзейнасці для музейшчыкаў хоць і звузілася, але не знікла.

На жаль, музейныя праекты, што маюць на мэце знаёмства беларускай аўдыторыі з беларускім жа Сярэднявеччам (слуцкія паясы, партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага), не даюць таго эфекту, на які разлічваюць арганізатары. Існуючыя ў грамадстве з савецкіх часоў заганныя стэрэатыпы пра беднасць беларускай нацыянальнай гісторыі і наша завышаная “паліткарэктнасць” у адносінах да суседзяў, калі гаворка ідзе пра спадчыну Вялікага Княства ці Рэчы Паспалітай, вядуць да таго, што шырокая грамада не гатова ўспрымаць гістарычную спадчыну згаданых дзяржаўных утварэнняў як сваё кроўнае.

Былі згадкі пра тое, што ў шведскіх музеях супрацоўнікі аддзелаў, якія, паводле нашай класіфікацыі, займаюцца навуковым асветніцтвам, маюць уласныя творчыя планы, самі прапаноўваюць ды самі рэалізуюць праекты. І калі праект — паспяховы, дык атрымліваюць ад яго прыбытак як ад сваёй інтэлектуальнай уласнасці. Было б, маўляў, някепска такую практыку ўкараніць і ў нас. Што і казаць, сапраўды... Але для рэалізацыі гэтай ідэі трэба перагледзець сістэму службовых стасункаў ва ўсёй галіне, распрацаваць новую сістэму заахвочвання актыўных супрацоўнікаў. Ці пойдуць на гэта музеі, ці падтрымае іх у гэтым пачынанні дзяржава? Ды і сам супрацоўнік музея яшчэ падумае, перш чым выходзіць на начальства з крэатыўным праектам. Бо работы (у дадатак да існуючай) стане больш, а наконт заробку — невядома…

Было пытанне, як зарабіць грошы, але пры гэтым не збіцца на прафанацыю музейнай дзейнасці. Музей па сённяшнім часе, можа, ужо і не храм, але і ў краму ператварацца не павінен. Інтэрактыўнымі сродкамі з экскурсіі можна зрабіць шоу, і такім чынам прыцягнуць моладзь, але адштурхнуць старэйшых  — тых, хто прыходзіць да любімых карцін, каб адпачыць ад гарадскога тлуму, паразважаць пра вечнае. Значыць, патрэбны рэжысёр і псіхолаг, здольныя прапаноўваць розныя методыкі для абслугоўвання розных узроставых груп.

Тыя ж шведы даўно высветлілі, што мастацтва па-рознаму ўспрымаюць не толькі моладзь ды сталыя людзі, але рознае ў адным і тым жа бачаць мужчыны і жанчыны. Скажам, гледзячы на партрэт, жанчына засяроджваецца на вопратцы, мужчына ж — на твары. Мне з гэтай нагоды прыгадалася мая знаёмая, якая, пабачыўшы рэпрадукцыю абстрактнай, з філасофскім ухілам, карціны класіка ХХ стагоддзя Макса Эрнста, заявіла, што “гэта была б класная тканіна на спадніцу”. Я не іранізую: такое ўспрыманне прыгожай рэчы, няхай яна і твор мастацтва, падаецца мне цалкам натуральным. І было б добра, каб рознае бачанне ўлічвалася пры рабоце з гледачамі. Але ці гатовы нашы музеі ўвесці ў свой штат рэжысёра ды псіхолага? Калі так, дык трэба лабіраваць гэтую ідэю ў дырэктыўных органах, прапаноўваючы пад яе перспектыўныя праекты.

Прыцягнуць у музей наведвальнікаў можна і гнуткай сістэмай зніжак на ўваходныя білеты: для школьнікаў, пенсіянераў, пры групавым ці сямейным наведанні. Пэўныя захады на гэты конт і ў Нацыянальным мастацкім, і ў Нацыянальным гістарычным робяцца. Але ж і фінансавы план выконваць трэба… І да таго ж, калі білет у галоўныя музеі краіны будзе каштаваць менш, чым білет у кіно, гэта не паспрыяе пазітыўнаму іміджу музея. Чалавек не цэніць тое, што даецца задарма альбо танна.

Пытанняў на “круглым стале” было больш, чым адказаў. Натуральная справа. Галоўнае, што прафесіяналы насамрэч заклапочаны тым, як зрабіць сваю працу больш эфектыўнай.

А скончыць нататкі мне хацелася б уласнай згадкай, што да тэмы мае ўскоснае дачыненне. Днямі я меў гаворку з нашай суайчынніцай, якая цягам года некалькі разоў бывае ў ЗША. Там стала атабарылася яе дачка, там нарадзіліся ейныя ўнукі. Мая суразмоўца напачатку вельмі здзіўлялася, што ўнукі ўсе выхадныя праводзяць у музеі: “Ну што рабіць у адным і тым жа музеі кожны тыдзень?”. Аказалася, музей — незвычайны: там дзяцей вучаць… жыццю. Расказваюць, як зарабляць і выкарыстоўваць грошы, як паводзіць сябе ў розных сітуацыях. У такім музеі падлетак можа “пахварэць” у бальніцы або адчуць сябе ўрачом, які лечыць пацыента, узяць крэдыт у банку ды аплаціць пакупку ў краме, у якасці турыста прамінуць дзяржаўную мяжу і прайсці мытню... Па аналогіі з савецкай адукацыйнай сістэмай, гэткі інтэрактыў можна было б назваць практычнымі заняткамі па грамадазнаўстве.

У такім музеі не сумна. Іншая справа, што сама музейная экспазіцыя ў дадзеным выпадку — толькі база, на якой разгортваюцца маштабныя анімацыйныя дзеянні, толькі сцэна, дзе адбываецца спектакль. Па сутнасці, гэта музей-трансформер.

Ці варта нам імкнуцца займець нешта падобнае ў сябе? А можа, няхай музей застаецца музеем?..

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"