«Бабу»: свет у лякале

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Нацыянальнага кіно… ізноў “не заўважылі”

“Свет гатоўкі супраць свету простых людзей” — мяркую, менавіта такі тызер (рэкламную “дражнілку”) можна даць новай поўнаметражнай ігравой карціне “Бабу” вытворчасці кінакампаніі “New Wave Production” сумесна з Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм”. Прэзентацыя навінкі, у стварэнні якой былі задзейнічаны творчыя сілы Беларусі і Азербайджана, у сталічным Доме кіно яшчэ раз пераканала: нацыянальнае кіно мы яшчэ доўга не пабачым.

/i/content/pi/cult/444/9255/8-1.jpeg

На здымку: кадр са стужкі "Бабу".

Здавалася б, адкуль такія песімістычныя высновы? Перад намі — уцямны прадукт, які прыйдзецца даспадобы, па меншай меры, гледачу, неабыякаваму да сярэдняга тэлевізійнага кіно, а то і больш. У прынцыпе, менавіта на вытворчасць падобнага тэлекантэнту і скіравана дзейнасць названай маладой кінакампаніі, што за двухгадовы тэрмін свайго існавання паспела нямала зрабіць. Напрыклад, па заказе аднаго вядучага расійскага тэлеканала ўдзельнічала ў здымках серыяла “Сямейны дэтэктыў”, па замове іншых каналаў краіны-суседкі працавала над серыяламі “Вангелія”, “Жанчыны не даруюць”… У выпадку ж з “Бабу” студыя ўвайшла ў спіс пераможцаў Адкрытага Рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў (як, зрэшты, і з яшчэ адной ініцыятывай). Што ж маем на выхадзе? Дзіўную жанравую сумесь: крымінальную меладраму, якая цалкам кладзецца ў лякала непатрабавальных запытаў сапсаванага “мылам” гледача.

У карціне ёсць усе неабходныя складнікі даступнага кіно: адзінокая вясковая жанчына Паліна (яе ўвасабляе наша Тамара Міронава), дачка багатага бізнесмена — прыгажуня Лейла, якую выкралі цынічныя злачынцы, і заможныя, але ж прыстойныя бацькі дзяўчынкі, што турбуюцца пра тое, каб іхняя сямігадовая дачка вярнулася дадому жывая і здаровая.

Па сутнасці, нават з гэтым “наборам” герояў можна было б стварыць прыстойную карціну, аднак прымітыўнасць рэжысёрскага бачання робіць з, па шчырасці, сярэдняга сцэнарыя яшчэ больш сярэдні прадукт. Неверагодна зацягнутыя сцэны (малітвы Паліны ў царкве, плачу Лейлы ў лесе, душэўных пакут яе бацькоў — ахвяр кіднэпінгу, тэлефонных размоў злачынцаў, сцэна пачастунку Лейлы дранікамі і г. д.) ператвараюць ігравую карціну ў серыял. Акцэнты на пэўны псіхалагізм, эмацыйны стан герояў расстаўлены так "тлуста", што часам забываешся на агульнае дзеянне. Эклектыка кінамовы — вось галоўны прыкры недахоп "Бабу", і пэўны бюджэт фільма тут сітуацыю не выратоўвае.

Па-другое, ці нават па-першае, нельга не заўважыць, як выглядае Беларусь у гэтай цудоўнай гісторыі выратавання дзяўчынкі з Азербайджана. Візуальныя абліччы беларускага краю — гэта палі, лясы, сельскія дарогі, вясковыя двары з пакрыўленымі агароджамі, сціплыя дамкі… Сталічныя ж віды абмяжоўваюцца адно праспектам Незалежнасці і ЦУМам. Што да візуальнай падачы Азербайджана, то гэта шыкоўная панарама Баку, відарысы мячэці, уражальныя краявіды Каспійскага мора… З аднаго боку, сям’я Лейлы — упэўнены бацька, прыгажуня маці, якія ўяўляюць азербайджанскі свет бізнесу і справы, з іншага — адзінокая Паліна ў вясковай хатцы, яе каларытныя суседзі, якія, па сутнасці, не ведаюць, што рабіць у дадзенай сітуацыі... Зразумела, што аўтары стужкі хацелі падкрэсліць: гэтыя два светы бліжэй, чым думаецца, — усіх яднае чалавечнасць, спагадлівасць, дабрыня, ды і Паліна — сапраўдны “душа-чалавек”. Але неяк прадказальна “спрошчваюцца”, "сплескваюцца" гэтыя абліччы да тыпажоў — і Беларусь у выніку зноў паўстае “добрай суседкай” ці "малодшай сястрой" “недзе збоку”. Так, у “Бабу” прысутнічае і лінія беларускіх “сілавікоў”, якія з’яўляюцца ў патрэбны момант, але гэта не змяняе агульнага ўражання.

А цяпер хочацца вярнуцца ў пачатак матэрыялу — да нацыянальнага кіно. Вось ізноў мы паглядзелі новую карціну, зробленую, у тым ліку, і на дзяржаўныя грошы, ізноў пабачылі сваіх акцёраў на экране (у стужцы задзейнічаны, акрамя Тамары Міронавай, нашы вядомыя Аляксандр Кашпераў, Андрэй Душачкін, Ігар Дзянісаў…) і парадаваліся, што гэтым разам яны ўсё ж — у галоўных ролях, нават убачылі ў новым праекце перспектывы пракатнага лёсу па рэспубліках былога СССР, а вось таго самага нацыянальнага кіно, як кажуць, так і “не заўважылі”. Нельга не адзначыць пэўныя крокі “Беларусьфільма” ў наладжванні стабільнага кінавытворчага працэсу, у набыцці вопыту кааперацыі, нават у засваенні навыкаў стварэння спецэфектаў, але галоўнае пытанне па-ранейшаму застаецца адкрытым: калі ж мы ўбачым тое кіно, якое без патуранняў і эківокаў зможам назваць СВАІМ?

Пакуль жа маем толькі годныя "адзінкі", практыку ды станоўчы прыклад сумеснай вытворчасці. І "Бабу", нягледзячы на добрую ігру асобных акцёраў, на жаль, тут не сталася выключэннем.

Прэм’ера ж новай стужкі для гледачоў запланавана на восень.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"