Тэатр.by: быць ці не быць?

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Алег ЧЭЧАНЕЎ, акцёр, рэжысёр
Узімку вядомы расійскі тэатральны крытык, тэатральны менеджар, перакладчык Павел Руднеў, які займае ў дадзены час пасаду памочніка мастацкага кіраўніка па спецпраектах МХАТа імя Чэхава, прадставіў у сваім блогу інтэрнэт-праект пад назвай “Спадчына Мастацкага тэатра. Электронная бібліятэка”. Гэты праект увайшоў у комплекс акцый, прысвечаных святкаванню 150-годдзя з дня нараджэння К.С. Станіслаўскага. Карыстальнік Сеціва можа зайсці на сайт тэатра, націснуць на кнопку “Бібліятэка МХАТ” і азнаёміцца, напрыклад, з 9-м томам Збору твораў заснавальніка тэатра, дзе сабраны лісты з 1918 па 1938 гады. Тут жа прадстаўлены малатыражныя выданні, падрыхтаваныя навукова-даследчым цэнтрам Школы-студыі МХАТ. У відэагалерэі выкладзены запісы спектакляў тэатра. Там можна ўбачыць Ірыну Мірашнічэнка ў ролі Аркадзінай у “Чайцы”, што паставіў Алег Яфрэмаў. Ці “№ 13” — п’есу, што набіла аскому, бо за яе ў свой час павальна ўхапіліся айчынныя тэатры. Тут жа — шматлікія тэлепраграмы Анатоля Смялянскага, які працяглы час узначальваў літаратурную частку, спасылкі на інтэрв’ю першых асоб тэатра ды шмат чаго іншага.

/i/content/pi/cult/445/9273/5-1.jpeg

Славуты маскоўскі тэатр прыемна здзіўляе размахам, вектарам і сваёй скіраванасцю. І гэта нягледзячы на тое, што многія з матэрыялаў праекта, па сцвярджэнні Паўла Руднева, знаходзяцца на стадыі праверкі і тэхнічнай дапрацоўкі. Дарэчы, электронныя версіі кніг з медыятэкі МХАТа павінны з’явіцца ў фондах Бібліятэкі Кангрэса ЗША, у расійскіх і міжнародных бібліятэчных сістэмах.

Падумалася: а чаму б не аб’яднаць намаганні ўсіх зацікаўленых асоб, спецыялістаў і стварыць падобны інтэрнэт-праект, прысвечаны гісторыі беларускага тэатра, пачынаючы ад яго першых крокаў, станаўлення і заканчваючы нашымі днямі? Па ўсіх напрамках: драматычны тэатр, лялечны, дзіцячы, оперны, балетны, музычны. Гэты праект можа сумяшчаць функцыі як бібліятэкі, так і энцыклапедыі. Тут можна размясціць шматлікія даследаванні, артыкулы нашых тэатразнаўцаў, прысвечаныя знакавым персонам, з’явам і падзеям беларускага тэатра. Не бачу нічога дрэннага ў тым, каб кнігі, выдадзеныя аднойчы абмежаванымі тыражамі, атрымалі электронны варыянт і знаходзіліся б у вольным доступе, каб каштоўнай інфармацыяй, якая ў іх закладзена, скарысталіся б журналісты, тэатразнаўцы, гісторыкі — ды хто заўгодна. І — у любой кропцы зямнога шара.

Нядрэнна было б прыцягнуць да праекта не толькі сталічныя, абласныя, але і рэгіянальныя тэатры. На сваіх персанальных старонках яны змаглі б самастойна выкласці гісторыю калектываў, указаўшы на важныя факты, звязаныя са станаўленнем той або іншай трупы.

Яшчэ. Возьмем, напрыклад, тэатральныя фестывалі. Ад узніклага на нашых вачах “Лялькі над Нёманам” да зніклых з фестывальных карт ці адкладзеных на нявызначаны час. Гэта Фестываль маладых тэатральных талентаў у Гродне, Рэспубліканскі фестываль “Маладзечанская Сакавіца”, Міжнародны фестываль монаспектакляў “Я”. Як бы хто да іх ні ставіўся, няўжо гэта не факт гісторыі?

Аднойчы ў сацыяльнай сетцы я знайшоў групу пад назвай “Блог пра беларускі тэатр”. Энтузіясты сабралі і выклалі 62 запісы спектакляў. Яны розныя па ўзроўні, па змесце і па харэаграфіі: Мінск, Магілёў, Віцебск... У калекцыі ёсць і “Паўлінка” 1952 года. Гэта цудоўная, на мой погляд, ідэя, што патрабуе асэнсавання і больш абгрунтаванага падыходу прымяняльна да інтэрнэт-праекта.

У загаловак артыкула мною спецыяльна вынесена шэкспіраўская цытата. Вельмі цікава даведацца, у які бок перацягнуць шалі вагаў. Запрашаю ўсіх на абмеркаванне ідэі! Зрабіць гэта можна на старонках сацыяльных сетак штотыднёвіка: facebook.com/kimpressby і vk.com/kimpressby.

Аналагічную прапанову для рэгіянальных устаноў культуры агучыў дырэктар СДК з Асіповіччыны Мікалай Забаўскі тут.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр