Майстар-клас дырэктара музея

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Камерцыйная разваротлівасць і сенсарныя экраны
У гэтым доме паэт правёў дзіцячыя гады. Бацькоўская хаціна гарэла, была ўзноўлена на старым падмурку і сагрэта сэрцамі мясцовых музейшчыкаў...

Мікалай ГАЙБА — восьмы дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча, што поруч з мясцовым замкам, пакручастымі вуліцамі ды старасвецкай архітэктурай будынкаў і храмаў пераўтварае Навагрудак у непаўторную музейную прастору. Не ўсё з інфраструктуры даведзена да ладу, і статус “горад-музей” пакуль не мае афіцыйнага падмацавання, але неаспрэчна адно: Музей Міцкевіча — адна з наведваемых культурных устаноў раённага цэнтра...

/i/content/pi/cult/445/9294/12-1.jpeg

— Мікалай Паўлавіч, што павінен умець сённяшні дырэктар музейнай установы?

— Быць гаспадаром. На яго і падначаленыя глядзяць, і кіраўніцтва, і насельніцтва. Тут адной навуковай эрудыцыі, напэўна, мала. Трэба нешта і сваімі рукамі рабіць, бо штаты ў раённых установах — невялікія… А мы ў цэнтры горада працуем, значыць — навідавоку. Таму гаспадарчым спосабам імкнёмся падтрымліваць сваю ўстанову ў належным стане. Санвузлы давялі да ладу. Але чарговы галаўны боль — састарэлыя камунікацыі. Апошні капітальны рамонт праводзіўся ў музеі больш за двацацць гадоў таму… Так што даводзіцца сумяшчаць абавязкі музейшчыка і гаспадарніка.

— Музей мае немалы падворак. Наколькі ўдалося яго “ажывіць”?

— Так, у нас тут і альтанка ёсць, і клець. У першай ужо заключаюцца шлюбы. У другой мяркуем размясціць этнаграфічную экспазіцыю. Тут з’явяцца архаічныя побытавыя рэчы часу міцкевічаўскага дзяцінства. Частка іх, як вы ведаеце, прэзентуецца на вароўні, у падвальным памяшканні музейнага будынка... Натуральна, хочацца, каб усё гэта жыло і дыхала. Музейныя заняткі для школьнікаў мы вядзём даўно. Але ёсць жаданне ўключыць у музейную дзею і наш падворак, дзе месца знойдзецца і майстрам-рамеснікам з узорамі іх народнага мастацтва. А такая паслуга, як фотасесія, у нас дзейнічае ўжо не адзін год.

— З чым атаясамліваеце сваю ўстанову? З прыязным сябрам, з самім Міцкевічам ці са строгім мемарыялам, да якога без піетэту і не падысці?

— У назве прысутнічае слова “дом”. Гэта вымагае ад навагрудскай установы двайной, трайной адказнасці... Дый і сама наша экспазіцыя падпарадкавана строгім побытавым законам беларускага жытла. А яно павінна быць прыязным, цёплым, утульным, зручным, гасцінным. Якімі б доўгімі ні былі вандроўкі, усе яны заканчваюцца вяртаннем дадому... Словам, стаўленне да музея — як да рэчы і з’явы сакральнай. Дом — не як будыніна, а як выток жыцця, як пачатак здзяйснення самых неверагодных мар...

/i/content/pi/cult/445/9294/12-2.jpeg

— Што, і дамавік у вас ёсць?

— А як жа! Прынамсі, начныя вартаўнікі пра гэта сцвярджаюць без жартаў…

— З 2007 года ўстанова стала юрыдычнай асобай. Ці шмат клопату ў вашага галоўнага бухгалтара? І ці рэальна казаць пра перспектыўную самаакупнасць Дома-музея? Або на гэта здольныя толькі прыватныя ўтварэнні?

