Характар штодзённага

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Надзея ЖУК, Кобрынскі райвыканкам
“К” вырашыла звярнуцца да кожнага начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, каб высветліць, у якіх генеральных кірунках збіраецца дзейнічаць нядаўна пераструктураваная райвыканкамаўская адзінка. Кагосьці з кіраўнікоў мы даўно і плённа ведаем, хтосьці толькі прыглядаецца да новай дзялянкі працы… “К” працягвае знаёміцца не толькі з кадрамі, але і з іх прыярытэтамі развіцця рэгіянальнай культуры.

/i/content/pi/cult/445/9295/12-4.jpeg

— Пачну з выключна важнага, на мой погляд, моманту нашай штодзённай дзейнасці: з ідэалогіі. Яна — у нашых традыцыях, мове, мастацтве. Культура — тая субстанцыя, што грэе душу. А мы працуем для людзей і павінны зрабіць усё, каб ім было ўтульна ў нашай дзяржаве. І менавіта для гэтага неабходна ўсяляк развіваць інфраструктуру рэгіёнаў, удасканальваць сетку сацыяльных інстытутаў у аграгарадках: школ, крам, клубаў, бібліятэк…

Кожная вёска — асяродак традыцыі, культуры, адмысловай гаворкі і народнай мудрасці, на якой трымаецца наша жыццё. Захаваць такую вёску — таксама ідэалогія. Мы цяпер масава праводзім святы вёсак, ушаноўваем людзей працы, шматдзетныя сем’і, юбіляраў. Выкарыстоўваем для гэтага найлепшыя творчыя сілы.

Рыхтуемся да Дзён еўрапейскай спадчыны, што пройдуць 26 — 28 верасня. З нагоды 20-годдзя ратыфікацыі Еўрапейскай культурнай канвенцыі запланавалі акцыю “Беларусь самабытная”, прысвечаную нашай нематэрыяльнай культурнай спадчыне.

Экспарт народнага мастацтва Кобрыншчыны за мяжу — таксама ідэалогія. І ў тым, што беларускія суполкі ў Польшчы з поспехам спяваюць нашы песні, — доказ жыццяздольнасці стасункаў такога роду. Мы пастаянна ездзім з гастролямі за мяжу, а нашы сябры — з творчым прывітаннем да нас. Культура лучыць, выхоўвае і стварае нам станоўчы імідж…

Не так даўно правялі традыцыйны маладзёжны форум. Як і штогод, ля аквапарку сабраліся аматары альтэрнатыўнага мастацтва. Форум называецца “Вольны рух” і аб’ядноўвае графіцістаў, паркурыстаў, брэйк-дансераў, прадстаўнікоў іншых відаў маладзёжнай субкультуры. За апошні час мерапрыемства набыло рэгіянальны характар, прыцягнула ўвагу юнакоў і дзяўчат з іншых рэгіёнаў… Карацей, калі такое мастацтва спрыяе спартыўнай загартоўцы, калі яно запатрабавана сярод маладых, дык убаку мы ніяк не застанёмся. “Вольнаму руху” — жыць і развівацца!..

Вось такія прыярытэты дзейнасці нашага аддзела на мяжы лета і восені. І яшчэ раз падкрэслю: развіваецца нацыянальная культура — мацуецца свядомасць беларускага народа.