Сустрэча з Радзімай*

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Агінскі і Залессе
25 верасня 1765 года ў Андрэя Агінскага, ваяводы трокскага, старасты ашмянскага, Паўнамоцнага Пасла Рэчы Паспалітай у Пецярбургу, пасла ў Вене, паплечніка польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, і Паліны Шэмбек нарадзілася другое дзіця — сын, якому пры хрышчэнні далі пышнае імя...

Клеафас-Міхал-Францішак-Фелікс-Антоній-Ігнацій-Юзаф-Тадэвуш... Нам ён вядомы як Міхал Клеафас Агінскі. У гэтай велічнай асобе неверагодным чынам рэалізаваліся таленты пісьменніка, дыпламата, гісторыка, палітыка і кампазітара. Першыя крокі на музычнай ніве Міхал Клеафас зрабіў на радзіме, у Гузаве. Але далейшы лёс генія, самыя шматгранныя праявы яго таленту непарыўна звязаны з Залессем.

У дар Айчыне — маёмасць, праца і жыццё…

Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў Агінскі атрымлівае бліскучую рознабаковую адукацыю і даволі рана пачынае палітычную кар’еру. У дзевятнаццаць гадоў ён — дэпутат сейма і ўдзельнік Адукацыйнай камісіі, якую гісторыкі назавуць першым Міністэрствам адукацыі.

/i/content/pi/cult/446/9310/12-4.jpeg

У 1790-м Міхал Клеафас выязджае з дыпламатычнай місіяй у Галандыю і Англію. У 23 гады яго ўзнагароджваюць ордэнам Белага Арла.

Без ваганняў Агінскі далучаецца да паўстання 1794 года. Ён абвяшчае Вышэйшаму нацыянальнаму савету (кіраўніцтву інсургентаў), што прыносіць “у дар радзіме сваю маёмасць, працу і жыццё”. Міхал Клеафас перадае Нацыянальнаму савету значную частку ўласных сродкаў і ўваходзіць у яго склад у якасці “віленскага дэпутата”. За свае грошы ён узбройвае атрад колькасцю ў 480 чалавек і, па жаданні жыхароў Вільні, узначальвае яго. Першае выпрабаванне атрад атрымаў у баях пад Соламі, Смаргонню, Ашмянамі, Івянцом ды Валожынам.

Неўзабаве Агінскі ўзначальвае літоўска-беларускія паўстанцкія войскі. Асабіста вядзе іх да берагоў Дзвіны, на Браслаўшчыну. Але лёс паўстання быў прадвызначаны. Напрыканцы 1794-га Міхал Клеафас змушаны эмігрыраваць. Восем гадоў ён блукае па Еўропе, выконвае адказныя даручэнні польскіх патрыётаў і французскага ўрада. Але ні Парыж, ні Канстанцінопаль, ні Венецыя не здолелі замяніць яму Радзіму... Павел І забараніў вяртанне. І толькі новы імператар Аляксандр І дазваляе выгнанніку вярнуцца. У 1802 годзе Міхал Клеафас Агінскі пасяляецца ў Залессі.

 

Парк, палац і пруд з млыном

Залессе стала ўладаннем княжацкага роду Агінскіх у першай палове XVIII стагоддзя, калі яго набыў Марцыян Міхал Агінскі, прадзед кампазітара... Калі Міхал Клеафас упершыню прыехаў сюды, дык быў уражаны вялікім атынкаваным палацам, чатырма флігелямі, гаспадарчымі пабудовамі. Перад палацам зелянела вялізная паляна, апяразаная ліпавымі алеямі. А побач серабрыўся пруд з выспачкамі і старым млыном. Пруд і фрагменты алей захаваліся па сёння…

/i/content/pi/cult/446/9310/12-3.jpeg

У Залессе Агінскі прыехаў з жонкай, італьянкай Марыяй Нэры-Нагурскай. Па праекце прафесара архітэктуры Віленскага ўніверсітэта Міхаіла Шульца побач са старым палацам пачалі ўзводзіць новы. Шмат для гэтага зрабіў губернскі архітэктар Іосіф Пусэ. Будаўнікі былі мясцовыя.

