“Будрайціс запосціў мой партрэт!”

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Віктар МАНАЕЎ, народны артыст Беларусі, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы:

У акцёрскім асяроддзі жыццё віруе: новыя абліччы, новыя ўражанні. У такім свеце цікавых, таленавітых як не падтрымліваць кантакты з калегамі? Таму Інтэрнэт можа стаць добрай дапамогай для творчага чалавека.

/i/content/pi/cult/444/9266/13-3.jpeg

1. Стасункі

З дапамогай сацыяльных сетак падтрымліваю знаёмствы. Напрыклад, летась мы арганізавалі сустрэчу з аднакурснікамі па Тэатральным інстытуце. Вельмі дапамагла сацыяльная сетка. Курс у нас быў невялікі — недзе чалавек дзесяць, — а пасля заканчэння ўсе раз’ехаліся: нехта ў Калінінградзе, нехта ў Мурманску, дый па ўсёй Беларусі аднакашнікаў нямала. Але дзякуючы Сеціву восем чалавек сустрэліся праз столькі гадоў!..


2. Арганайзер

Віншую з днямі нараджэння блізкіх і далёкіх сяброў, а таксама калег — нашых беларускіх артыстаў. Інтэрнэт дапамагае не забывацца на даты. Ды, вядома, у свой юбілей паглядзеў віншаванні, цікава было пачытаць каментарыі.


3. Інфармацыя

Інтэрнэтам карыстаюся, каб даведацца пра навіны, калі няма часу паглядзець тэлебачанне. Для гэтага наведваю ў першую чаргу беларускія сайты. Цікавіць падача матэрыялу з розных пунктаў гледжання. Зразумела, “Культура” ў закладках таксама. А наогул, я не так шмат карыстаюся Інтэрнэтам. Трэба чытаць добрую літаратуру, а артыстам — ролі вучыць. Таму забаўкі ў Сеціве не шукаю.


4. Пошта

Электронная пошта дапамагае ў працы: дасылаюць сцэны, планы здымак, сцэнарыі. І вядома ж, з калегамі за мяжой (напрыклад, з польскімі акцёрамі) можна кантактаваць. Вось я ўдзельнічаю ў здымках працягу “Белых Росаў” разам з літоўскім акцёрам Ёзасам Будрайцісам. Ён не толькі цудоўны артыст, але і вельмі таленавіты фотамастак. Пасля здымак калега выкладвае партрэты, здымкі з пляцоўкі на маёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.


5. Піраты

Кінастужкі з маім удзелам у Сеціве? Чаму ж не! Я ж не аўтар стужак ды і здымаюся не так шмат, таму ў гэтым сэнсе прэтэнзій да “піратаў” асаблівых не маю... Урэшце, калі фільмы ёсць у Інтэрнэце — няхай людзі глядзяць. Але ідэальны варыянт — каб усё было легальна.

Занатавала Вольга НАВІЦКАЯ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