Кантэнт, замацаваны Пагадненнем

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

На гэтым тыдні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія нашай краіны падпісалі Пагадненне аб двухбаковым супрацоўніцтве. Узаемадзеянне будзе скіравана на папулярызацыю нацыянальнай культурнай спадчыны, захаванне і развіццё культурна-гістарычных традыцый і каштоўнасцей.

Пагадненне падпісалі міністр культуры Барыс Святлоў і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Яно прадугледжвае сумесную дзейнасць у сферы вытворчасці, распаўсюджвання і прасоўвання ў сучаснай медыяпрасторы культурнага кантэнту. Таксама былі вызначаны магчымасці далейшай актывізацыі сумеснай працы.

Як распавёў “К” намеснік дырэктара тэлеканала “Беларусь 3” Сяргей Макарэй, Пагадненне павялічыць магчымасці абодвух бакоў. Белтэлерадыёкампанія і тэлеканал, у прыватнасці, будуць надаваць больш увагі трансляцыі культурных падзей нацыянальнага значэння, стварэнню дакументальных фільмаў ды новых праграм. Напрыклад, “Беларусь 3” ужо працуе над асвятленнем тэмы 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Для далейшай каардынацыі сумесных дзеянняў і своечасовага інфармавання аб планах па гэтым кірунку плануецца сабраць нараду з кіраўнікамі буйных устаноў культуры, сярод якіх — Беларуская дзяржаўная філармонія, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр ды іншыя.

Вольга НАВІЦКАЯ