Неверагодныя прыгоды ашмянскага Монтэ-Крыста

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Зігмунд Мінейка: паміж Беларуссю і Грэцыяй

Мы жывём у дзіўным свеце. Не ведаем, хто і адкуль нашы прабацькі і куды мы ідзём, з якога роду-племені наша фамілія — гэтыя пытанні ў савецкія часы не задавалі. Усё, што было да Кастрычніка, — не “нашанскае”. Напэўна, маральнае падзенне грамадства пачалося з забыцця каранёў сваіх, з абязлічання ўсяго і ўсіх. Здаецца, не прайшло і стагоддзя, а краіна ў масе сваёй ужо ператварылася ў інтэрнат “іванаў, якія не памятаюць роднасці”, і таму людзі нічога не шануюць і нічога не жадаюць ведаць пра сваю гісторыю ды тую багатую нацыянальную культуру, што мы страцілі.

/i/content/pi/cult/443/9235/15-1.jpeg

Зігмунд Мінейка, 1860-я гг.


Пралог

Праўда, у апошнія гады, у тым ліку на старонках “К”, пачалося ўжо “вяртанне імёнаў”, пакуль што ў галіне пластычных мастацтваў. А колькі яшчэ ў іншых сферах чалавечай дзейнасці невядомых сённяшнім грамадзянам імёнаў тых, хто на працягу апошніх стагоддзяў рабіў гонар і славу нашай Бацькаўшчыне, а потым апынаўся ў чужых краінах? Канешне ж, аднаўляць гістарычную памяць людзей вельмі цяжка, але без гэтага мы проста не будзем паўнацэнным народам, а застанёмся ўсяго толькі насельніцтвам.

Гэтыя невясёлыя думкі прыйшлі да мяне, калі я аднойчы правёў апытанне некалькіх дзясяткаў маладых людзей: каго яны ведаюць з выдатных асоб Беларусі мінулых часоў? Толькі некалькі чалавек назвалі Скарыну і Каліноўскага. З літаратарамі справа была лепш: Купала, Колас, Караткевіч, Багдановіч, Быкаў. Яшчэ згадалі мастакоў Бялыніцкага-Бірулю, Шагала і Савіцкага, а таксама Мулявіна. Хтосьці, з больш падкаваных, блытаўся з родавым кланам Радзівілаў, нехта чуў імёны Рагнеды, Вітаўта, Анастасіі Слуцкай (праўда, толькі па фільме), але не больш за тое.

Разумею, адраджаць свае генеалагічныя галіны сёння складана: большасць з нас сваіх продкаў далей дзедаўскай ці прадзедаўскай лініі не ведае, бо шмат дакументаў згублена. Можа, што захавалася ў нейкіх архівах, але хто ўсё тое зараз будзе шукаць? Унукам і праўнукам сёння гэта, мякка кажучы, “да лямпачкі”, як і чытанне разумных кніг. А тых сапраўдных даследчыкаў нашага вялікага мінулага, да якіх я магу з поўным правам аднесці, напрыклад, вельмі паважанага мной Адама Мальдзіса, засталося зусім няшмат...

/i/content/pi/cult/443/9235/15-2.jpeg

На гэтым месцы ў старажытнагрэчаскім Дадоне
дзве тысячы гадоў таму знаходзіўся храм Зеўса,
які адшукаў Зігмунд Мінейка.

Але здараюцца дзівосы, што такія генеалагічныя карані раптам выяўляюцца і ў наш час! Шмат гадоў быў у мяне блізкі сябра — вядомы мастак-жывапісец, выдатны партрэтыст і рысавальшчык Уладзімір Андрэевіч Мінейка. На жаль, улетку 2001-га ён памёр пасля цяжкай хваробы на 76-м годзе жыцця. Незадоўга да гэтага раптам высветлілася цудоўная рэч пра яго роднасныя сувязі з сям’ёй вядомых палітычных дзеячаў Грэцыі: Георгіясам (старэйшым) Папандрэу (1888 — 1968 гг.), яго жонкай Соф’яй Мінейка (1883 — 1981 гг.), іх сынам Андрэасам (1919 — 1996 гг.) і сынам апошняга — таксама Георгіясам (малодшым) Папандрэу (нар. у 1952 г.). Абодва яны, бацька і сын, былі ў розныя часы прэм’ер-міністрамі краіны на Балканскім паўвостраве. Дакладней, я і раней чуў ад Валодзі сёе-тое пра такую неверагодную сямейную сувязь, але лічыў гэта больш цудоўнай легендай, чым праўдай.

Аднак напрыканцы 1990-х Уладзімір Андрэевіч раптам атрымлівае ліст ад Георгіяса Папандрэу-малодшага. У ім Георгіяс паведамляў пра тое, што з вялікім задавальненнем даведаўся, што ў Мінску жывуць ягоныя далёкія сваякі — прадаўжальнікі сямейнага клана Мінейкаў. Да гэтага спадар Папандрэу быў упэўнены, што яго род мае старажытна-польскія карані. І яшчэ ён абяцаў, пры магчымасці, наведаць Мінск, каб асабіста сустрэцца з Уладзімірам Андрэевічам.

У маім хатнім архіве захаваўся запіс той размовы з Валодзем наконт гэтай амаль непраўдападобнай гісторыі, якую я зараз прадстаўлю чытачам, перш чым распавесці пра жыццё і дзіўныя прыгоды нашага сённяшняга галоўнага героя — Зігмунда Мінейкі. Так-так, таго самага, каго яшчэ пры жыцці і потым называлі ці то “беларускім Эдмонам Дантэсам” (графам Монтэ-Крыста) ці то “гамераўскім Адысеем з-пад Ашмян”. Я дадаў бы: ён быў гэткі рамантычны ашмянскі Дон Кіхот з напалам актыўнага рэаліста-практыка рэвалюцыянера Джузэпэ Гарыбальдзі, з якім Зігмунд Мінейка, былы беларускі інсургент, аказаўся добра знаёмы, і, падобна да вялікага італьянца, ён зведаў шмат няпростых жыццёвых метамарфоз, перамог і паражэнняў...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"