Новы палац Агінскіх не меў аналагаў сярод тагачасных шляхецкіх рэзідэнцый. Галоўны корпус складаўся з трох двухпавярховых частак і дзвюх — аднапавярховых. Сярэдняя частка нагадвала храм. Яна мела порцік з калонамі. Дзейнічала аранжарэя. А ўнутраная планіроўка дазваляла мець не толькі жытло, але і гасцёўні з салонамі, у тым ліку — з музычным. На другім паверсе знаходзілася бібліятэка, дзе кампазітар працаваў.

Палац размяшчаўся паміж старым французскім і новым англійскім паркамі. Праз іх працякалі дзве рачулкі. А выспа на возеры называлася “Лебядзіная”. Побач былі ўстаноўлены памятныя камяні. Адзін прысвячаўся Тадэвушу Касцюшку, другі — Жану Ралею, любімаму настаўніку Агінскага.

 

Гаючая сіла “Паўночных Афінаў”

Жыццё ў Залессі мела гаючую сілу. Міхал Клеафас вяртаецца да актыўнай палітычнай і грамадскай дзейнасці. Яго выбіраюць ганаровым членам Віленскага ўніверсітэта, дзе ён прымае ўдзел у пасяджэннях навуковай рады і папаўняе ўніверсітэцкія калекцыі. З’яўляецца Агінскі і старшынёй Віленскага дабрачыннага таварыства, на рахункі якога пералічвае значныя грашовыя сродкі, атрыманыя ад продажу зборнікаў сваіх музычных твораў.

/i/content/pi/cult/446/9310/12-2.jpeg

Менавіта ў Залессі Агінскі пачынае пісаць успаміны. Узнаўляе і дыпламатычную дзейнасць. Становіцца сенатарам. У 1811 годзе ён накіроўвае Аляксандру ІІІ запіску пра ўзнаўленне ў складзе Расійскай імперыі Вялікага Княства Літоўскага з прадастаўленнем яму пэўнай адміністрацыйнай і прававой самастойнасці. Праект быў сустрэты імператарам з разуменнем, але з абяцанымі рэформамі ён не спяшаўся…

У 1814 годзе, пасля смерці дзядзькі Францішка Ксаверыя, Залессе пераходзіць у поўную ўласнасць Міхала Клеафаса. Паступова маёнтак набывае назву “Паўночныя Афіны”. Паэт Аляксандр Ходзька ўслаўляе Залессе цудоўнай паэмай.

Але па стане здароўя Міхал Клеафас перабіраецца ў Фларэнцыю, дзе заканчвае “Мемуары пра Польшчу і палякаў, пачынаючы ад 1788 і да 1815 года”, стварае знакамітыя “Лісты пра музыку”. У Парыжы выходзяць чатырохтомныя “Мемуары” Агінскага… Аднак здароўе кампазітара рэзка пагаршаецца. 15 кастрычніка 1833 года ён памірае… Пахаваны Міхал Клеафас Агінскі ў царкве Санта-Крочэ.

Маёнтак у Залессі пераходзіць у спадчыну сына Агінскага Ірэнеуша. Пасля смерці маці ён пераносіць родавую рэзідэнцыю ў горад Рэтаў, на тэрыторыю сучаснай Літвы. Тут быў яшчэ адзін маёнтак роду Агінскіх — у Плунзе. Ён, як і Залессе, належыў сыну Ірэнеуша Міхаілу Мікалаю Агінскаму. Па некаторых сведчаннях, ён быў мецэнатам літоўскага мастака і кампазітара Мікалоюса Чурлёніса.

