Вялікая беларуская сцяна перад “новай драмай”

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Частка ІІI / Чарговыя ўдзельнікі апытання “К” — Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага і Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр у асобах іх кіраўнікоў ды галоўных рэжысёраў — паставіліся да пытання наконт зацікаўленасці ў п’есах і аўтарах “новай драмы” з філасофскай разважлівасцю. Рэакцыя была рознай: ад шчырай зацікаўленасці да прагматычнага падыходу. Але, у цэлым, меркаванні нашых сённяшніх візаві выявілі наступнае: сучасная беларуская драматургія і феномен “новай драмы” — паняцці размытыя.

“Ды і адкуль нам даведацца?”

/i/content/pi/cult/443/9232/7-1.jpeg

Раман ЦЫРКІН, галоўны рэжысёр Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа:

— Прызнацца, я не такі дасведчаны ў сучаснай айчыннай драматургіі, у апошніх творах беларускай “новай драмы”, але цалкам адкрыты да паглыблення ў матэрыял. Асабіста для мяне добры твор вымяраецца прыцягненнем увагі да праблем грамадства, раскрыццём іх праз выразныя сродкі. Таму, калі сучасныя беларускія драматургі ставяць перад сабой падобныя задачы, мы знойдзем агульную мову.

— У вас ідуць п’есы прадстаўнікоў “новай драмы”?

— У нас у рэпертуары ёсць казка Паўла Пражко “Чароўны лес”. Таксама я планаваў пазнаёміцца з ягоным творам “Ураджай”. Чытаю і сучасную расійскую драматургію, да прыкладу, братоў Дурнянковых, але мне не хапае ў п’есах аўтараў прывязкі да айчыннай глебы: усё ж такі ў Беларусі сітуацыя іншая. Аднак зараз гаворка пра новыя пастаноўкі ўвогуле не вядзецца: магчыма, вы ведаеце нашу сітуацыю…

— Ваш тэатр пацярпеў ад пажару. У якім рэжыме працуеце?

— Збольшага ў рэжыме выязной філармоніі, якая паказвае па дзіцячых садках казкі. Разумею, што гэта важна, ды ўсё ж… Хацелася б займець нармальную стацыянарную пляцоўку. Спадзяюся, сітуацыя неяк вырашыцца.

 — На вашу думку, чаму беларуская “новая драма” як з’ява збольшага не ўспрымаецца беларускімі тэатрамі?

— Прычын — некалькі, але галоўная з іх — мы не можам як след дазнацца пра “новую драму”, асэнсаваць яе. Ды і адкуль? Асабіста я адчуваю нястачу спецыялізаванага выдання, прысвечанага тэатру, дзе друкаваліся б новыя драматургічныя творы, абмяркоўваліся праблемы беларускай тэатральнай прасторы, дзе даследчыкі маглі б размясціць свае работы. У нас жа тэатразнаўцы займаюцца даследаваннямі, ці не так?

— А дзейнасць Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры, які займаецца рассылкай новых п’ес на сталай аснове? Няўжо вы пра яго не ведаеце? Не атрымлівалі лістоў?

— Магчыма, і атрымлівалі, але зараз узнікла паўза. Паўтаруся, хацелася б быць больш уключаным у працэс. У мяне такое адчуванне, што мы тут, у Мазыры, знаходзімся на нейкім востраве, і да нас даходзяць толькі “крошкі” інфармацыі з “агульнага стала”. Плюс, да ўсяго, не спрыяе дасведчанасці і раз’яднанасць тэатральнай суполкі. Адсюль, мне падаецца, “растуць ногі” многіх праблем, у тым ліку ўспрымання “новай драмы” як невядомай з’явы ці штучнага феномену. І атрымліваецца так, што тэатры, ці нават беларускія рэжысёры бачаць яе — “новую драму” — адно скрозь прызму ўласнага досведу…


“Цікавіць драматургія высокага ўзроўню”

/i/content/pi/cult/443/9232/7-2.jpeg

Сяргей КАВАЛЬЧЫК, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага:

