Чаму б не аб'яднацца на адным сайце?

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Мікалай ЗАБАЎСКІ, дырэктар Вяззеўскага сельскага дома культуры Асіповіцкага раёна, прызнанага лепшай клубнай установай аграгарадка ў 2012-м

/i/content/pi/cult/445/9297/13-4.jpeg

1. Агульны доступ

Чаму б усе культурныя ўстановы краіны не аб’яднаць адзіным сайтам, ці яшчэ неяк, у тых жа сацыяльных сетках, каб мець агульны доступ да культурных навін, фільмаў, канцэртаў, фестываляў па ўсёй Беларусі? Уявіце, як добра было б, каб недзе ў адным месцы знаходзіўся б увесь гэты медыйны кантэнт! Ведаю, у Міністэрства культуры Расіі зараз ёсць падобная старонка — там выкладзены канцэртныя праграмы, усе справаздачы. Палову ж з таго, што адбываецца ў нашых рэгіёнах, няма дзе паглядзець. Проста, гэтым камусьці трэба займацца…

 

2. Музычнае сховішча

Добра, калі інфармацыя сканцэнтравана ў адным месцы. Дарэчы, у Сеціве можна знайсці вынікі такой плённай працы. Напрыклад, ранейшы блог Якава Навуменкі, светлая яму памяць. Артыст распачаў вялікую работу: за два-тры месяцы здолеў сабраць на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы каля тысячы песень беларускіх выканаўцаў. Рабіў ён гэта з мэтай пазнаёміць усіх з выдатнай айчыннай музыкай. Там практычна анталогія нашай эстрады! Як шмат адзін чалавек зрабіў за такі кароткі тэрмін!..

 

3. Праца

У паўсядзённай працы без Інтэрнэту, зразумела, немагчыма: нешта патрэбна знайсці, нешта адаслаць… Дарэчы, ноты рабіць у Сеціве лягчэй. Напрыклад, калі мне патрэбна пэўная партытура для аркестра, я на спецыяльным сайце магу падбіраць да яе ноты ў рэжыме он-лайн…

 

4. Вызначаем густы

Інтэрнэт дапамагае нашаму Дому культуры яшчэ і ў забаўляльным аспекце. Напрыклад, праз сацыяльныя сеткі вызначаем музычныя перавагі нашых наведвальнікаў ды робім дыскатэкі па заяўках. Тое ж датычыцца і паказу мастацкіх фільмаў. Акрамя таго, апавяшчаем людзей аб навінах ды мерапрыемствах…

 

5. Супраца

Кантактуем праз сацыяльныя сеткі не толькі з беларускімі дамамі культуры, але і з расійскімі. Перапісваемся, дапамагаем адно аднаму, раімся. Ёсць сябры ў Гомельскай, Віцебскай, Мінскай абласцях. Праз Сеціва збіраем розныя матэрыялы, абмяркоўваем, абменьваемся спасылкамі, нотамі, фанаграмамі. А бывае, і песні ствараем разам. Напрыклад, ёсць некалькі куплетаў, але недаробленых, дык можам аб’явіць конкурс на стварэнне новых. Атрымліваецца, так бы мовіць, народная, створаная агульнымі намаганнямі, песня, якую запісваем на гатовую фанаграму, а потым абмяркоўваем вынік…

Занатавала Вольга НАВІЦКАЯ

Фота Кастуся АНТАНОВІЧА