“20 гадоў пасля перамогі”

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Выпадковая сустрэча
“Думкі, якія маюць велізарныя наступствы, — заўсёды простыя...” Гэтыя словы належаць Льву Талстому. Думка не новая — гісторыкі шукаюць яе вытокі ў старажытнасці. А ажыццяўленне думак і ёсць наша жыццё.

У 1989 годзе Косця Юданаў суправаджаў групу галандскіх мастакоў на Байкал, у Бурацію. Юданаў, жыхар Беларусі, падумаў, што прырода Бураціі больш прыдатная для аздараўлення дзяцей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы, чым паездкі на Захад. І не памыліўся. Эканамісты падлічылі, што на лячэнне аднаго дзіцяці ў Еўропе затрачваецца сума, на якую 60 дзяцей могуць наведаць Бурацію.

Пару нумароў таму “К” распавяла пра сустрэчу з Жаннай Марыяй Дрысен, якая стаіць ля вытокаў акцыі “Байкал — дзецям”. Адбылося тое выпадковае знаёмства проста на прыступках Дома-музея І З’езда РСДРП. У 1990 годзе ў Амстэрдаме пры ўдзеле спадарыні Дрысен быў праведзены аўкцыён дзіцячых малюнкаў. На выручаныя сродкі першая група дзяцей з Лельчыцкага, Пінскага раёнаў і з Мінска — усяго 84 чалавекі ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў — адправілася на Байкал.

/i/content/pi/cult/445/9299/14-3.jpeg

Суправаджалі групу сужэнцы Барушкі, Вадзім і Наталля, і, вядома ж, сама Жанна Марыя Дрысен.

— Гэта была казачная паездка! — успамінае Наталля Барушка. — Дзеці атрымалі комплекс працэдур тыбецкай медыцыны (біяэнергетычны масаж, іголкаўколванне, мануальную тэрапію) і асабліва — шмат асабістай увагі…

Адзін эпізод запомніўся надоўга. Наш аўтобус па дарозе ва Улан-Удэ зламаўся, мы чакалі падмогі. У гэты час спыніўся картэж з сямі машын, і з галоўнай машыны (гэта была “Чайка”) выйшаў чалавек у чырвоным манаскім убранні. Гэта быў Далай-лама XIV. Ён падышоў да нас і, даведаўшыся аб праблеме, зрабіў знак тым, хто яго суправаджаў, а сярод іх былі кіраўнікі Бураціі. Атрымаўшы блаславенне Далай-ламы, мы неўзабаве займелі спраўны аўтобус і прадоўжылі падарожжа…

Сярод дзяцей, якія наведалі Байкал у 1991 годзе, быў Аляксей Агеенка (на здымку). Цяпер ён — вядучы аператар тэлекампаніі “Мір”.

 

/i/content/pi/cult/445/9299/14-4.jpeg

— Мне было дзесяць гадоў. Такая далёкая паездка была для мяне першай і, можа быць, колькасць уражанняў ад падарожжа вызначыла выбар прафесіі…

Спадарыня Дрысен паказала фотаальбом, які яна выпусціла дваццаць гадоў таму.

— Хачу выдаць новы альбом. Не ведаю, як яго назаву. Можа быць, “20 гадоў пасля перамогі”. Мае сустрэчы з дзецьмі я апісваю ў кароткіх апавяданнях, суправаджаючы іх фатаграфіямі…

Жанна Марыя Дрысен — доктар філасофіі і літаратуры. Ейныя працы ў даследаванні гуманітарнага выхавання і гуманітарнай дапамогі заслугоўваюць увагі сучаснікаў.

На здымках: Жанна Марыя Дрысен з фота дваццацігадовай даўніны; Жанна Марыя з Аляксеем Агеенкам і Наталляй Барушка.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф