Гарматы, схаваныя ў кветках

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Палымяная шапэніяна Марцаліны
Княгіня Марцаліна Чартарыйская, у дзявоцтве — Радзівіл, праславілася як віртуозная піяністка і любімая вучаніца Шапэна. У Польшчы яе добра ведаюць ды памятаюць. Але для сваіх землякоў, беларусаў, яна застаецца незнаёмкай…

Нарадзілася Марцаліна ў 1817 годзе на Палессі ў Паддужным, родавым маёнтку бацькі — Міхала Радзівіла. У пяцігадовым узросце страціла маці, і бацька, камандзір 5-га пяхотнага палка герцагства Варшаўскага, быў вымушаны аддаць дачку на выхаванне сваёй цешчы, Марцаліне Варцэле, у гонар якой, дарэчы і назвалі маленькую князёўну Радзівіл. Бабуля перавезла дзяўчынку ў Вену, дзе ў яе быў дом, больш падобны да палаца, і ўсур’ёз занялася яе выхаваннем. Марцаліне нанялі лепшых настаўнікаў музыкі, спеваў і танцаў. Ва ўзросце сямі гадоў дзяўчынка ўжо выступала ў так званых хатніх канцэртах, якія арганізоўвала Марцаліна Варцэла ў сваім доме-палацы.

/i/content/pi/cult/446/9308/14-1.jpeg

У дваццаць тры гады Марцаліна Радзівіл выйшла замуж. Гэта быў шлюб калі не па каханні, то, безумоўна, па ўзаемнай сімпатыі. Абранец князёўны, Аляксандр Рамуальд Чартарыйскі, уладальнік Клявані на Валыні, быў вартай партыяй. Яшчэ даволі малады і прывабны знешне, ён вылучаўся высакародствам душы, быў даволі багаты і належыў да аднаго з самых знатных магнацкіх родаў Беларусі і Польшчы. Маладыя па просьбе бабулі нявесты пасяліліся ў Вене.

Аляксандр Рамуальд, даведаўшыся пра таленты маладой жонкі, не стаў забараняць ёй вучыцца музыцы. Нават нараджэнне ў 1841 годзе сына, якога назвалі Марцалімам, не спыніла ейных заняткаў.

Але не толькі музыка жыла ў сэрцы прыгожай маладой жанчыны — займалі яе і думкі пра радзіму, былую Рэч Паспалітую. І хаця ліцвінка Марцаліна была беларускай па паходжанні, яна, згодна з традыцыяй, называла сябе полькай, бо Польшча для Еўропы атаясамлівалася з Рэччу Паспалітай.

У 1848 годзе Марцаліна Чартарыйская разам з мужам пакінула сталіцу Аўстра-Венгрыі. Перш чым вярнуцца на Клявань, яны наведалі Англію і Шатландыю.

Вандроўка аказалася для княгіні падарункам лёсу: у Эдынбургу яна пазнаёмілася з Фрыдэрыкам Шапэнам. Творчасць Шапэна для Марцаліны даўно ўжо набыла сімвалічны сэнс. Шапэн жа, пачуўшы, як выконвае ягоную музыку гэтая маладая і прыгожая жанчына, быў прыемна здзіўлены і ўражаны: яна ўкладала ў яго мазуркі, паланэзы, накцюрны зусім іншы, нязвыклы сэнс.

Першыя ўрокі ад маэстра княгіня атрымала тут жа, у Эдынбургу.

/i/content/pi/cult/446/9308/14-2.jpeg

Пасля нядоўгага знаходжання ў Англіі і Шатландыі Марцаліна з мужам следам за Шапэнам едзе ў Парыж. Аляксандр Рамуальд, разумеючы, што для ягонай жонкі няма нічога больш важнага, чым быць побач са сваім вялікім настаўнікам, саступае яго просьбам. Пра паездку на Клявань Чартарыйскія больш не размаўляюць.

Проста не верыцца, як хутка зусім яшчэ нядаўна чужая і незнаёмая Шапэну Марцаліна стала найбліжэйшым сябрам і даверанай асобай, анёлам-ахоўнікам. Перад смерцю Шапэн прызнаўся, што Чартарыйская — не толькі самая апошняя, але і самая любімая яго вучаніца…

18 кастрычніка 1849 года Марцаліна праводзіла ў апошні шлях свайго вялікага настаўніка, і, выконваючы ягоную волю, узяла пад апеку сястру Шапэна, Людвіку, якую потым ніколі, ні ў радасці, ні ў смутку, не забывала, дапамагала ёй як магла і любіла як родную сястру…

У 1850-м на імя княгіні Марцаліны Чартарыйскай у Парыж з Санкт-Пецярбурга прыйшло афіцыйнае пісьмо: расійскія ўлады, заклапочаныя чуткамі пра дзейнасць Марцаліны ў Вене, выклікалі яе, каб яна дала тлумачэнні. Прадстаўніца двух уплывовых родаў — Радзівілаў і Чартарыйскіх — з яе да дзёрзкасці смелым светапоглядам і багаццем магла ўяўляць пэўную небяспеку для расійскага самаўладдзя. Нагодай для таго, каб выклікаць яе з Парыжа ў Расію, стала неабходнасць тэрмінова высветліць фінансава-эканамічны стан ейных расійскіх маёнткаў, да таго ж, надышоў час аддаваць яе сына Марцаліма Чартарыйскага ў пажскі корпус.

