“TyzenHouse”. Дэбютны стартуе!

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Як стварыць падзею, а не “латарэю”?

/i/content/pi/cult/444/9253/6-2.jpeg

12 — 15 верасня ў Гродне ўпершыню пройдзе Свята класічнай музыкі “TyzenHouse”. Яго ініцыятарам і мастацкім кіраўніком выступіў ураджэнец гэтага горада, лаўрэат больш як пятнаццаці прэстыжных міжнародных конкурсаў Кірыл КЕДУК. Што ж падштурхнула маладога, але знакамітага піяніста з багатай канцэртна-гастрольнай практыкай (па краінах Еўропы, у Японіі і Амерыцы — Паўночнай і Паўднёвай, у лепшых залах з лепшымі аркестрамі) да арганізацыйнай дзейнасці? З гэтага і пачалася наша размова.

— Якімі высакамоўнымі ні падаліся б гэтыя словы, але я бясконца люблю свой родны горад і гатовы прыкласці ўсе сілы, каб у ім адбываліся значныя музычныя падзеі, каб ён прымаў лепшых творцаў — і каб пра яго гісторыю і культуру пачуў увесь свет. Дзеля гэтага можна працаваць і па дваццаць чатыры гадзіны на суткі! Але, вядома, нічога не адбылося б, каб не шчырая, зацікаўленая падтрымка і самога горада, і Міністэрства культуры краіны. Усе пытанні вырашаліся дзякуючы такім апантаным людзям, як старшыня Аргкамітэта фестывалю Аляксандр Вярсоцкі — намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, супрацоўніца ўпраўлення Алена Менгялевіч, а таксама тэхнічны дырэктар фестывалю Аляксандр Саладухін — дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, бліскучы музыказнаўца, сур’ёзны даследчык нацыянальнай культуры мінуўшчыны. Не магу не выказаць вялікую падзяку і надзвычай дасведчанай, добразычлівай музычнай тэлежурналістцы Людміле Палкоўнікавай.

/i/content/pi/cult/444/9253/6-1.jpeg

Кірыл Кедук.

— А каму падзякаваць за адметную рэкламу: лагатып, афішу, відэаролік?

— Вам сапраўды спадабалася? Я лічу, што рэклама не можа быць выключна інфармацыйнай, — яна павінна быць паўнавартаснай часткай праекта, цікавай самой па сабе: моднай, стыльнай, прыцягальнай для вока. І для моладзі ў тым ліку! Навошта разлічваць толькі на пэўную катэгорыю сталых аматараў класікі? Трэба імкнуцца зрабіць так, каб гэта было цікава і для іншых. Таму вельмі рады, што ў час падрыхтоўкі склалася крэатыўная каманда маіх аднагодкаў. Лагатып прыдумаў дызайнер Аляксандр Латышаў, усё астатняе — таксама гродзенскай вытворчасці. Дый сама ідэя фестывалю — з’яднаць майстроў розных узростаў з моладдзю. Хто сказаў, што класіка не ў стане закрануць маладое пакаленне? Яна таму і вечная, што можа быць гэткай “адкрытай таямніцай” для ўсіх. Трэба толькі яе данесці!

— У тым ліку — праз фестываль? А чаму, да прыкладу, не праз конкурсы? Там жа ёсць яшчэ “інтрыга спаборніцтва”…

— Насамрэч, я іх праціўнік.

— Ну-ну, асабліва пасля таго, як яны далі вам добры старт. Яшчэ ў падлеткавым узросце пасля перамогі ў Кіеве вам прапанавалі прадоўжыць навучанне за мяжой, і вы абралі Польшчу. А лаўрэацтвы ў Германіі (“Kissinger KlavierOlymp”, дзе арганізатары самі выбіраюць удзельнікаў сярод наймацнейшых піяністаў свету) і, асабліва, Англіі (“James Mottram International Piano Competition”) мелі працягам шматлікія гастрольныя туры…

— Конкурс тады мае сэнс, калі ў яго закладзены нейкі канцэртны ці навучальны працяг. У адваротным выпадку — гэта проста “латарэя”: плаціш за “білет” (у сэнсе — за ўдзел) у надзеі выйграць куды большую суму грошай. Перамога зусім не азначае паспяховую далейшую кар’еру. Ёсць шмат музыкантаў, якія адбудавалі яе і без конкурсаў. Таму калі б мне раптам давялося арганізоўваць штосьці падобнае, я абавязкова запрашаў бы ў журы не толькі педагогаў, але і як мага больш канцэртуючых музыкантаў. А ў якасці гасцей — шматлікіх імпрэсарыа. Гэта бывае куды больш важна, чым памер прызавога фонду.

— Дык самае важнае для музыканта — імпрэсарыа?

— Для кар’еры — мабыць. А для станаўлення — першы настаўнік.

