Supranational’ная бібліятэка

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Учора ў Палацы спорту вызначылася пераможца Міжнароднага конкурсу прыгажосці “Miss Supranational-2013”. А на тыдні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з’явіўся стэнд з новай паўсотняй кніг: падарункамі, прывезенымі канкурсанткамі.

/i/content/pi/cult/444/9244/2-3.jpeg

На ўрачыстай цырымоніі кожная прыгажуня перадала кнігу ці фотаальбом пра культуру і гісторыю сваёй краіны ўласна ў рукі дырэктару галоўнага кнігасховішча Беларусі Раману Матульскаму. “Наша бібліятэка насамрэч незвычайная. Каго толькі мы ні сустракалі ў гэтых сценах: тысячы чытачоў, сотні экскурсаводаў, прыкладна раз на месяц прыязджае хтосьці з кіраўнікоў замежных дзяржаў… Але ўпершыню ў бібліятэцы — самыя прыгожыя дзяўчаты з усяго свету”, — адзначыў у сваім прывітальным слове да канкурсантак дырэктар НББ.

У сваю чаргу, ад імя ўсіх удзельніц конкурсу прыгажосці выступіла прадстаўніца Новай Зеландыі з падзякай за магчымасць наведання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У цырымоніі прымала ўдзел толькі 51 канкурсантка, астатнія ж 34 у гэты час знаёміліся з работай прадпрыемства “Крыніца”.

Раней удзельніцы наведалі гістарычныя і найбольш цікавыя мясціны ў Полацку, Віцебску, Лідзе, Гродне, Нясвіжы, Брэсце. Як адзначыла ўдзельніца ад Украіны Кацярына, найбольш запамінальнымі для яе сталі Сафійскі сабор, Лідскі замак і Брэсцкая крэпасць. Дарэчы, дзяўчына падарыла бібліятэцы кнігу “120 мясцін, якія варта наведаць ва Украіне”.

Вольга НАВІЦКАЯ

Фота Кастуся АНТАНОВІЧА