Чым ганарыцца Мінск?

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Мастыхін: 14 верасня — Дзень горада ў сталіцы
Да Дня горада Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падрыхтаваў мастацкую выстаўку “Мінск — ведаць, помніць, ганарыцца”. Яна прысвечана падзеям амаль 70-гадовай даўніны: вызваленню Мінска ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

/i/content/pi/cult/445/9287/9-8.jpeg

Экспазіцыю складаюць творы мастакоў ваеннага пакалення, для якіх гэтая гістарычная дата яшчэ і факт уласнай біяграфіі. Некаторым з іх давялося занатаваць алоўкам ды пэндзлем жахі акупацыі, іншыя ўбачылі зруйнаваны горад пасля вызвалення… Зробленыя з натуры замалёўкі сталі асновай для будучых жывапісных палотнаў, у якіх увасобіліся гераізм ды мужнасць няскоранага горада.

Калі бачыш дакументальныя малюнкі і акварэлі М.Філіповіча, П.Масленікава, У.Сакалова ды іншых мастакоў — сведкаў той пары, міжволі параўноўваеш іх з сённяшнімі краявідамі Мінска. Праз гэтае параўнанне ўсведамляеш маштаб працоўнага подзвігу мінчан, якія адрадзілі свой горад і зрабілі яго адной з найпрыгажэйшых сталіц Еўропы.

Стрыжань  — палотны “Партызанскі парад у Мінску” Я.Зайцава, “Нядзельнік па аднаўленні Мінска” М.Манасзона, “Свята Перамогі ў Мінску 9 мая 1945 года” Я.Ціхановіча і І.Давідовіча. Яны былі створаны ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе паводле канонаў сацыялістычнага рэалізму. Гэта значыць, што карціны дакладна вывераныя ідэалагічна, але пры гэтым у іх ёсць мастацкая шчырасць і гістарычная праўда. Менавіта так людзі радаваліся Перамозе, з такім энтузіязмам адбудоўвалі сталіцу…

Выстаўка — вандроўка ў мінулае. Для кагосьці яна — згадка пра гістарычныя падзеі, для некага — сустрэча з мастацкім напрамкам, які калісьці дамінаваў, а цяпер сам стаў гісторыяй. А нехта прыйдзе на сустрэчу з маладосцю…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"