— Для вас гэта — бацька? Свой дэбютны альбом, выдадзены сёлета знакамітай амерыканскай фірмай, якая мае эксклюзіўны кантракт з Дзмітрыем Хварастоўскім, вы прысвяцілі менавіта яму…

— Ён пайшоў з жыцця чатыры гады таму. Быў музычным кіраўніком у электратэхнічным каледжы, граў на ўсіх інструментах, спяваў. І нават больш за маму, якая кіруе аркестрам рускіх народных інструментаў у Гродзенскім музычным каледжы, трымаў руку на пульсе майго мастацкага выхавання. У шэсць гадоў адвёў мяне ў музычную школу — да Наталлі Аляксандраўны Латышавай, якая і дагэтуль застаецца маім “музычным сумленнем”. Паехаў са мной у Польшчу, здымаў там кватэру, дапамагаў адаптавацца. Я ж прыехаў туды ў восьмым класе, і трэба было ўсе прадметы — і хімію з фізікай таксама — вывучаць па-польску. Дзякуючы бацьку (а ён паляк па паходжанні) я ўжо літаральна праз паўтара-два месяцы гаварыў без акцэнту. Нават вершы пісаў: толькі першы быў рускамоўным, а ўсе астатнія — па-польску.

— Вершы — пра каханне?

— Не, проста, пра тыя падзеі і змены, што мяне так уражвалі ў жыцці. Неяк па-філасофску атрымлівалася.

— А па-італьянску не спрабавалі? Вы ж там таксама вучыліся…

— У Барыса Петрушанскага, які справядліва лічыцца адным з лепшых піяністаў і педагогаў свету і, дарэчы, адкрые гродзенскі фестываль сваім сольным канцэртам. Для гутарак з ім, як вы разумееце, італьянская мова была не патрэбна.

— А як з’явілася прага да мовы музычнай? Не паверу, што бацька “свядома і планава” пацягнуў сына ў “музыкалку”, калі той, можа, маляваць хацеў…

— Ой, не, маляваць я не ўмею. Бацькі бачылі мае схільнасці. Кажуць, у маленстве мяне немагчыма было ўкласці спаць без навушнікаў. І толькі калі ўключалі оперу, я супакойваўся — і засынаў. А ў восем гадоў, ужо ў Мінску, на мяне такое ўражанне аказаў сімфанічны аркестр! Неабдымная моц гучання, шматквецце фарбаў — я быў скораны назаўжды.

— Дырыжорам стаць не марылі?

— Думаю, дырыжыраванне патрэбна для развіцця музыканта. Дырыжорская ж кар’ера — гэта іншае. А сама спроба ўявіць сябе за пультам вельмі мабілізуе ўвесь твой культурны і чалавечы патэнцыял, устанаўлівае раўнавагу паміж эмоцыямі ды розумам, мастацкай інтуіцыяй і логікай з яе амаль матэматычным “кантролем”. Дый веданне аркестравых тонкасцей — вельмі важна для разумення музыкі.

— Любімы адпачынак — усё тая ж опера ў навушніках?

— Рыбалка.

— За кампанію? Ці каб сядзець і ні пра што не думаць?

— Не думаць? Ды такое ўвогуле, здаецца, немагчыма! Ну, можа, хіба як нейкае недасяжнае майстэрства тыбецкіх манахаў, што дазваляе ім так медытаваць. Бо нават калі глядзіш кудысьці на пустую сцяну, гэта адразу нараджае бездань асацыяцый — і ўсё, думкі паляцелі! А калі едзеш у тым жа метро, бачыш перад сабой незнаёмыя твары — на іх столькі “напісана”! Як жа гэта не “прачытаць”? Кожны быццам распавядае табе сваю “гісторыю”. Хаця, мабыць... Вось камп’ютарныя гульні — тыя цалкам мазгі “выключаюць”.

— А вы гуляеце?

— Калісьці гуляў, але — толькі ў футбол. І сапраўды, забываўся пры гэтым на ўсё на свеце! Але ўсё роўна — рэальны футбол, калі сам бегаеш па полі за мячом, куды цікавейшы. У студэнцкія гады я заўсёды гуляў за каманду сваёй ВНУ. Але зараз, калі з’яўляецца вольны час, пачынаеш думаць, што дарма яго марнаваць, і...

— ...Праца працягваецца? Без асабістага жыцця?

— Мяне запрасілі на тэлебачанне. А ў грымёрцы ўбачыў Яе — і ўсё, каханне з першага погляду...

— Вы, пэўна, эстэт?

— Непапраўны! Для мяне прыгожым павінна быць усё: і стасункі з людзьмі, і банальнае прыняцце ежы. Знешні выгляд, лічу, вельмі важны, ён, насамрэч, люстэрка ўнутранага зместу. Бываюць, канешне ж, выключэнні, але часцей тады, калі ты папросту не заўважыў некаторых дэталей, што не маглі не насцярожыць. Не выношу, калі прыгажосць блытаюць з гламурам. Гламур — “панты”. А прыгажосць — шматгранная, яна адразу прыцягвае ўнутранай энергетыкай, вымушае, як у Гётэ, спыніць імгненне: не толькі каб замілавацца, але і задумацца. Прыгажосць і эмацыйнасць — не сінонімы. Бо ўласна эмоцыя — пэўна, штосьці больш павярхоўнае, заснаванае на прамым перажыванні. А прыгажосць скіравана яшчэ і да розуму, асэнсавання. Але ж імі яна таксама не вычэрпваецца. Здараецца, і тое “не так”, і гэта — “не па правілах”, а быццам свеціцца знутры — і тым прыцягальнае... Усё ж галоўнае — паказаць сябе праз касцюм, а не касцюм праз сябе. А ў музыцы — наадварот: паказаць музыку — праз сябе. Захаваць тым яе сутнасць — і адначасова пазбегнуць стэрэатыпаў...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"