Маляванка з пасагу

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Вілейка дорыць Мінску рай

“З Вілейкі з любоўю” — пад такой назвай Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва анансуе выстаўку работ народных майстроў з фондаў Вілейскага краязнаўчага музея. Беларускія маляваныя дываны, маляванкі на шкле, размаляваныя макаткі (невялікія малюнкі на тканіне, якія выкарыстоўваліся для ўпрыгожання ў чырвоным кутку вясковай хаты) ды іншыя атрыбуты вясковага побыту 1-й паловы ХХ стагоддзя складуць экспазіцыю, што пройдзе пад дэвізам “Рэгіёны — сталіцы” і станецца падарункам мінчанам да Дня горада 14 верасня.

/i/content/pi/cult/443/9233/14-1.jpeg

Макатка "Кацяняты ў кошыку" невядомага аўтара.
Вілейскі раён, 1940-я гг.

Слова “любоў” — не выпадковае ў назве. Яно нарадзілася з адчування, якое ўзнікла пры адборы экспанатаў у Вілейцы. Скарбы народнай творчасці з іх шчырымі вобразамі зачаравалі, напоўнілі прастору энергіяй любові, утульнасці. І ў гулкай вясковай цішыні зацікаў насценны гадзіннічак, што адлічвае час у наша мінулае, прасякнутае шчырай верай у светлую будучыню і магчымасць раю на зямлі. Падобнае жывое адчуванне прыгажосці — у гэтых на першы погляд простых, але выразных ды шчырых работах майстроў маляванкі пачатку ХХ стагоддзя, сабраных намаганнямі калег.

Вілейскі музей быў створаны больш за трыццаць гадоў таму, і менавіта тады пачалося фарміраванне яго калекцый, у тым ліку — калекцыі маляванак. У фондах захоўваюцца дываны як невядомых аўтараў, так і майстроў, чые імёны сталі здабыткам інсітнага мастацтва рэгіёна: гэта Іван Занковіч з вёскі Любаўшы, Вольга Мажэйка з вёскі Старынкі, Васіль Дземяшкевіч з вёскі Сіўцы.

— За апошнія тры гады, — распавядае дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар, — калі мы мэтанакіравана ездзілі па вёсках у пошуках прадметаў роспісу, змаглі сфарміраваць калекцыю малюнкаў на шкле і макатак, якая налічвае некалькі дзясяткаў адзінак, што для раённага музея ўнікальна. На вялікі жаль, у савецкі час мастацтвазнаўцы і музейшчыкі практычна не надавалі ўвагі прадметам народнага роспісу па тканіне, цыраце, шкле, бо лічылі іх малакаштоўнымі і адносілі да кітчу. У выніку велізарны пласт народнай культуры быў практычна страчаны. Беззваротна сышоў і той час, калі яшчэ былі жывыя майстры, якія актыўна зараблялі набіванкамі, роспісам па шкле і лёне ажно да 1950-х гг. Мы прыкладаем намаганні, каб ліквідаваць прабел.

Цяпер, калі выязджаеш у экспедыцыі па вёсках і распытваеш пра тое, што, магчыма, яшчэ захавалася з некалі такіх дарагіх сэрцу рэчаў, нязменна чуеш: “Раней такое было ў кожнай хаце, але потым усё павыкідвалі ці здалі “рызнікам”, бо купленае стала маднейшым...”. Але калі ўсё ж такі знаходзіш у доме якой-небудзь бабулі рамку з малюнкам на шкле з падкладкай з фольгі, то не можаш паверыць свайму шчасцю!..

Раскажу адну гісторыю, на мой погляд, вельмі паказальную, з апошніх экспедыцый, калі мы запісвалі фальклор па вёсках. У адной бабулі ўбачылі ў далёкім пакоі над ложкам размаляваны дыван. Яго яркасць і каларыт здзівілі. Калі сталі распытваць пра дыван гаспадыню, то высветлілася, што гэта — ейны пасаг, які ўжо больш за семдзесят гадоў вісіць каля сямейнага ложа. Яна распавяла, як у 1930-я, якраз напярэдадні яе вяселля, у вёску прыйшла жанчына, аднекуль з Віцебшчыны, і для ахвотных стала маляваць на заказ. А паколькі бацька нявесты быў “даволі заможны”, то вылучыў для дачкі не проста льняное палатно, а цэльнатканае ваўнянае. На ім майстрыха і намалявала вянок кветак у абрамленні руж, макаў і зеляніны. На нашу просьбу прадаць маляванку для музея бабуля адказала, што яна для яе вельмі дарагая і цяжка з ёй расстацца. Мы зрабілі фота для архіва музея і з тым з’ехалі.

Праз паўтара года ў музей патэлефанавалі, і на тым канцы дрота пажылы голас спытаў: “Сынок, ці не вы прыязджалі да нас у вёску запісваць песні ды ўсё цікавіліся маляваным дываном, які вісеў каля майго ложка?” Я, вядома, тут жа ўспомніў бабулю, спытаўся пра здароўе... “Састарэла я ўжо зусім, дрэнна бачу, зімую ў дачкі і толькі вясной еду зноў у родную хатку. Дык вось, мае дзеткі ўжо поўныя гаспадары ў хаце, стараюцца навесці парадак, як на дачы: паставілі новыя вокны, абабілі нечым такім жа і хату. Унутры робяць, як у кватэры: ставяць новыя дзверы, клеяць новыя шпалеры. І, нарэшце, вырашылі выкінуць маю маляванку: кажуць, што не пасуе новым шпалерам ды абстаноўцы... Я і ўспомніла пра вас ды вырашыла патэлефанаваць, пакуль жывая, і перадаць у музей дыванок”...

...Выстаўка з Вілейкі ў сталічнай галерэі — магчымасць судакранання з чымсьці сапраўдным, убачыць цяперашняе народнае мастацтва радасці. Сёння такія “прышчэпкі” аўтэнтычнасці, здаецца, становяцца неабходнымі. Для прафесіяналаў экспазіцыя — яшчэ адна магчымасць задумацца аб значнасці інсітнай культуры. А для гледачоў — выдатная магчымасць атрымаць асалоду ад шчырай прыгажосці работ нашых народных майстроў, ці проста ўспомніць казкі дзяцінства…

Крысціна ЛЯДСКАЯ, куратар выстаўкі, старшы навуковы супрацоўнік Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва