Інтэрпрэтацыя “Верасня”

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Адзінаццаты праект: ад рэалізму да сімвалізму

Творчая секцыя «Верасень» Беларускага саюза мастакоў, што ў 2014-м будзе адзначаць сваё 25-годдзе, ужо адзінаццаты раз прэзентуе гледачу сваю выстаўку ў Палацы мастацтва. Біенале "вераснёўцаў" прадастаўляюць мастакам магчымасць не толькі ўбачыць работы калег, але і зірнуць на сваю творчасць з іншага боку. Нягледзячы на тое, што першапачаткова «Верасень» ствараўся як супольнасць графікаў, з часам «вераснёўцы» значна пашырылі свой творчы дыяпазон: яна ўключае і станковую графіку, выкананую ў розных тэхніках, і ілюстрацыі, і ўласна жывапіс.

/i/content/pi/cult/444/9256/8-2.jpeg

У.Швайба. "Гукі думак".

У секцыі сфарміравалася “аблічча” і выставачныя традыцыі. Вобраз усіх экспазіцый «Верасня» ствараецца найперш агульнай культурай падачы, шырокім спектрам традыцый, цікавасцю да агульначалавечых каштоўнасцей, асацыяцый. Стылістыка і кола прыхільнасцей у сяброў секцыі разнастайныя — ад рэалізму і імпрэсіянізму да сюррэалізму і сімвалізму, — аднак гарманічна спалучаюцца ў адзінай выставачнай прасторы. Іх аб’ядноўваюць лірыка і рамантычная сімволіка, у той або іншай ступені ўласцівыя ўсім прадстаўленым у экспазіцыі мастакам. І калі выстаўку мінулых гадоў можна было “абвінаваціць” у залішняй традыцыйнасці, то сёлета здараюцца і нечаканыя адкрыцці.

Для многіх «вераснёўцаў» справай жыцця стала праца ў кніжнай графіцы, асабліва дзіцячай. Прадстаўленыя на выстаўцы ілюстрацыі да казак у тэхніцы акварэлі С.Волкава, Г.Паплаўскага, Н.Паплаўскай, Н.Суставай вылучаюцца яркай індывідуальнасцю стылю, пэўнасцю сюжэтаў, увагай да абліччаў персанажаў, захоўваючы высокую культуру інтэрпрэтацыі і засваення літаратурнага матэрыялу. Акрамя ілюстрацый, С.Волкаў прэзентаваў новую серыю «Ева»: жаночыя выявы, выкананыя ў тэхніцы класічнага алоўкавага малюнка.

Ужо даўно адной з упадабаных тэхнік і «візітоўкай» мастакоў секцыі з’яўляецца акварэль. Яна прадстаўлена ў экспазіцыі ва ўсёй шматстайнасці: ад традыцыйных кветкавых матываў (Т.Чарнышова), вольнай інтэрпрэтацыі пейзажа ў «мокрай» тэхніцы (Я.Саковіч), у спалучэнні з алоўкам (Л.Ліхадзед), пяром (Л.Пашчасцьева) да імправізацыйных і асацыятыўных вялікіх станковых аркушаў І.Лобан. Нечаканыя работы ў змяшанай тэхніцы з выкарыстаннем акварэлі, вельмі тонкія і маляўнічыя, прадставіла Н.Марчанка, якая дагэтуль выстаўляла станковы жывапіс, пераважна нацюрморт. Неабходна адзначыць, што, пры агульным імкненні сучаснай беларускай графікі да тэхніцызму і друкаваных тэхналогій, як i раней, мастакі секцыі захоўваюць пэўнасць падкрэслена самаробнай графіцы. Нароўні з акварэллю і алоўкам гэта — класічны малюнак пяром і тушшу (У.Пашчасцьеў), самапаглыбленыя кампазіцыі ў духу позняга рускага сімвалізму (Т.Царова), фантазійныя манатыпіі (М.Эрэнбург).

Кожны мастак шукае і вынаходзіць уласныя спосабы выказвання, і гэта якраз той выпадак, калі стараннае аздабленне не перашкаджае разгледзець індывідуальную манеру мастака. М.Сенькін, які на «Верасні-2011» выстаўляў стрыманы абстрактны жывапіс, сёлета паказаў патрабуючы пільнага ўглядання камерны метафарычны трыпціх «Нарвегія». Вельмі незвычайную, філасофскую і тэхнічна бездакорную буйнафарматную графіку, выкананую пяром, экспанаваў У.Швайба. Не менш тэхнічныя, вытанчана арнаментаваныя афорты на евангельскія тэмы паказала Т.Дзяменьцьева. Разнастайна быў прадстаўлены і жывапіс. Энергічная і жыццесцвярджальная манера У.Шнарэвіча, якая адпавядае характару аўтара, суседнічае з дэкаратыўнымі фактурнымі кветкамі У.Белавусавай-Кірыенка. Я.Жылін, даўно вядомы сваімі акварэлямі, прадставіў на гэтай выстаўцы лірычны алейны жывапіс. І.Касабука прэзентавала як стыльны жывапіс, так і графіку, адметныя дэкаратыўным ды каларыстычным густам.

Як і заўсёды, на «Верасні-2013» можна ўбачыць работы мастакоў старэйшага пакалення, што адзначаюць юбілеі. Гэта новыя гарадскія пейзажы К.Паплаўскай, акварэлі Я.Саковіча, міні-выстаўка эпатажных сюррэалістычных твораў Ю.Зайцава. Яшчэ адной традыцыяй з’яўляецца экспанаванне на справаздачных выстаўках рэтраспектыў калег, якія пайшлі з жыцця. У цяперашняй экспазіцыі гэта малюнкі і акварэлі вядомага графіка і аднаго з кіраўнікоў «Верасня» М.Рыжыкава.

Выстаўка цікавіць самага рознага гледача, першым чынам — магчымасцю прасачыць творчае развіццё таленавітых індывідуальнасцей, для якіх галоўным застаецца не самарэклама, а трапяткое стаўленне да мастацтва і яго ролі ў навакольным свеце.

Марына ЭРЭНБУРГ