Але Марцаліна за гэтымі знешнімі прычынамі выкліку бачыла сапраўдную. І прыняла разумнае рашэнне: накіравалася ў Санкт-Пецярбург адна, без мужа, які сваёй імпульсіўнасцю мог усё сапсаваць, і без сына, якога, як яна адчувала, хацелі гвалтоўна разлучыць з ёю.

У сталіцы імперыі праз сваіх добрых знаёмых яна адразу ж даведалася, у якія дзверы ёй трэба стукаць з просьбай аб дапамозе. Яна здолела замяць судовы разбор, што ледзь не ўспыхнуў, адсунуць час паступлення сына ў пажскі корпус і даволі выгадна пазбавіцца ад усіх сваіх маёнткаў на тэрыторыі Расійскай імперыі. Гэтак Марцаліна падрыхтавала сябе да эміграцыі.

Восенню 1852 года княгіня Чартарыйская вярнулася ў Парыж. Ёй ўдалося перавесці ўсё сваё багацце ў грошы, уратаваць і вывезці іх. Такім чынам эміграцыя для яе не была сінонімам галечы, як для некаторых іншых. У Парыжы яна стала адной з пастаянных наведвальніц салона “Гатэль Ламберт”. Яго ўтрымліваў сваяк Аляксандра Рамуальда — былы міністр і сябра расійскага імператара, цяпер апальны, Адам Чартарыйскі.

У салон прыходзілі прадстаўнікі літаратурных і артыстычных колаў Францыі. Тут бывалі віяланчэліст Агюст Франшом, кампазітар Шарль Гуно, спявачка Паліна Віярдо-Гарсія, мастак Эжэн Дэлакруа. У гэтай кампаніі Марцаліна пачала свае першыя дарослыя публічныя выступленні. Даход ад канцэртаў княгіні Чартарыйскай ішоў на патрэбы Польскага дабрачыннага таварыства. Канцэрты звычайна складаліся з твораў Шапэна: прапаганду ягонай музыкі Марцаліна лічыла справай гонару. Пасля поспеху ў Парыжы княгіня-піяністка выступала ў Лондане і Вене. Даходы ад ейных канцэртаў накіроўваліся на аказанне дапамогі эмігрантам-суайчыннікам ці на іншыя патрыятычныя мэты. Пра паланэзы, мазуркі, эцюды Шапэна ў выкананні Марцаліны казалі: “Гэта гарматы, схаваныя ў кветках”, — адзначаючы рэвалюцыйны характар яе імправізацыі.

У 1858 годзе княгіня Чартарыйская ўпершыню выступіла з канцэртам у Кракаве. Ён быў успрыняты аўдыторыяй як палітычная акцыя. Яшчэ большы патрыятычны ўздым выклікаў публічны канцэрт 19 студзеня 1859-га, які Марцаліна давала разам з артыстамі Нікадзімам Бярнацкім і Уладзіславам Зяленскім. І зноў, як адзінаццаць гадоў таму, аўстрыйскія ўлады выказваюць Марцаліне сваё незадавальненне ды вымушаюць пакінуць Кракаў…

На терыторыю былой Рэчы Паспалітай яшчэ раз княгіня трапляе толькі ў 1867-м. Спачатку — гастролі ў Львове, а праз два гады яна едзе ў Кракаў, дзе адкрывае літаратурна-музычны салон. І — працягвае прапагандаваць музыку Шапэна. Па ініцыятыве Марцаліны 19 сакавіка 1871-га ў Кракаве ў зале Саксонскай прайшла лекцыя графа Тарноўскага пра Шапэна з музычнымі ілюстрацыямі Чартарыйскай. Яна ж падрыхтавала два першыя канцэрты польскай музыкі, якія прайшлі ў Кракаве ў сакавіку і красавіку 1877 года. У праграму канцэртаў увайшлі творы кампазітараў М.Гамулкі, С.Манюшкі, І.Дабжынскага і Ф.Шапэна. 26 красавіка 1882-га Марцаліна выступіла ў патрыятычным канцэрце разам з кракаўскай артысткай Геленай Мадрзееўскай. Канцэрт выліўся ў палітычную маніфестацыю.

У 1886 годзе пайшоў з жыцця Аляксандр Рамуальд Чартарыйскі. Асабістае гора навучыла Марцаліну яшчэ больш востра спачуваць пакутам і няшчасцям іншых. Княгіня пачала займацца філантропіяй. На яе грошы былі пабудаваны шпіталь Святога Людвіка і Дом сёстраў міласэрнасці ў Кракаве, дзіцячы прытулак у Рабцах. Значныя грашовыя субсідыі вылучыла Марцаліна для Таварыства Святых Вінцэнта і Паўла, а таксама для Кракаўскага дома Святой Ядвігі — арганізацый, якія займаліся справамі міласэрнасці.

Памерла Марцаліна Чартарыйская ў 1894-м, перажыўшы мужа на восем гадоў. У апошні шлях яе праводзілі ўдзячныя вучні, якім у цяжкія часы дапамагала ейная матэрыяльная падтрымка…

Ірына МАСЛЯНІЦЫНА,

Мікола БАГАДЗЯЖ