З чаго ўсё пачынаецца?

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

З чаго пачынаецца бібліятэчная справа? З людзей, якія ёй служылі і служаць. Бібліятэкар — праваднік у свет ведаў ды прыгажосці. Гэта ён адкрывае і здабывае слова, гэта да яго прыходзяць людзі са сваім радасным ці набалелым. Такая прафесія. Час патрабуе ад нас прафесіяналізму ды аўтарытэту, а людзі — чалавечнасці і паважлівых адносін.

У 2009-м у Смаргоні ладзіўся Дзень пісьменства. Мы сустракаліся з пісьменнікамі, паэтамі, журналістамі, выдаўцамі. Свята паўплывала і на дзейнасць бібліятэк Смаргонскай ЦБС. Сталася традыцыяй запрашаць у бібліятэкі літаратараў, пісьменнікаў, музыкантаў, знакамітых людзей краіны, горада ды раёна.

Адбылося спатканне з нашым земляком, пісьменнікам і публіцыстам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Аркадзем Жураўлёвым. Чытачы дакрануліся да беларускага слова, паслухалі абразкі, навелы, пейзажныя замалёўкі. Сустрэчу з беларускімі літаратарамі Віктарам Шніпам і Людмілай Рублеўскай “Праз душу, праз вершы, праз Сусвет” правялі для сваіх чытачоў супрацоўнікі РЦБ. А ў рамках Фестывалю праваслаўнай культуры “Кладезь” у РЦБ прайшлі дзве сустрэчы з дзіцячай пісьменніцай Таццянай Дашкевіч.

У Войстаме адбылася сустрэча з Генадзем Пашковым і групай мінскіх літаратараў, у Солах ладзіўся вечар-партрэт, прысвечаны мясцоваму паэту і публіцысту Мар’яну Дуксу.

“Там, дзе Беларусь мая, там і я” — пад такой назвай працавала Літаратурная гасцёўня з удзелам Міхася Пазнякова. Адбыліся сустрэчы з літаратарамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным, са скульптарам Уладзімірам Церабуном.

Летась у рамках Года кнігі нашы бібліятэкі прынялі ўдзел у Абласным літаратурным конкурсе да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Маладыя аўтары прадставілі вершы, эсэ, водгукі на творы. Як вынік — з’явіўся буклет “Песнярам роднай зямлі…”.

Святам Дня бібліятэк стала падвядзенне вынікаў раённага конкурсу на лепшае літаратурнае віншаванне “Праздника хотят все”. Бібліятэкары парадавалі наведвальнікаў сваімі выступленнямі: гумарам, вершамі, песнямі, інсцэніроўкамі.

На пачатку ж гэтага года быў аб’яўлены конкурс “Суперчытач-2013”, падвядзенне вынікаў якога прымеркавана да Дня бібліятэк.

Таццяна КАМАРОЎСКАЯ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Смаргонскай ЦБС