 

Палац вяртаецца

Ці варта тлумачыць ролю Залесся ў развіцці духоўнасці не толькі Смаргоншчыны, але і Беларусі? Менавіта тут буяла думка генія, менавіта тут гучала яго чароўная музыка, якая і сёння натхняе творцаў на смелыя і добрыя ўчынкі… Менавіта таму Залессе сёння адраджаецца. Не варта скідваць з рахункаў і тое, што сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, як і сядзіба графа Юрыя Тышкевіча ў літоўскім Ужутракісе, стане знакавым аб’ектам трансгранічнага турызму. Для гэтага летась дэлегацыя Смаргонскага райвыканкама разам з кіраўніцтвам Тракайскага нацыянальнага гістарычнага парку ў Літоўскай Рэспубліцы абмеркавала рэалізацыю праекта “Выкарыстанне гістарычных сядзіб і іх адаптацыя да сучасных культурных умоў”. Гэты праект прадугледжаны Праграмай трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь” на 2007 — 2013 гады ў рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства. Агульны бюджэт складае 575 268 еўра. Інакш кажучы, Залессе цяпер адраджаецца не толькі дзякуючы Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме Рэспублікі Беларусь. І апрача раённага ды абласнога бюджэтаў родавы маёнтак Агінскіх вяртаецца да нас і з дапамогай еўрасаюзаўскага фінансавання.

/i/content/pi/cult/446/9310/12-1.jpeg

Вось што распавядае пра сённяшні стан спраў з аднаўленнем палаца Агінскіх начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Смаргонскага райвыканкама Іван Лыско: “Ужо гатовы вонкавыя інжынерныя сеткі маёнтка: водаправод, каналізацыя, газа- і электразабеспячэнне. Зроблены дах. Вядзецца тынкоўка палацавых фасадаў… Работы распачалі ў 2011-м, але асноўны іх аб’ём прыпаў на бягучы год, пасля фінансавання з Інвестыцыйнай праграмы і бюджэту трансгранічнага праекта. На аднаўленча-рэстаўрацыйныя работы накіравана пятнаццаць з паловай мільярдаў дзяржаўных рублёў, восем з іх выкарыстана з мясцовага бюджэту…”

Генеральным падрадчыкам, па словах Івана Лыско, выступае наш 41-ы будаўнічы трэст, у ліку субпадрадчыкаў — мінская “Белрэстаўрацыя”. Іхні абавязак — індывідуальны выраб аконных і дзвярных блокаў, каміннай і пячной кафлі. На дадзены момант на адраджэнні палаца занята каля паўсотні спецыялістаў-будаўнікоў. Работы вядуцца падвойнымі тэмпамі. Інакш кажучы, кожны з будаўнікоў цудоўна разумее, што адраджэнне палаца — даніна памяці выбітнай асобе Агінскага, які наўпрост уплываў на станаўленне не толькі беларускага нацыянальнага, але і сусветнага музычнага мастацтва.

 

Праектная перспектыва

Неўзабаве ў Залессі зноў загучаць неверагодныя па прыгажосці паланэзы Агінскага. Згаданы праект мае дзейнічаць да сакавіка 2014 года. Атрыманыя ад Еўрасаюза грошы будуць выкарыстаны і для рэстаўрацыі канцэртнай залы палаца, для закупкі мэблі ды музычных інструментаў.

 

/i/content/pi/cult/446/9310/12-5.jpeg

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава паведамляе, што першыя навуковыя мерапрыемствы згаданага праекта адбудуцца ў Тракаі: 10 кастрычніка — канферэнцыя “Гістарычная спадчына і спадчына навакольнага асяроддзя ва Ужутракісе і Залессі”, 11 кастрычніка — семінар “Мясцовая культурная спадчына і яе выкарыстанне ў развіцці турыстычных працэсаў”. А 25 кастрычніка навукоўцаў, музейшчыкаў, тураператараў будзе прымаць Залессе, дзе таксама пройдзе названы семінар.

Плануюцца і два канцэрты прафесійных выканаўцаў у Тракаі і Залессі. Натуральна, гэтыя мерапрыемствы будуць прысвечаны неўміручай музычнай творчасці Міхала Клеафаса Агінскага. Цяпер, па словах Таццяны Ражавай, у Смаргоні рыхтуюцца матэрыялы для выдання турыстычнага буклета з пазнакай знакавых аб’ектаў на тэрыторыі як Беларусі, так і Літвы…

Аматары даўніны, прыхільнікі высокага мастацтва, турысты і вандроўнікі, ведайце, што Залессе
чакае вас!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"