Мытня доследамі не займаецца…

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Учора — побыт, сёння — антыкварыят

Музей выратаваных мастацкіх каштоўнасцей (філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея) — адзіная ўстанова такога роду на абсягах СНД. Зараз яна гасцюе ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. На выстаўцы пад назвай “Выратаваныя каштоўнасці” — больш як 300 экспанатаў.

А створаны музей быў яшчэ ў 1989 годзе. На фарміраванне яго фондаў паўплывала кан’юнктура сусветнага рынку антыкварыяту, бо за мяжу цягнуць тое, што там можна гарантавана прадаць. Паводле слоў загадчыка ўстановы Ірыны Тарыма, існуе стабільны попыт на рускі іканапіс. Праз гэта і фонды музея складаюць, у асноўным, іконы. Сярод апошніх паступленняў — мастацкія рэчы ХІХ — 1-й паловы ХХ стагоддзя. Адносна нядаўна гэта быў побыт, сёння — антыкварыят.

Наогул, музей надзвычай папулярны ў Брэсце. Шмат гледачоў збіраюць яго экспанаты і ў часе “гастролей” па іншых музейных пляцоўках.

Беручы да ўвагі шлях, якім экспанаты трапілі ў дзяржаўны музейны збор, лічу, не будзе памылковым меркаванне, што кожны з іх мае драматычную біяграфію. Але малаверагодна, што таямніцы гэтых артэфактаў раскрыюцца навукоўцам: мытня навуковымі доследамі не займаецца. А навукоўцы могуць толькі гадаць, праз колькі рук прайшла тая або іншая каштоўнасць, перш чым трапіла ў мытную мярэжку. Хто ж прызнаецца, што скраў ікону у храме альбо прыдбаў яе іншым незаконным шляхам?..

Старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Таццяна Мірановіч, якая займалася гэтай экспазіцыяй, адзначала, што ў дадзеным музейным праекце паспалітаму гледачу цікавыя не столькі асобныя экспанаты ды іхні лёс, колькі сама з’ява — незаконны вываз твораў мастацтва за мяжу: цікава, што вывозяць, на што за мяжой ёсць попыт. Ад сябе дадам, што іншым разам для нас прывабным становіцца сваё, калі на яго паклаў вока іншы…

Выстаўка мае тры раздзелы. Першы — сакральнае мастацтва, дзе экспануюцца іконы, меднае ліццё, фініфць, кнігі. Другі — мастацтва Заходняй Еўропы: побытавыя рэчы і гравюры. Трэці — дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Усходу (Кітай, Японія, Сярэдняя Азія, Паўночны Каўказ, Персія). У асноўным гэта ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя.

На маё пытанне да спадарыні Мірановіч, што з гэтай экспазіцыі яна забрала б у фонды Нацыянальнага гістарычнага, каб была такая магчымасць, яна адказала: “Усё!” Потым удакладніла, што найперш — візантыйскую манету V — VI стст., рускае меднае ліццё і фініфць, каўказскую зброю і рыжскі крышталь: гэтыя артэфакты змаглі б цудоўна дапоўніць сённяшнюю экспазіцыю.

Згаданая манета можа сведчыць пра далучэнне нашай зямлі да сусветных працэсаў, гандлю — у прыватнасці, яшчэ ў далетапісную эпоху. Рускае сакральнае мастацтва — знак дамінавання праваслаўя у рэлігійным жыцці Беларусі ў ХІХ стагоддзі. Каўказская зброя — напамін пра “замірэнне” Каўказа, у якім давялося браць удзел і беларусам. Ну а рыжскі крышталь дае ўяўленне пра ўзровень матэрыяльнай культуры ў Беларусі на мяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў. Спадарыня Мірановіч адзначае тую акалічнасць, што Беларусь на працягу ўсёй сваёй гісторыі ў культурным сэнсе ніколі не была ізаляванай выспай, але складовай часткай вялікіх геапалітычных абшараў і праз гэта ўзбагачалася ад навакольнага свету…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"