Нехта мусіў прайграць...

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Ілья СВІРЫН, рэдактар аддзела газеты "Культура"
Рыцарскія імпрэзы даўно зарэкамендавалі сябе як самыя што ні ёсць масавыя святы. А запачаткаваў гэтую тэндэнцыю менавіта Фестываль сярэднявечнай культуры “Навагрудскі замак”. Было тое трынаццаць гадоў таму. Сёлетні фэст, праведзены пасля трохгадовага перапынку, сабраў фенаменальна мала гледачоў. Раней лік ішоў на дзясяткі тысяч, цяпер — усяго на сотні.

/i/content/pi/cult/445/9279/2-2.jpeg

Арганізатары недаўмяваюць: чаму так атрымалася? Скептыкі ж нават загаманілі пра “крызіс жанру”. Па вялікім рахунку, прычыны ляжаць на паверхні.

Варта толькі азнаёміцца з афішай на той самы ўік-энд 7 — 8 верасня. У ёй мы сустрэнем і фольк-фэст “Камяніца”, які сёлета сабраў каля васьмі тысяч гледачоў, і вясёлы ды самабытны “Цукеркавы фэст” у Івянцы, што без рыцараў таксама не абыходзіцца, і яшчэ адну батальную рэканструкцыю, але ўжо з іншай эпохі, — танкавую бітву на комплексе “Лінія Сталіна”. І добра б яшчэ, каб тыя імпрэзы былі расканцэнтраваны па розных кутках нашай не такой і малой краіны: шараговы жыхар Гомеля або Магілёва ў Навагрудак усё адно наўрад ці паедзе, бо гэта вельмі далёка. Дык не: усе згаданыя падзеі ладзіліся “ў сферы прыцягнення” Мінска ды былі разлічаны перадусім на турыста са сталіцы. Таму цалкам натуральна, што публіка папросту “распаўзлася” па розных месцах.

/i/content/pi/cult/445/9279/9-7.jpeg

У такіх варунках нехта абавязкова мусіў прайграць. Сёлета ў гэтай ролі апынуўся менавіта найстарэйшы рыцарскі фэст, бо і рэкламы менш, і дабірацца складаней... Ды і традыцыя, на жаль, парушана: калі б “Навагрудскі замак” ладзіўся ў сваім першапачатковым тэмпарытме (раз на два гады), публіка на яго не забывалася б і чакала. А вось калі паўзы непрадказальна зацягваюцца...

Зрэшты, самае галоўнае пытанне тут у іншым: ці настолькі ўжо непазбежная гэтая канкурэнцыя? Няўжо на Беларусі так шмат яркіх турівэнтаў, што ім абавязкова даводзіцца ўтрапёна змагацца за гледача?

Можна проста пагартаць каляндар крыху назад ці наперад — і мы адразу ўбачым, што падобныя “разнасолы” чакаюць турыста далёка не ў кожныя выхадныя. І калі раўнамерна расцягнуць тыя падзеі па ўсім “цёплым перыядзе” (з мая па кастрычнік), задаволены будуць усе: і арганізатары, і гледачы, і ўдзельнікі.

Пытанне ў іншым: як гэта зрабіць? Нейкай інстытуцыі, якая сёння каардынавала б івэнт-турызм (хаця б нават на кансультатыўным узроўні), у нас пакуль што няма. Гутарка пра стварэнне календара культурных падзей на год стала ўжо “притчей во языцех”. Ён ужо робіцца стараннямі Нацыянальнага агенцтва па турызме, аднак сабраную напрыканцы мінулага года інфармацыю трэба абавязкова правяраць: усяго за некалькі месяцаў яна мае звычку “састарвацца”. Прыкладам, той самы сёлетні “Навагрудскі замак” анансаваўся на ліпень ды быў лагічна прымеркаваны да ўгодкаў каранацыі першага князя ВКЛ — Міндоўга.

Здавалася б, можна ўрэчаісніць вельмі просты алгарытм. Прыкладам, мы тут у сваім n-скім раёне задумалі правесці ў верасні грандыёзны Фэст часныка ды сала. Вызначаем дату, паведамляем яе ў папярэднім снежні, скажам, у Нацыянальнае агенцтва па турызме, — і даведваемся там, што акурат напярэдадні прыйшла інфармацыя аб правядзенні ў той самы дзень Турніру бульбы ды шкваркі. Натуральна, лепш нам будзе загадзя перанесціся на які тыдзень: столькі калорый спажыўцы адразу не адолеюць.

Пытанне толькі ў тым, калі такія немудрагелістыя тэхналогіі запрацуюць…

На здымку: пад час аднаго з папярэдніх фэстаў.

Фота Юрыя ІВАНОВА