— Ваша газета ўжо адзначала акцыю нашага тэатра “Сезон беларускай драматургіі”. І я мяркую, што гэты праект можна лічыць своеасаблівым унёскам у справу папулярызацыі сучаснай беларускай драматургіі. Нагадаю яго аўтараў: гэта Аляксей Дудараў з новай п’есай “Экзекутар”, Мікалай Рудкоўскі з пастаноўкай “Бесы. Постскриптум” паводле Фёдара Дастаеўскага, Васіль Дранько-Майсюк, які працуе над драматургічным творам пра Уладзіміра Мулявіна “Пясняр”… Барыс Іванавіч Луцэнка стварыў спектакль па п’есе Андрэя Макаёнка “Зацюканы апостал” пад назвай “Аракул?..”. На маю думку, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага свой крок у кірунку папулярызацыі беларускай драматургіі зрабіў.

— Якімі якасцямі мае валодаць п’еса, каб яна зацікавіла?

— Яна павінна ўяўляць з сябе па-мастацку цэласны, цікавы, прафесійна зроблены твор. Аскар Уайльд казаў: “Няма кніг маральных ці амаральных — ёсць толькі добра або дрэнна напісаныя”. Таму няма розніцы, да якога кірунку належыць п’еса. Яна цікавіць мяне як твор, які мае мастацкую і драматургічную каштоўнасць.

— Вам не падаецца, што прычына, па якой рэжысёры не бяруцца ставіць п’есы таго ж Паўла Пражко, — выкарыстанне ненарматыўнай лексікі ў творах?

— А вы лічыце, гэта — нармальна? Я разумею, што аўтар хоча паказаць нам праўду жыцця, але “праўда жыцця” і “праўда сцэны” — гэта розныя рэчы. Магу прывесці такую паралель: усе мы ведаем гурт “Ленінград” (дый я сам станоўча стаўлюся да іх творчасці), але не магу ўявіць, каб гэтая каманда з яе самымі брутальнымі творамі гучала па радыё. Гэта нават не абмяркоўваецца. Чаму ж тады п’есы Паўла мусяць быць выключэннем? Калі ласка, для падобных эксперыментаў ёсць тэатральныя лабараторыі, адпаведныя цэнтры… Ніхто не супраць ставіць і паказваць яго творы там.

— У вас ёсць пэўныя планы ў гэтым кірунку?

— Я не імкнуся ўхапіцца і паставіць твор “новай драмы”. Драматургія высокага ўзроўню — вось што мяне цікавіць. Мне нядаўна прыйшлася даспадобы п’еса Дзмітрыя Багаслаўскага “Ціхі шоргат сыходзячых крокаў”, але яе перахапіў іншы тэатр. Буду шукаць варыянты…

— Ваша практыка замовы п’есы драматургам, як гэта адбылося, напрыклад, з “Пане Каханку”, якую напісаў Андрэй Курэйчык, з “Бесы. Постскриптум”, што вы замовілі Мікалаю Рудкоўскаму, апраўдвае сябе?

— Прыкладаў падобнага супрацоўніцтва мноства — не толькі тыя, якія вы назвалі. Плён гэтых высілкаў можна бачыць сёння на нашай сцэне, і калі я надалей скарыстоўваю падобную практыку, значыць, бачу ў ёй сэнс. Так, я люблю “правакаваць” аўтараў на творы. Калі з’яўляецца пэўная ідэя і ёсць водгук аўтара да маёй прапановы  — цікава, што ў выніку можа нарадзіцца… Шлях таго ж “Пане Каханку” да рэалізацыі быў вельмі доўгім: каля дзесяці гадоў. Ідэя пастаноўкі ўзнікла яшчэ пад час працы ў РТБД, а здолела ажыццявіцца ў гэтым тэатры.

— У вас не было спакусы самому напісаць п’есу?

— Я — рэжысёр. Ніколі не думаў пра тое.

— Наколькі прынцыповае пытанне мовы ў Горкаўскім тэатры?

