А малюнкі — бы неба і зямля...

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Сяргей ДАНІЛАЎ, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 1999 года, ювелір, выкладчык Наваполацкай дзіцячай мастацкай школы
Хачу выказаць свае думкі наконт выкладання акадэмічнага малюнка ў дзіцячых мастацкіх школах. А праблемы тут ёсць. Тое, што ўзровень падрыхтоўкі па дадзеным прадмеце знізіўся, — адназначна. Праўда, мяркую па нашай школе, але, думаю, праблема — агульнага характару. У школьным фондзе яшчэ можна знайсці малюнкі навучэнцаў 1985 — 90-х гадоў. У 3 — 4 класах (пры чатырохгадовым навучанні) ужо малявалі партрэт жывога чалавека. Пра гіпсы ўвогуле казаць не выпадае. Дык вось, калі параўнаць работы вучняў трэцяга курса тых гадоў з сучаснымі, дык гэта — неба і зямля…

Гаворка — пра яўную дэградацыю, неразуменне канструкцыі, формы, святлаценевага разбору... Канешне ж, я абагульняю і крыху ўтрырую. Але — гэта факт. І прычын я бачу некалькі.

/i/content/pi/cult/446/9305/5-1.jpg

Стаўленне школы да заняткаў. У гады майго навучання (1986 — 1989) падыход быў больш сур’ёзны: уступныя іспыты і адбор лепшых, недапушчальнасць прагулаў і ненаведвання заняткаў, магчымасць адлічэння непаспяваючых. Цяпер гэтага няма. Бяром, як кажуць, усіх — для таго, каб зарабляць грошы. Адпаведны і погляд “скрозь пальцы” на наведвальнасць. Завышаюцца ацэнкі на праглядах, асабліва з увядзеннем дзесяцібальнай сістэмы. А гэта дае глебу для стварэння паказной бачнасці някепскага ўзроўню падрыхтоўкі. На першае месца ў школах часта ставяць удзел у максімальнай колькасці конкурсаў, работа — толькі на заваяванне грамат і дыпломаў. Навучальны працэс — на другім месцы. Гэта не можа не ўплываць на ўзровень падрыхтоўкі.

Педагагічны склад. Практыкуючых мастакоў сярод выкладчыкаў вельмі мала. Больш за тое: многія прыходзяць выкладаць, скончыўшы мастацкую навучальную ўстанову завочна. Пра завочнае навучанне казаць не буду, з ім, напэўна, і так усё зразумела. Чалавек можа навучыць іншых толькі таму, што ўмее сам... Таксама адсутнічаюць агульныя методыкі выкладання.

Прыярытэты. Яны змяніліся. Стаўленне да прафесіі мастака — зусім іншае. Рамантычнага складніка ўжо няма, а матэрыяльны не дае належнага стымулу як выкладчыкам, так і вучням. Выхавання ў маладым пакаленні працалюбства і цярплівасці таксама не назіраецца.

Спрошчанасць жыцця. Так, са з’яўленнем Інтэрнэту, камп’ютара ды іншых гаджэтаў жыццё рэальна спрасцілася. Інакш кажучы, зараз неабходнасць ва ўменні маляваць рукамі страчвае актуальнасць. Сам валодаю камп’ютарнай графікай і разумею, што, безумоўна ж, у большасці выпадкаў прасцей нешта стварыць з дапамогай машыны. Для вучняў гэта — спакуса больш лёгкага шляху. Ведаю асабіста некалькі дызайнераў, якія нідзе не вучыліся і аловак у руках трымаць не ўмеюць.

Каму гэта трэба? Так, усё часцей чую меркаванне, што ў сучасным свеце ды сучасным мастацтве выкладанне акадэмічнага малюнка, жывапісу і скульптуры ў тым выглядзе, як яно ёсць, ужо не патрэбнае. Маўляў, варта развіваць у маладых творчы пачатак, а рамяство ім не спатрэбіцца. Пытанне — вельмі сур’ёзнае і спрэчнае. Думаю, па гэтай частцы нам прыдаўся б вопыт Японіі: пры суперсучасным развіцці, захоўваецца ашчаднае стаўленне да традыцый, вывучэння таго, што, на першы погляд, ніколі не спатрэбіцца і што з поспехам можна замяніць новымі тэхналогіямі ды абсталяваннем. Парадаксальна, але менавіта такое стаўленне японцы лічаць неабходным для далейшага прафесійнага росту, для таго, каб чалавек застаўся асобай, мастаком, творцай, а не прагматычнай машынай.