Сучасны бібліятэкар: шэрая мышка ці Флін Карсэн?

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Юрый МАКСІМЕНКА, вучоны сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна
Набліжаецца прафесійнае свята — Дзень бібліятэк Беларусі. Яно прымусіла яшчэ раз узгадаць пра тэму, што мяне даўно хвалюе: якім уяўляецца вобраз бібліятэкара ў грамадскай свядомасці?

/i/content/pi/cult/444/9252/4-33.jpeg

Люстэрка гэтага меркавання, як правіла, — кіно і літаратура. Дык вось, я не ведаю калег, што станоўча адгукнуліся б пра тыя кнігі ды фільмы, у якіх пісьменнік ці аўтар сцэнарыя з кінарэжысёрам дакладнымі мазкамі вывелі б партрэт бібліятэкара. Гады мінаюць, а вобраз шэрай мышкі, што сядзіць за кафедрай з посным тварам і робатападобна выдае чытачам кнігі, застаецца, на жаль, нязменным. Вельмі жывучы стэрэатып!

Выключэнне складае хіба Флін Карсэн, які не толькі працуе ў бібліятэцы, але і расшуквае, нязменна трапляючы ў вір галавакружных прыгод, старадаўнія артэфакты ды бясцэнныя скарбы, сапраўдныя дыяменты сусветнай культуры. Але аўтары, захапляючыся прыгодніцкім складнікам фільма, начыста забываюцца пра сапраўдную сутнасць бібліятэчнай прафесіі. А яна ў тым, каб скарбы надзейна захоўваць і даносіць іх сутнасць праз сваю шматгранную асветніцкую дзейнасць.

Цяжка ўразіў мяне ў сэнсе тэмы гэтай калонкі фільм Аляксея Мізгірова “Бубен, барабан”, дзе “шэрая мышка” ў выкананні “маленькай Веры” Наталлі Нягоды цыкае на наведвальнікаў, якія псуюць кнігі, а ўвечары, хаваючы вочы пад пачварнай шапкай, прадае пасажырам праходзячых электрычак скрадзеныя з бібліятэкі кнігі… Чарнуха, уласцівая гадам перабудовы, а, між тым, карціна была знята параўнальна нядаўна: у 2009-м…

І такіх прыкладаў, на жаль, — мноства. Прыкладна гэткіх жа “бібліяістот” можна ўбачыць у расійскіх фільмах апошніх гадоў: “Блюз апалага лісця”, “Шлюб па разліку” ды іншых. Як тут не згадаць бібліятэкара (цярпець не магу слова “бібліятэкарша”: ёсць у ім штосьці зневажальнае) з кінакарціны “Закаханы па ўласным жаданні”: гэтая жанчына перавыхоўвае героя, сыгранага Алегам Янкоўскім. Фільм зняты даўно, але вобраз бібліядамы, адлюстраваны ў ім, цяжкім шэрым шлейфам цягнецца ў сучасныя кіно і літаратуру…

Рыхтуючыся да святкавання 85-годдзя нашай Гомельскай абласной ўніверсальнай бібліятэкі, мы правялі ІІ Адкрыты літаратурны конкурс “Водбліск натхнёных слоў”, задачай якога было годна прадставіць бібліятэку, бібліятэкара, кнігу і іх ролю ў развіцці грамадства. На конкурс прыйшлі работы не толькі з Гомельскай вобласці, але і з іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі (Масква, Башкартастан). Гэты факт сведчыць пра неаспрэчную значнасць бібліятэкі ў лёсе цывілізацыі і кожнага асобна ўзятага чалавека.

Я з асалодай чытаю вершаваныя радкі Дар’і Дарашко, прозу Вольгі Крачковай, Алега Ананьева, Юрыя Рачынскага… У творах, дасланых на конкурс, раскрываецца вобраз “іншага” бібліятэкара, не бачнага большасці з-за брані стэрэатыпаў. Малады чалавек, галоўны герой апавядання Вольгі Крачковай “Старыя перачніцы”, зрабіў такую выснову: “Вось так, дзякуючы спрэчцы аб “старых перачніцах”, якіх я не знайшоў, пераканаўся на ўласным вопыце, што Інтэрнэт Інтэрнэтам, а без добрай бібліятэкі не абысціся!”. А я дадаў бы: і без добрага сучаснага бібліятэкара — таксама!..