...І “Чамадан успамінаў”

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Другі Музычны фестываль памяці сусветна вядомага кампазітара Мікалая Набокава, стрыечнага брата знакамітага пісьменніка, прайшоў на Гродзеншчыне. Асаблівасцю сёлетняга свята стала тое, што яно было прысвечана 110-годдзю з дня нараджэння музыканта.

Першы такі фестываль, які адкрыў для нас гэтае кампазітарскае імя, быў ініцыяваны Нацыянальнай камісіяй Беларусі па справах UNESCO і яе старшынёй Уладзімірам Шчасным, які ўвогуле шмат працягвае рабіць для беларускай культуры. Гэтым разам фестываль ахапіў не толькі Мірскі замак ды гарадскі пасёлак Любчу, дзе нарадзіўся будучы аўтар першага амерыканскага балета, але і Навагрудак. Музыка Набокава гучала на розных сцэнах — ад Партрэтнай залы музея да Дзіцячай школы мастацтваў і Дома культуры. Два гады таму канцэрты былі камерна-інструментальнымі, і некаторыя сімфанічныя творы гучалі ў пералажэнні для трыа салістаў “Вытокі”.

Цяпер да ўжо прызнаных папулярызатараў творчасці майстра — лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Юрыя Блінова (фартэпіяна), які сёлета выступіў музычным кіраўніком фестывалю, і Аляксея Фралова (фагот) — далучыліся салістка Беларускай оперы Таццяна Гаўрылава (сапрана) і камерны аркестр Гродзенскай абласной філармоніі. Адпаведна, да дзвюх санат (для фартэпіяна і для фагота), фартэпіяннага пералажэння сюіты з балета "Дон Кіхот" ды іншых твораў дадаўся вакальны цыкл на вершы Ганны Ахматавай — у пералажэнні Юрыя Блінова для аркестра. Дарэчы, месца раптоўна захварэўшага фагатыста ў аркестры давялося заняць Аляксею Фралову — і чытаць партыю з ліста.

/i/content/pi/cult/445/9284/8-3.jpeg

Сапраўдным упрыгожаннем фестывалю стаўся міні-спектакль “Чамадан успамінаў”, створаны паводле аўтабіяграфічнай кнігі Мікалая Набокава, што выдае бліскучую літаратурную адоранасць музыканта.

На фестываль, як і мінулым разам, з’ехаліся сваякі кампазітара — прадстаўнікі розных пакаленняў. Быў сярод іх і ўнук Мікалая Набокава, які, як і дзядуля, абраў мастацкі шлях у сваім жыцці і займаецца дызайнам ды разьбой па дрэве.

На здымку: пад час спектакля "Чамадан успамінаў" у рамках Другога Музычнага фестывалю Мікалая Набокава.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"