Кардыяграма прэстыжу

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

"Белая вежа": імпульсы ды інтэрвалы
Тыдзень таму ў Брэсце скончыўся 18-ы Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. Ён сабраў 22 калектывы з 13 краін, у тым ліку Азербайджана, Арменіі, Егіпта, Ізраіля, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Чэхіі, Швецыі, Японіі. За восем фестывальных дзён адбылося ажно 17 майстар-класаў і, галоўнае, — 22 спектаклі (не толькі драматычныя, але і пластычныя, лялечныя, а таксама вулічныя). Яны паказваліся ажно на пяці пляцоўках, іх паглядзела больш як восем тысяч гледачоў. Жанравая палітра фестывальных паказаў была папраўдзе вельмі размаітай. Але гледачы ад гэтага зусім не разгубіліся: кожны знайшоў тое, што яму па душы. Тым больш, на некаторыя прагляды — вулічныя, на плошчы — білет не патрабаваўся. Дый залы, мяркуючы ўжо па хуткім продажы білетаў, не пуставалі.

Спектаклі ацэньвалі не проста члены журы, а тры розныя Рады: экспертаў, крытыкаў і СМІ. Прычым кожная групоўка шукала пераможцаў у сваіх намінацыях. Гран-пры, які размяркоўвалі эксперты, паехаў у Вільнюс: ім быў адзначаны спектакль “Лэдзі Макбет” Літоўскага маладзёжнага тэатра ў пастаноўцы Альгірдаса Латэнаса. Лепшым спектаклем малой формы і адначасова адным з пераможцаў у намінацыі “Выбар гледачоў” была прызнана знакамітая, неаднойчы ўшанаваная “Пікавая дама”, пастаўленая Алегам Жугждам у Гродзенскім абласным тэатры лялек. У намінацыі “Лепшы тэатральны эксперымент”, за якую адказвалі СМІ, перамог спектакль “Партрэты польскіх каралёў” Старога нацыянальнага тэатра імя Хелены Маджэеўскай з Кракава. Акцёрскія прызы — за лепшыя жаночую і мужчынскую ролі — “дзяліла” паміж удзельнікамі Рада крытыкаў. Іх уладальнікамі сталі расіяне: Вольга Бялінская за ролю Маці забойцы (спектакль “Антыцелы”) і Канстанцін Мішын за ролю Мцыры зрынутага (спектакль “Мцыры”). Спецыяльным дыпломам МТС “За сумяшчэнне драматычнага і харэаграфічнага мастацтваў” былі ўзнагароджаны рэжысёр і харэограф Міры Лазар і яго “аўтарскі” Тэатр танца з Тэль-Авіва — за спектакль “Палароід”.

/i/content/pi/cult/446/9303/7-1.jpeg

Але што хаваецца за гэтай спрэс пераможнай статыстыкай? З пытаннямі пра фестывальныя ўражанні мы звярнуліся да трох беларускіх прадстаўнікоў Рады крытыкаў, якія маюць розны “стаж удзелу” ў “Белай вежы”. Людміла ГРАМЫКА — сапраўдны заўсёднік гэтага тэатральнага форуму. Алена ЛІЁПА прыязджала на некалькі першых фестываляў і была запрошана на цяперашні. А Дзяніс МАРЦІНОВІЧ аказаўся на “Белай вежы” ўпершыню.

 

З пункта гледжання прысутнасці...

Людміла ГРАМЫКА: — Сёлета арганізатары аб’явілі, што змяняюць фармат фестывалю. І сапраўды: змены датычыліся не толькі самой праграмы, але і падбору спектакляў, спосабу размеркавання прызоў. Адзін з акцэнтаў быў зроблены на спектаклях, якія былі адзначаны на Нацыянальнай тэатральнай прэміі. На жаль, змаглі прыехаць не ўсе спектаклі, якія арганізатары хацелі бачыць. Але і гродзенская лялечная “Пікавая дама”, і “Аднакласнікі” Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра ў агульным фестывальным кантэксце выглядалі вельмі годна. Цікавасць выклікала сама гісторыя, выкладзеная ў п’есе Юліі Чарняўскай. І хаця п’еса сабрала шмат заўваг крытыкаў за меладраматычныя сюжэтныя хады, гледачам такое “серыяльнае” адценне прышлося даспадобы. Як прызнаўся дырэктар Магілёўскага тэатра, з распаўсюджваннем білетаў на гэты спектакль ніколі няма праблем. Ну а згаданая “Пікавая дама” ўвогуле прасякнута неверагодным абаяннем! Праўда, з цягам часу ў гэтым спектаклі становіцца заўважны гэткі “налёт паспяховасці”. І рэжысёру Алегу Жугжду трэба быць пільным, бо акцёры паступова прызвычайваюцца да таго, што спектакль паўсюль, дзе ні з’явіўся б, збірае прызы ды атрымлівае глядацкае прызнанне. І з-за гэтага са спектакля можа знікнуць адчуванне, што ўсё адбываецца “ўпершыню”, з тым жа натхненнем ды непасрэднасцю. А пастаноўка і сапраўды скарае мастацкай прастатой, дакладнасцю прыёмаў, выкшталцонасцю рэжысёрскіх знаходак, яднаннем свету паэзіі з музыкай, цудоўна акрэсленым сюжэтам і, зразумела, цудоўнымі марыянеткамі. Адным словам, абодва гэтыя спектаклі пацвердзілі: наша Нацыянальная прэмія ішла, што называецца, правільным шляхам і адзначыла папраўдзе лепшае.