— Я ўсё ж лічу, што музей, створаны дзяржавай, павінен дзяржаўнай уласнасцю і заставацца. Аднак гэта не азначае, што камерцыйная разваротлівасць музейшчыку толькі замінае. Наша ўстанова мае чатырнаццаць працэнтаў самаакупнасці. Гэта — удвая вышэй за сярэдні абласны паказчык сярод устаноў культуры... Самаакупнасць, пагадзіцеся, патрабуе рашучага змянення нашай стратэгіі і тактыкі. Да прыкладу, у разы павялічыла б музейныя прыбыткі кавярня, але вольных памяшканняў для яе ўладкавання няма...

— Асноўныя прыбыткі — ад продажу білетаў?

— Безумоўна. Для дарослых ён каштуе 12 тысяч рублёў. А за год Дом-музей Міцкевіча наведвае ў сярэднім 22 тысячы чалавек... Але збольшага гэтыя грошы ідуць не толькі на далейшае развіццё нашай гаспадаркі, а і на ўтрыманне будынка, заахвочванне супрацоўнікаў. Летась пазабюджэт дасягнуў 95 мільёнаў рублёў.

— Колькі замежнікаў сярод наведвальнікаў?

— Кожны шосты. Вы ж ведаеце, што экскурсіі мы ладзім на беларускай, англійскай, польскай, рускай мовах.

— Ці адбіваецца замежны ўплыў на папаўненні экспазіцый?

— Канешне. Да прыкладу, у нас нядаўна з’явіўся “Пан Тадэвуш” на кашубскай мове. А ўсяго маем 15 перакладаў паэмы Міцкевіча, у тым ліку і на азербайджанскай — гэта падарунак ад тамтэйшай моладзі.

— Сакральнасць сакральнасцю, але інтэр’ерам Дома не пашкодзяць, відаць, і навінкі інфармацыйных тэхналогій, без якіх любы замежны музей цяпер немагчыма і ўявіць?

— Днямі мне давялося наведаць шэсць польскіх гарадоў і пятнаццаць тамтэйшых музеяў. Практычна ва ўсіх працуюць інтэрактыўныя сенсарныя экраны... Мы таксама думаем пра тое, каб у кожнай нашай зале дзейнічалі гэткія ж, каб можна было, націснуўшы, і фільм паглядзець, і музыку паслухаць... Дарэчы, пасля экскурсій часта развітваемся з гасцямі невялічкім салонным канцэртам, які ладзяць для нас музыканты горада. Але ж гэта не азначае, што ў сучаснай тэхніцы патрэбы мы не маем.

— Колькі такая камп’ютарная раскоша будзе каштаваць?

— Ад 15 мільёнаў рублёў.

— Мікалай Паўлавіч, а спонсары ў вас ёсць?

— Я хацеў бы аддзячыць нашаму будаўніча-мантажнаму ўпраўленню, лясгасу, сельскагаспадарчаму ліцэю, школе № 1... Гэтыя арганізацыі шмат рабілі і робяць па добраўпарадкаванні нашай тэрыторыі.

— У вас ёсць юрыдычныя правы на назву “Дом-музей Адама Міцкевіча”?

— Ёсць дамова з майстрамі-сувеніршчыкамі, каб частку сваіх твораў з такім надпісам яны рэалізоўвалі менавіта ў нашым музеі. Вялікіх прыбыткаў ад гэтага не займеем ні мы, ні яны...

— Якой бачыцца бліжэйшая музейная перспектыва?

— Пра неабходнасць капітальнага рамонту я ўжо казаў. Другі кірунак — больш творчы. Адна студэнтка мінскай ВНУ праходзіць у нас пераддыпломную практыку і рыхтуецца да абароны праекта “Добраўпарадкаванне тэрыторыі Дома-музея Адама Міцкевіча”. З яе дапамогай мяркуем якасна змяніць ландшафт нашага падворка.

— І апошняе. Некалькі гадоў таму мы былі з вамі на Свіцязі, бачылі закінуты рэстаран на ўзбярэжжы. Што змянілася з таго часу?

— Там будуецца буйны туркомплекс з самым шырокім спектрам паслуг. Думаем, што месца там знойдзецца і для нашай экспазіцыі…

Фота Юрыя ІВАНОВА і з архіва суразмоўцы

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"