Адчуванне стэрыльнасці

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Мы атрымалі водгук на публікацыю "Чаму да нас так рэдка завітваюць зоркі з сусветнымі імёнамі?".

Напрыканцы ліпеня здарылася амаль неверагоднае: легендарны брытанскі гурт “Depeche Mode” даў канцэрт у Мінску! Калектыў даўно славіцца любоўю да выступленняў у краінах Усходняй Еўропы, тым не менш, у Мінск брытанцы зазірнулі ўпершыню.

/i/content/pi/cult/444/9248/3-5.jpeg

Мяркуючы па ўсім, не апошняй прычынай гэтага стала з’яўленне сапраўды прыдатнай канцэртнай пляцоўкі ў выглядзе “Мінск-Арэны” (усе памятаюць, якім канфузам абярнулася ў свой час для музыкантаў “а-ha” спроба сабраць стадыён “Дынама”).

Рэкламная кампанія будучага выступлення прайшла паспяхова: пра канцэрт, што мае адбыцца, даведаліся “і жук і жаба”, а непасрэдна напярэдадні 29 ліпеня ўсё яшчэ з’яўляліся паведамленні аб гатоўнасці купіць запаветны білет. Хаця ўсе білеты былі прададзены задоўга да пачатку канцэрта, а сапраўдныя знаўцы творчасці “Depeche Mode”, апярэджваючы магчымы летні ажыятаж, наогул набылі іх яшчэ напрыканцы мінулага года. Непасрэдна перад канцэртам ішоў бойкі гандаль майкамі, атрыбутыкай DM, дыскамі, постэрамі ды іншым фетышам. Даволі забаўна, што ў ход ішоў не толькі стаф, аформлены ў стылістыцы апошняга студыйнага альбома — “Delta Machine”, але і папярэдняга — “Sounds Of The Universe”, ды нават кананічнага альбома канца 1990-х — “Ultra”.

Ужо даўно на разагрэве ў “Depeche Mode” не выступаюць якія-кольвечы вядомыя гурты. Вось і на мінскім канцэрце абмежаваліся парай невядомых электроншчыкаў з прахадным сэтам. Пасля невялікай паўзы зорныя брытанцы з’явіліся на сцэне — і... не здзівілі, не. Градус выступлення нарастаў па загадзя складзеным, выразна адрэпеціраваным плане: спачатку — пара новых трэкаў (“Welcome to My World” і “Angel”), затым — пара правераных хітоў (“Walking In My Shoes” і “Precious”), і пасля — невялікі сюрпрыз для знаўцаў гурта (“Black Celebration”) і г. д.

Кожны гітарны рыф Марціна Гора, кожны сэмпл, кожны кадр відэашэрагу, кожны рух вакаліста Дэйва Гаана — усё было ўзважана да апошняй эмоцыі кожнага з тысяч гледачоў, якія запоўнілі залу “Мінск-Арэны”. І нельга сказаць, што глядач не атрымаў тое, чаго ён чакаў, хутчэй, наадварот: музыканты пацвердзілі свой статус сусветных зорак, адпрацаваўшы больш чым дзвюхгадзінны канцэрт на адным дыханні. Прагучалі, мабыць, як самыя чаканыя ды найбольш вядомыя рэчы, накшталт “Enjoy The Silence” і “Personal Jesus”, так і павольныя кампазіцыі, выкананыя “мазгавым цэнтрам” DM Марцінам Горам: “Shake The Disease”, “Home і Higher Love”. І ўсё б выдатна, але асабіста ў мяне засталося пачуццё стэрыльнасці: усё так, як і чакалася, не больш і не менш, але ж гэта ўжо гралася тысячы разоў. Больш за тое, ва ўсім праглядвалася другаснасць: то тут, то там, збянтэжваючы, выразна ўгадвалася самацытаванне і адсылкі да альбомаў са слаўнага мінулага гурта.

Але, мабыць, гэта і ёсць доля калектыву з рэгаліямі, што паспяхова выступае больш за трыццаць гадоў. Удзельнікаў не так ужо і турбуе элемент навізны — яны дакладна ведаюць, як давесці публіку да экстазу, ды паспяхова раз за разам робяць гэта. І вялізны багаж правераных хітоў таму спрыяе.

Мінскі канцэрт “Depeche Mode” завяршыўся феерычным выкананнем “Never Let Me Down Again”, калі 15 тысяч гледачоў у адзіным парыве паўтаралі рух, запушчаны Дэйвам Гаанам, і хорам паўтаралі словы. А адразу пасля канцэрта з’явілася інфармацыя пра тое, што ў лютым “дэпешы” дадуць у Мінску яшчэ адзін канцэрт. На яго я ўжо не пайду: дакрануцца да легенды можна толькі адзін раз, пасля чаго арэол, што свеціцца, бясследна раствараецца, і ты разумееш: усё добра ў свой час. Час “Depeche Mode” беззваротна сышоў, у чым збольшага вінаваты і самі музыканты, ператварыўшыся з наватараў у проста выдатны гурт, які выконвае хіты ў фармаце “The Best Of...” на пацеху публіцы…

Аляксей АМІРАЎ

Мінск