Культурны твітар: мы ў свеце

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Дзе беларусы засвяціліся апошнім часам на культурнай карце свету?

Расія

У Екацярынбургу прайшла цырымонія закладкі каменя на месцы ўстаноўкі помніка беларускаму “Песняру” Уладзіміру Мулявіну. Мерапрыемства адбылося ў дзень заснавання ансамбля “Песняры” — 1 верасня — пры ўдзеле Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Плануецца, што помнік выдатнаму беларускаму музыканту будзе адкрыты ў 2014 годзе да Дня горада Екацярынбурга.

Больш за паўсотні найменняў прадукцыі беларускіх выдавецтваў прадстаўлена на стэндах “Кнігі Рэспублікі Беларусь” і “Выдавецкія праекты Саюзнай дзяржавы” ў Маскве. Экспазіцыя адбылася ў рамках XXVI Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. У рамках “круглага стала” “Мост сяброўства: садружнасць маладых літаратараў Беларусі і Расіі” адбылася прэзентацыя першага выпуска “Літаратурнага альманаха”, выпушчанага па выніках І Міжнароднага літаратурнага конкурсу маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы.

 

Узбекістан

На мінулым тыдні ў Ташкенце прайшлі мерапрыемствы да 22-й гадавіны Незалежнасці Узбекістана. У рамках святкавання адбылося выступленне харавога калектыву “Кацюша” Беларускага культурнага цэнтра “Світанак”, прэзентацыя вырабаў айчынных рамеснікаў, нацыянальных касцюмаў.

 

Латвія

У Рызе прайшоў рэтраспектыўны паказ стужкі “Дзікае паляванне караля Стаха” рэжысёра Валерыя Рубінчыка. Кінасеанс быў арганізаваны латвійскім інтэрнэт-выданнем.

 

Аўстрыя

13 верасня ў Вене адбудзецца дабрачынны канцэрт з удзелам Аўстрыйска-беларускага таварыства і пасольства нашай краіны ў Аўстрыі. У праграме мерапрыемства — музычныя творы ў выкананні беларускіх ды аўстрыйскіх музыкантаў. Сабраныя ахвяраванні будуць накіраваны на ўзвядзенне новага будынка Беларускага дзіцячага хоспіса.

 

Польшча

На мінулым тыдні дзесяць слухачоў з Беларусі, Літвы і Украіны атрымалі дыпломы аб заканчэнні XVIII курса Міжнароднай летняй школы паслядыпломнай адукацыі “Нясвіжская Акадэмія”. Закрыццё адбылося ў варшаўскім Палацы Мышлявецкіх у Каралеўскіх Лазенках. Нагадаем, “Нясвіжская Акадэмія” з’яўляецца адным з паспяховых праектаў у беларуска-польскіх адносінах за 20 гадоў.

 

Украіна

На Крымскім узбярэжжы, у Судаку, адкрыўся IХ Міжнародны тэлевізійны конкурс-фестываль этнічнага, фальклорнага эстраднага вакальнага мастацтва “Усходні базар”. У конкурсе ўзялі ўдзел выканаўцы з 25 краін. Беларусь на форуме прадставіць саліст Маладзёжнага тэатра эстрады Дзмітрый Сяргееў — выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па класе вакалу.

 

Тайланд

Спецыяльным прызам журы адзначана дакументальная стужка беларускага рэжысёра Вольгі Дашук “Кінааматар. Восеньскі сон” на XVII Тайскім кінафестывалі кароткаметражных і відэафільмаў у Бангкоку.

Падрыхтавала Вольга НАВІЦКАЯ