Камерцыя ды ідэалогія: фестываль у Эстоніі

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Зямля эстонцаў — аднаго з найстаражытных (фіна-ўгорскіх) народаў свету — з прасоленымі морам дзюнамі і бухтамі, зялёнымі барамі, хутарамі з пасівелых валуноў, шпілямі партовага Таліна, як ніякая іншая нагадвае пра вечныя каштоўнасці мірнага ладу жыцця. Невыпадкова менавіта ў тамтэйшым мястэчку Йыхві напрыканцы ліпеня прайшоў V Міжнародны фестываль “Slaavi Valgus” — адзін з найудалых каляфальклорных оўпэн-эйраў лета.

/i/content/pi/cult/443/9229/5-2.jpeg

На гэтым форуме культур розныя жанры традыцыйнага і сучаснага мастацтва злучыліся з ідэямі талерантнасці ды павагі да звычаяў і светапогляду ўсіх народаў пад агульнымі нябёсамі. Сінтэз у фестывальным руху камерцыі з ідэалогіяй для нас — пакуль, хутчэй, жаданне, чым норма. І вопыт працы ў такіх умовах здаўна (фундатары фэсту — выдавецкі канцэрн і мясцовы муніцыпалітэт) не можа быць нецікавым.

За тры дні камфортны Йыхві Лінапарк наведала 30 тысяч гледачоў, якія пакінулі па 8 — 10 еўра толькі за ўваход. На самім фестывалі іх чакалі рэстараны нацыянальнай кухні, этнавёска, “Горад майстроў”, лагер вікінгаў, дзіцячая пляцоўка, сырна-малочная казіная ферма, стаянка амерыканскіх індзейцаў, Бахус і німфы ля бочкі з салодкім віном. А таксама, натуральна, тры сцэны, што працавалі ад апоўдня да прыцемкаў.

Хэдлайнеры — “Іван Купала”, “Londonbeat” і “Svjata Vatra”. Атачэнне для іх — 80 калектываў (колькасць іх удзельнікаў, паводле слоў арт-дырэктара фэсту Вячаслава Лагуткіна, — 1 250) з 8 краін. Дзея стварала фестывальны настрой, таму ў парку людзі бавілі дні сем’ямі.

Фаварытам стаўся, безумоўна, гурт “Іван Купала”: спевы “вельмі блізка” да аўтэнтыкі, густоўная электронная “падложка” пад фальклор (якая, пры ўсёй нескладанасці, насамрэч пабудавана на каранёвых гармоніях танцавальнай і карагоднай рускай музыкі), кантакт з залай і, што заўжды прываблівае, любоў да музычнай культуры свайго народа. Харызматычныя салісткі раскавана пачуваюць сябе на аздобленай святла- і піратэхнікай сцэне ў традыцыйнай вопратцы, абсалютна не імкнуцца змяняць ільняныя кашулі ды сарафаны на квазішляхецкую парчу ды аксаміт, у чым грэшныя многія (у тым ліку беларускія) этнавыканаўцы.

Нетаропка, але паслядоўна дзяўчаты і хлопцы з гурта “Іван Купала” робяць важную справу: ужо не першы год яны “адваёўваюць” для этнічнай музыкі славян прастору ў СМІ, адкуль яна сёння выціснута англамоўным музімпартам і мясцовым шансонам. І публіка за гэта ім удзячная: такіх ланцугоў ды ручаёў з гледачоў не было нават на выступленні гіперпластычных афрабрытанцаў “Londonbeat” — так, тых, што “I’ve been thinking about you”, калі амфітэатр напаткала сапраўдная істэрыя.

Эстонска-ўкраінскі гурт “Svjata Vatra” шукае альтэрнатыўны гітарнаму рок-саўнд з акардэона, набору народных духавых, ударнай устаноўкі і гучнага вакалу Руслана Трачынскага, які добра арыентуецца ў лабірынтах фальклору нашых паўднёвых суседзяў. Хлопцы сабралі шмат апладысментаў і з інтарэсам прыслухоўваліся да смыковай і дударскай музыкі ды этнічных спеваў — “фірменнага” складніка гуку нашай “Талакі”, з кім ім давялося дзяліць галоўную сцэну.

Пад апладысменты, карагоды і феерверкі “Slaavi Valgus” быў завершаны, але, як заведзена ў руплівай Прыбалтыцы, аргкамітэт ужо пачаў рыхтаваць наступны фэст.