Мары Марата

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Яго называлі беларускім Павароцці, параўноўвалі ўзлёт спеўнай кар’еры з запускам ракеты. 10 верасня саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, заслужаны артыст краіны Марат Грыгорчык, вядомы ў многіх кутках свету, мог бы святкаваць 51 дзень нараджэння. Але… Памёр у 2011-м.

— Ён пайшоў з тэатра ў 2003-м: па стане здароўя, — расказвае маці спевака Марыя Адамаўна. — Больш нідзе не працаваў, але з музыкай не развітваўся. Пісаў песні: музыку і словы. Марыў скласці квартэт тэнараў і гастраляваць з ім па свеце, выпусціць дыск. Шукаў спонсараў, нават напісаў ліст прэзідэнту адной італьянскай фірмы. Той у свой час так быў захоплены яго спевамі, што стаў хросным бацькам Марата, абяцаў дапамагаць яму ў творчай кар’еры. Адправіць гэты ліст не паспеў. Памёр нечакана: заснуў — і не прачнуўся…

Марат Грыгорчык спяваў у нашым тэатры трынаццаць гадоў. Прычым стаў вядучым салістам яшчэ ў студэнцтве. Дый вучэбныя пастаноўкі з ягоным удзелам, што ладзіліся ў опернай студыі Акадэміі музыкі, станавіліся сапраўднай культурнай падзеяй. Калі ў “Багеме” Дж.Пучыні ён схіляўся над паміраючай Мімі, якую спявала Леся Лют (цяпер — салістка Музычнага тэатра), зала плакала разам з ім. Бо Рудольф скараў не толькі тэнарам — цёплым, чарадзейным, — але і тонкасцю пачуццяў. Гэта быў не проста оперны персанаж, а менавіта прадстаўнік сапраўднай багемы — таленавітай моладзі, багатай на творчыя памкненні, ды беднай на грошы. У тым студэнцкім спектаклі, які па складзе салістаў прэтэндаваў ледзь не на сусветны ўзровень, Марат іграў сябе самога — творцу, поўнага амбіцый і надзей, але крыху бездапаможнага ў складаных жыццёвых рэаліях. Сярод студэнцкіх пастановак з удзелам Марата Грыгорчыка запомнілася і “Матухна Кураж” — фантазія рэжысёра Сямёна Штэйна паводле аднайменнай оперы Сяргея Картэса.

/i/content/pi/cult/444/9258/9-2.jpeg

А колькі адметных партый было ў тэатры! Таміна ў “Чарадзейнай флейце” В.А. Моцарта, Герцаг у “Рыгалета”, Альфрэд у “Травіяце”, Рычард у “Балі-маскарадзе” Дж.Вердзі, Пінкертон у “Чыа-Чыа-сан” Дж.Пучыні… У ягоных герояў-каханкаў (а каго яшчэ найперш спявае тэнар?) немагчыма было не закахацца, нават калі голас, як у адным з фрагментаў “Рыгалета”, гучаў за сцэнай… Прычым вельмі хутка Марат стаў спяваць не толькі лірычных герояў — ён пашырыў свой рэпертуар да такіх найскладаных партый драматычнага тэнара, як Каварадосі ў “Тосцы” Дж.Пучыні, Хазэ ў “Кармэн” Ж.Бізэ, Каніа ў “Паяцах” Р.Леанкавала. Абсалютна нетыповым, папраўдзе “касмічным”, адарваным ад грэшнай зямлі, быў ягоны Юродзівы ў “Барысе Гадунове” М.Мусаргскага (невыпадкова, мабыць, яшчэ першакурснікам, на ХІІІ Усесаюзным конкурсе імя М.Глінкі, ён атрымаў спецыяльны прыз за лепшае выкананне твора гэтага кампазітара). У “Майстры і Маргарыце” Яўгена Глебава ён рыхтаваў дзве розныя партыі — Майстра і Іешуа. Дзякуючы такому супадзенню, міжволі напрошвалася папраўдзе філасофская паралель паміж Творцам і Сынам Божым.

А самай першай партыяй стаўся Ленскі ў “Яўгеніі Анегіне” П.Чайкоўскага. Ад кранальнай постаці загінулага паэта працягнулася нітачка і да Свеціловіча ў “Дзікім паляванні караля Стаха” Уладзіміра Солтана. Дарэчы, у гэтым спектаклі Марат спяваў разам са сваім выкладчыкам — Анатолем Генералавым.

— Ён заўсёды казаў, — працягвае маці, — як яму пашанцавала з прафесарам. Вучыцца вакалу ён пачаў даволі позна, пасля Тэхналагічнага інстытута, дзе ім ганарылася ўся ВНУ, пасля некалькіх гадоў працы галоўным інжынерам лясгаса ў Краснаполлі, пазней — інжынерам-канструктарам. Ён увогуле быў такі працавіты, старанны, спортам займаўся, у будаўнічых атрадах — завадатар. А калі працаваў майстрам на станкабудаўнічым заводзе імя Кірава, на аглядзе самадзейнасці яго “заўважылі”, прапанавалі вучыцца музыцы далей…

Марыя Адамаўна кажа “далей”, бо ў дзяцінстве Марат скончыў сталічную музычную школу імя М.Аладава па класе трамбона. Другім інструментам, якім ён там авалодаў, стаў акардэон.

Ды ўсё ж у памяці прыхільнікаў — у нас і ў замежжы (а менавіта ў 1990-я не толькі наша балетная, але і оперная трупа пачала актыўна гастраляваць па Еўропе, удзельнічаць у фестывалях) — Марат Грыгорчык застаўся оперным салістам. Нават калі выступаў у канцэртах — пад раяль ці з аркестрам (у тым ліку з народным імя І.Жыновіча). У касе таго ж Опернага тэатра часта можна было пачуць: “А калі спявае Грыгорчык?”. Бо публіка хадзіла не толькі на пэўныя спектаклі — яна хацела слухаць яго незабыўны голас...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"