У 2009-м у Смаргоні ладзіўся Дзень пісьменства. Мы сустракаліся з пісьменнікамі, паэтамі, журналістамі, выдаўцамі. Свята паўплывала і на дзейнасць бібліятэк Смаргонскай ЦБС. Сталася традыцыяй запрашаць у бібліятэкі літаратараў, пісьменнікаў, музыкантаў, знакамітых людзей краіны, горада ды раёна.
Адбылося спатканне з нашым земляком, пісьменнікам і публіцыстам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Аркадзем Жураўлёвым. Чытачы дакрануліся да беларускага слова, паслухалі абразкі, навелы, пейзажныя замалёўкі. Сустрэчу з беларускімі літаратарамі Віктарам Шніпам і Людмілай Рублеўскай “Праз душу, праз вершы, праз Сусвет” правялі для сваіх чытачоў супрацоўнікі РЦБ. А ў рамках Фестывалю праваслаўнай культуры “Кладезь” у РЦБ прайшлі дзве сустрэчы з дзіцячай пісьменніцай Таццянай Дашкевіч.
У Войстаме адбылася сустрэча з Генадзем Пашковым і групай мінскіх літаратараў, у Солах ладзіўся вечар-партрэт, прысвечаны мясцоваму паэту і публіцысту Мар’яну Дуксу.
“Там, дзе Беларусь мая, там і я” — пад такой назвай працавала Літаратурная гасцёўня з удзелам Міхася Пазнякова. Адбыліся сустрэчы з літаратарамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным, са скульптарам Уладзімірам Церабуном.
Летась у рамках Года кнігі нашы бібліятэкі прынялі ўдзел у Абласным літаратурным конкурсе да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Маладыя аўтары прадставілі вершы, эсэ, водгукі на творы. Як вынік — з’явіўся буклет “Песнярам роднай зямлі…”.
Святам Дня бібліятэк стала падвядзенне вынікаў раённага конкурсу на лепшае літаратурнае віншаванне “Праздника хотят все”. Бібліятэкары парадавалі наведвальнікаў сваімі выступленнямі: гумарам, вершамі, песнямі, інсцэніроўкамі.
На пачатку ж гэтага года быў аб’яўлены конкурс “Суперчытач-2013”, падвядзенне вынікаў якога прымеркавана да Дня бібліятэк.
Таццяна КАМАРОЎСКАЯ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Смаргонскай ЦБС