Ці патрэбна гэтая памяць?

№ 37 (1111) 14.09.2013 - 20.09.2013 г

Барыс КРЭПАК, рэдактар аддзела газеты "Культура", мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
У снежні адбудзецца чарговы XXI З’езд Беларускага саюза мастакоў. Плануецца, што ён пройдзе цягам аднаго дня, і я думаю, што, улічваючы выбары новага кіраўніцтва, гаворкі пра надзённыя пытанні сучаснага выяўленчага мастацтва чакаць не давядзецца. Бо самая галоўная праблема дня сённяшняга для мастакоў, зыходзячы з сацыяльна-эканамічных рэалій, — як захаваць творчы Саюз наогул. Але тое — асобная тэма, і мы да яе яшчэ вернемся пазней.

/i/content/pi/cult/445/9272/4-7.jpeg

А пакуль хачу згадаць мінулае. 75 гадоў таму, 9 снежня 1938-га, адбыўся І З’езд мастакоў Беларусі. Тагачасны першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка на гэтым з’ездзе заклікаў беларускіх мастакоў “…у самы найбліжэйшы час даць творы, якія ўзбагацілі б мастацтва ўсяго Савецкага Саюза”. Ён адзначыў, што “…найгалоўнай умовай далейшых творчых поспехаў нашых мастакоў з’яўляецца іх ідэйнае ўзбагачэнне, авалоданне тэорыяй марксізму-ленінізму, вывучэнне найвялікшага дакумента нашай партыі — Кароткага курса гісторыі ВКП(б)…”. Сказана — зроблена. Паводле слоў аднаго з крытыкаў, перадваенныя гады “…з’явіліся якасным скачком у развіцці выяўленчага мастацтва Беларусі, перыядам творчага росту <…>. У творчасці мастакоў замацоўваецца метад сацыялістычнага рэалізму, тэматычная карціна напаўняецца грамадска-гістарычным сэнсам…”.

Не ведаю, як наконт “якаснага скачка”, але зразумела адно: беларуская культура ў другой палове 30-х гадоў трапіла ў ціскі жорсткай цэнтралізацыі і дыктату. Мастацтву быў навязаны сацрэалізм без уліку шматвяковых традыцый, індывідуальнасці мастака, духоўнага вопыту мінуўшчыны. Урэшце, гэта вядома сёння ўсім, хто цікавіцца гісторыяй нашай культуры. Але быў такі час, такая эпоха, калі расцвіталі наступныя сентэнцыі: “іезуіт Скарына”, “дробнабуржуазны бунтар” і “герой польскай шляхты” Каліноўскі”; “нацыяналістычныя тэндэнцыі" ішлі ад беларускіх цэркваў, Скарынавай Бібліі, слуцкіх паясоў. “Фармалізм”, “экспрэсіянізм”, “буржуазную эстэтызацыю” знаходзілі ў творчасці нават такіх рэалістаў, як Ахрэмчык, Тычына, Волкаў, Кругер, а таксама Філіповіч, Грубэ, Семашкевіч, Мінін, мастацтвазнаўцы Шчакаціхіна. Асаблівага поспеху ў пошуках “контррэвалюцыі” ў мастацтве і літаратуры дасягнулі “вульгарныя сацыёлагі” І.Гурскі, А.Касцялянскі, Л.Бэндэ, Я.Ліманоўскі, С.Вольфсан, А.Канакоцін, І.Барашка ды шмат іншых “змагароў” за сацрэалізм, за “чысціню генеральнай лініі партыі ў справе далейшага бальшавісцкага разгортвання культуры і мастацтва”.

Спецыялістам вядомы ліст Панамарэнкі “Пра беларускую мову, літаратуру і пісьменікаў” — ад 21 лістапада 1938 года Сталіну, дзе ён у самай катэгарычнай форме заклікаў “...решительно очистить литературу от произведений с национал-фашистской контрабандой <…>, поднять литературную, преданную молодежь, освежить литературу, укрепить руководство Союза писателей. В отношении Янки Купалы, Якуба Коласа, Бровко, Глебки, Крапивы, Бядули, Вольского, Аксельрода и др. членов этой «могучей кучки», узурпировавшей представительство от Белорусской литературы всюду, в том числе и за рубежом, людей, творческая авторитетность которых непомерно раздута, проводивших лично всю описанную выше вражескую работу, имеются многочисленные показания разоблаченных и арестованных врагов, изобличающие их вплоть до связей с польской дефензивой. В отношении Янки Купалы имеется 41 показание, в большинстве прямые; Якуба Коласа — 31 показание; Крапивы — 12 показаний, и так далее. По количеству и качеству изобличающего материала, а также по известным нам фактам их работы, они, безусловно, подлежат аресту и суду как враги народа…”.

Як кажуць, каментарыі залішнія. І пра гэта я думаю, калі праходжу па сённяшніх мінскіх вуліцах імя таго ж Панамарэнкі ці Гурскага, не кажучы пра вуліцы, названыя імёнамі тых, хто, мякка кажучы, далёка не заслугоўвае такога нашага нацыянальнага гонару: ад Калініна, Валадарскага, Свярдлова да Мяснікяна (Мяснікова), Фабрыцыуса, Кнорына, Цэткін, Люксембург, Крупскай, Катоўскага ды іншых “крутых” рэвалюцыянераў і военачальнікаў.

Так што абсалютна слушна паўстала на апошнім Прэзідыуме Саюза мастакоў пытанне аб прысваенні імя Міхаіла Савіцкага адной з вуліц, у прыватнасці, сталіцы. Але гаворка не толькі пра гэтую Асобу, а і пра іншых выбітных творцаў нацыянальнай культуры.

Ці патрэбна ведаць пра тое, што я напісаў? Мо для каго і не патрэбна вяртацца ў такое мінулае. Навошта, калі сённяшніх праблем — па горла? Але асабіста для мяне — патрэбна, бо, на жаль, гісторыя мае звычку паўтарацца.

Што ж да наступнага З’езда нашых мастакоў, то, дзякаваць богу, час моцнага ідэалагічнага прэса на творчасць даўно прайшоў. Справа засталася толькі за індывідуальным талентам, мастакоўскім сумленнем і духоўным пачуццём таго, у якой краіне ты жывеш…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"