Экспазіцыю складаюць творы мастакоў ваеннага пакалення, для якіх гэтая гістарычная дата яшчэ і факт уласнай біяграфіі. Некаторым з іх давялося занатаваць алоўкам ды пэндзлем жахі акупацыі, іншыя ўбачылі зруйнаваны горад пасля вызвалення… Зробленыя з натуры замалёўкі сталі асновай для будучых жывапісных палотнаў, у якіх увасобіліся гераізм ды мужнасць няскоранага горада.
Калі бачыш дакументальныя малюнкі і акварэлі М.Філіповіча, П.Масленікава, У.Сакалова ды іншых мастакоў — сведкаў той пары, міжволі параўноўваеш іх з сённяшнімі краявідамі Мінска. Праз гэтае параўнанне ўсведамляеш маштаб працоўнага подзвігу мінчан, якія адрадзілі свой горад і зрабілі яго адной з найпрыгажэйшых сталіц Еўропы.
Стрыжань — палотны “Партызанскі парад у Мінску” Я.Зайцава, “Нядзельнік па аднаўленні Мінска” М.Манасзона, “Свята Перамогі ў Мінску 9 мая 1945 года” Я.Ціхановіча і І.Давідовіча. Яны былі створаны ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе паводле канонаў сацыялістычнага рэалізму. Гэта значыць, што карціны дакладна вывераныя ідэалагічна, але пры гэтым у іх ёсць мастацкая шчырасць і гістарычная праўда. Менавіта так людзі радаваліся Перамозе, з такім энтузіязмам адбудоўвалі сталіцу…
Выстаўка — вандроўка ў мінулае. Для кагосьці яна — згадка пра гістарычныя падзеі, для некага — сустрэча з мастацкім напрамкам, які калісьці дамінаваў, а цяпер сам стаў гісторыяй. А нехта прыйдзе на сустрэчу з маладосцю…