Вылучыліся ў фестывалі і такія яго ўнутраныя рэчышчы, як спектаклі вулічныя, дзіцячыя, эксперыментальныя (тыя ж “Антыцелы”, “Ураджай”) ды, вядома, спектаклі маштабныя, дзе выкарыстаны, у тым ліку, найноўшыя тэхналагічныя дасягненні (“Партрэты польскіх каралёў”), шырока разгортваецца сцэнаграфія, якая ўжо сама па сабе стварае яркае ўражанне і фарміруе тэатральныя думкі (“Лэдзі Макбет”). Сёння глядач пачынае адвыкаць ад напружанай інтэлектуальнай працы. А калі гэта спалучаецца з эмацыйнымі перажываннямі, выкліканымі драматычнымі і тым больш трагічнымі калізіямі, дык ад публікі патрабуецца яшчэ больш і ўдумлівай працы, і расходу душэўных сіл. Тым не менш, “Лэдзі Макбет” была ўспрынята гледачамі з разуменнем і ўдзячнасцю. Шмат пра што казалі і працяглыя авацыі — размераныя, пастаянныя, быццам гэтак жа напоўненыя думкамі, як і вочы людзей, якія прыйшлі на гэты спектакль. Думаю, ніхто не расчараваўся, і спектакль справядліва атрымаў Гран-пры, бо ён узнімаецца над астатнімі. Спектаклям у тэхніцы “verbatim”, што таксама звяртаюцца да актуальных тэм і здольныя закрануць гэтым гледача (маю на ўвазе “Антыцелы”), цяжка супернічаць з падобнымі пастаноўкамі без такой жа глыбокай мастацкай распрацоўкі.

Яшчэ адным з самых моцных па ўражаннях стаўся спектакль “Партрэты польскіх каралёў” — глыбокі па сутнасці і нязвыклы па форме падачы матэрыялу. Акцёры там іграюць — па ўсім тэатры: у грымёрках, закуліссі, падвале. Усё гэта здымаецца шаснаццаццю камерамі і транслюецца на вялізны экран, які займае ўсю сцэну. Уражвае выдатная акцёрская ігра: любая эмоцыя, што “выкладалася” праз экран, вытрымлівала павелічэнне ў сотні разоў — і пры гэтым заставалася натуральнай, без ценю фальшу. Я ніколі нічога падобнага не бачыла! Але нават калі дзесьці і было б зроблена штосьці падобнае, дык наўрад ці знайшліся б такія артысты, здольныя данесці гэта на такім узроўні. У аснову спектакля былі пакладзены тэксты чатырох аўтараў, дадавалася і шмат таго, што нараджалася імправізацыйна, на рэпетыцыях, а потым замацоўвалася. Дый уражвала само гэтае існаванне “тут і зараз”. Да гэтага ж трэба было не толькі дадумацца, а яшчэ і ўвасобіць! Па той колькасці рэжысёрскіх ідэй, якія там не паўтараюцца, а ўзнікаюць адна за адной, з хуткасцю снежнага камяка, што ляціць з гары, гэты спектакль апярэджваў усе астатнія — і справядліва перамог у намінацыі “Лепшы тэатральны эксперымент”. Асабліва прыемна, што гэта было рашэнне Рады СМІ, якая складалася пераважна з брэсцкіх журналістаў, што несумненна сведчыць пра іхнюю дасведчанасць у тэатральным мастацтве, уменне адэкватна адгукнуцца на нешта новае.

Зрэшты, сумневы выклікаў толькі спектакль “Гамлет. Кропка G” маскоўскага “Тэатра Месяца” — і з пункта гледжання прысутнасці ў праграме, і з пункта гледжання звычайнага густу…

 

Наспеў час удакладніць...

Алена ЛІЁПА: — Цяперашні фестываль прадэманстраваў якасны зрух у паказе так званых сталічных спектакляў, прывезеных з Масквы, Санкт-Пецярбурга. Раней гэтая галіна “кульгала” пераважна з-за фінансавых праблем. Адпаведна, адтуль прывозіліся далёка не лепшыя, часта адкрыта другасныя пастаноўкі, на фоне якіх можна было “пахваліцца” і нашымі, незалежна ад іх якасці: маўляў, нашы не толькі не горшыя за маскоўскія, а дзесьці яшчэ і лепшыя. Гэтым разам да расійскіх спектакляў можна было ставіцца па-рознаму: камусьці — падабалася, камусьці — можа, і не. Але не прызнаць іх высокі ўзровень было немагчыма.