— У нас няма комплексаў у гэтым пытанні. І наша трупа не горш за іншыя калектывы краіны здольная сыграць спектакль на беларускай мове. Але калі мова арыгінала п’есы — руская, мы будзем іграць на рускай. Усё ж у нашай краіне — дзве дзяржаўныя мовы, і я часам не разумею папрокаў прэсы ў тым, што мы паказваем “Зацюканага апостала” на рускай: Макаёнак напісаў гэтую п’есу на рускай, а потым зрабіў і беларускамоўны варыянт. Мы таксама маем права на выбар мовы. Але тое, што мы іграем на рускай, не значыць, што мы адмаўляемся ад нашага ўнікальнага светапогляду…


“Стаўлюся насцярожана”

/i/content/pi/cult/443/9232/7-3.jpeg

Юрый ВУТА, дырэктар — мастацкі кіраўнік Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра:

— Цікавасць да аўтараў “новай драмы” ў мяне ёсць, але, па шчырасці, я стаўлюся да іх творчасці насцярожана. Часам мне здаецца, што некаторыя з сучасных драматургаў проста зрабілі выдатную кампіляцыю дыялогаў, узятых з замежных сайтаў. Я не бачу за гэтымі тэкставымі рухамі ўдумлівасці, душы, што даюць п’есе “доўгайграючы” эфект.

Вось зараз мы напісалі разам з драматургам Васілём Ткачовым п’есу “Букет для ўнука”. Гэта ўжо, падаецца, дваццаць дзявяты варыянт, але было неабходна знайсці такія “кропкі”, якія краналі б усіх, каб твор адлюстроўваў розныя погляды людзей на свет. Пабачым, як успрыме публіка гэты варыянт.

— Ці падаюцца вам занадта легкадумнымі творы сучасных драматургаў?

— Зразумела, усё залежыць ад драматурга. Спецыфіка нашага тэатра — гэта праца з моладдзю. Таму перада мной стаяць такія задачы: з аднаго боку, прывабіць маладую публіку цікавай тэмай, праблемай, а з іншага — не скаціцца ў гэткую “забаўку” ды эксперымент дзеля эксперыменту. Пры такім раскладзе я аддаю перавагу творам, “правераным” часам, — п’есам Чэхава, Дзюрэнмата, — але, у той жа час, адкрыты для прапаноў. Не адмовіўся б ад пастаноўкі маладога рэжысёра, нават калі яна і не атрымаецца.

Дарэчы, у нас ставіць п’есы Святлана Навуменка, рэжысёр РТДБ. Праз яе мы трымаем сувязь з Цэнтрам сучаснай драматургіі і рэжысуры. Аляксандр Марчанка дасылае нам п’есы таго ж Мікалая Рудкоўскага, Дзмітрыя Багаслаўскага, Паўла Пражко… Але, на маю думку, для прарыву “новай драмы” не хапае адмысловай звязкі: малады рэжысёр і малады драматург. Каб такі тандэм прыйшоў у тэатр, патлумачыў, пераканаў у сваім матэрыяле — я, напрыклад, тут жа пайшоў бы прасіць грошы на пастаноўку.

— Якую мову вы звычайна абіраеце для сваіх спектакляў?

— У нас — чатыры пастаноўкі беларускіх аўтараў, якія, вядома, ідуць на беларускай мове. Быў нават спектакль на трох мовах адразу — “Бязвінная смерць Ганначкі, або Буржуй у бутэльцы”, які ідзе на рускай, беларускай і ўкраінскай. Але наш тэатр збольшага рускамоўны. Вядома, я прытрымліваюся пазіцыі ставіць п’есы на мове арыгінала, аднак маладзёжная публіка ўспрымае наш выбар па-рознаму. Часам бывае і такое: пасля некалькіх хвілін спектакля хтосьці з залы паблажліва выдае: “А, на беларускай!”… Чуць такое, ведаеце, не вельмі прыемна. Вось і думай пасля: як зрабіць так, каб той тынэйджар, які кінуў абразлівую рэпліку, не сышоў, а зноў прыйшоў у тэатр. Як кажуць, у працы з моладдзю ёсць нюансы…

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА, Юрыя ІВАНОВА і з архіва Гомельскага маладзёжнага тэатра

Чытайце таксама першую і другую часткі абмеркавання.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"