Беларуская праграма была заяўлена даволі шырока — у такой колькасці айчынных пастановак можна было б і “патануць”, каб не “выратавальныя кругі” тых папраўдзе добрых спектакляў, што былі туды ўключаны. Таму калі раней беларускі бок фестывалю быў часам даволі сціплы, дык зараз нам папраўдзе было чым ганарыцца. Але… Асабіста ў мяне засталося пытанне: ну колькі можна, што называецца, закрываць амбразуру “Пікавай дамай”? Спектакль гэты — папраўдзе бездакорны, высокіх ацэнак, узнёслых эпітэтаў і гарачых апладысментаў для яго ніхто ніколі не шкадуе. Але трэба ўжо і задумацца: што далей? Тэатр, як і ўсялякая мастацкая з’ява, павінен увесь час імкнуцца да новых гарызонтаў, не супакойвацца на лаўрах ужо дасягнутага.

Былі на фестывалі і вельмі складаныя спектаклі — тыя ж “Антыцелы”. А “Партрэты польскіх каралёў” увогуле прадэманстравалі, што мы ад такіх тэхналагічных “выкрунтасаў” і, шырэй, ад такога ўзроўню ідэй адстаём не менш як на паўстагоддзя (праўда, у гэтым спектаклі ўсё роўна хацелася ўбачыць артыстаў не адно на экране, але і “жыўцом”). Разам з тым, дзякуючы гэтым спектаклям ды некаторым іншым, дзе ўсё таксама было моцна “завязана” на зладжанасці тэатральных службаў, можна было ацаніць работу “байцоў нябачнага фронту”. І — парадавацца за тое, што Брэсцкі тэатр і, галоўнае, яго супрацоўнікі адпавядаюць усім патрабаванням нашых гасцей. Сапраўды, падрыхтоўчыя работы да кожнага спектакля вяліся практычна без перапынку, удзень і ўночы. Пецярбуржцы прызнаваліся ў кулуарах, што ў Брэсце ім было куды прасцей вырашыць разнастайныя тэхнічныя пытанні, чым нават у Фінляндыі…

Наспеў час “удакладніць” фінансаванне “Белай вежы”. Мінулі тыя гады, калі калектывы літаральна змагаліся за ўдзел у фестывалях, калі паехаць на такі форум было справай гонару ды прэстыжу. Сёння лепшыя спектаклі ездзяць па ўсім свеце — і на вельмі добрых фінансавых умовах. Больш за тое: многія замежныя калектывы зарабляюць грошы менавіта фестывальнымі ганарарамі. І каб “Белая вежа” была і надалей такой жа прэстыжнай для лепшых тэатраў свету ды магла запрашаць спектаклі папраўдзе высокага прафесійнага ўзроўню, трэба шукаць спонсараў.

Падводзячы вынікі, дадам, што “кардыяграма” сёлетняга фестывалю была дастаткова роўнай, а добра гэта ці дрэнна — як кажуць, пабачым. Ну а як прадстаўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі дадам таксама тое, што наш спектакль “Бегчы з Эльсінора, або Гамлет навыварат” , здаецца, даволі фестывальны варыянт відовішча і глядзеўся б на “Белай вежы” куды лепш за “Гамлет. Кропка G” Маскоўскага “Тэатра Месяца”…

 

Адчуць сябе еўрапейцамі...

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ: — На гэтым фестывалі я прысутнічаў упершыню, але раней мне даводзілася бываць на іншых, прычым не толькі на тых, што праводзяцца ў Беларусі. На “Белай вежы” мяне вельмі ўразіла сама па сабе шырокая панарама тэатральнага мастацтва — што называецца, з усяго свету, а не адно з Еўропы і Расіі, як здараецца куды часцей. Паглядзеўшы тое, што ставяць у Закаўказзі, Азіі, нават у Афрыцы і Японіі, немагчыма было, зразумела, скласці поўнае ўражанне аб тамтэйшым тэатральным мастацтве. Але нават такія асобныя дакрананні да іншых культур дапамагаюць нам, беларусам, яшчэ больш адчуць сябе еўрапейцамі, на якіх паўплывала і Расія. Так што такое пашырэнне кругагляду заўсёды бывае карысным, нават калі ўзровень спектакляў вельмі розны. Асабіста мяне больш за ўсё ўразілі “Антыцелы” і “Партрэты польскіх каралёў” — гэта быў сапраўдны цуд! Дый ад “Пікавай дамы”, колькі б яе ні глядзеў, заўсёды атрымліваеш непараўнальнае задавальненне! Калі фестываль дае магчымасць убачыць такія папраўдзе зорныя спектаклі, нельга не парадавацца — у тым ліку, за сам фестываль!..

Фота Вольгі КЛІМУК

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"