Рэбрэндынг толькі пачаўся

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

“Бюджэтны” Быхаўскі замак замест перыяду без гаспадара

Яшчэ зусім нядаўна Быхаў настойліва ствараў уражанне “звычайнага” райцэнтра — з ліку тых, дзе воку асабліва няма за што зачапіцца. Са звыклай панарамы вытыркаліся хіба ацалелыя сведчанні багатай гісторыі, але замест заканамернай цікавасці яны выклікалі адно журботныя пачуцці. І — шкадаванне пра нерэалізаваныя магчымасці, якія з кожным годам развальваліся ў друз.

Дзень беларускага пісьменства стаў нагодай для “рэбрэндынгу” Быхава. Вялізныя фрэскі з выявамі Льва Сапегі ды Яна Караля Хадкевіча, якія ўпрыгожылі камяніцы савецкай эпохі, — “ноу-хау”, вартае пераймання. Уражанні на шляху ад замка ды сінагогі таксама ўдалося змяніць — з дапамогай вялізных банераў, што выяўляюць пару росквіту гэтых выбітных помнікаў спадчыны.

Вядома, такіх “касметычных” захадаў замала для паўнавартаснай карэкціроўкі іміджа горада. Але мясцовыя ўлады і не збіраюцца на гэтым спыняцца. Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец паведаміў карэспандэнту “К” папраўдзе сенсацыйную навіну: Быхаўскі замак не будзе закансерваваны, як гэта прадугледжвала Дзяржпраграма “Замкі Беларусі”. З той простай прычыны, што замест згаданых “паўмер”, помнік збіраюцца аднавіць ва ўсёй яго велічы!

/i/content/pi/cult/443/9228/4-1.jpeg

 

— Там будзе і шыкоўны музей, і карцінная галерэя, — распавёў Анатоль Сінкавец. — Усяго за якія пяць гадоў руіны ператворацца ў магутны турыстычны аб’ект!..

Ад падмуркаў да шпіляў

Без сумневу, такі паварот сюжэта адразу выклікае процьму пытанняў. Рэканструкцыя патрабуе куды больш трывалага навуковага базісу, чым проста захаванне парэшткаў. Трэба ж, урэшце, ведаць, што аднаўляць, ці, прынамсі, мець належныя падставы для гіпотэз. Да нядаўняга часу ведаў пра Быхаўскі замак было назапашана зусім вобмаль. Гэта нядзіўна, улічваючы хаця б той факт, што археалагічных раскопак ніколі тут не праводзілася — ізноў жа, да нядаўняга часу.

Але ўжо першыя этапы “паглыблення ў нетры”, распачатыя студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, загадчыка кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных навук МДУ Ігара Марзалюка, прынеслі багаты ўраджай знаходак ды адкрыццяў.

— Намі выяўлены культурны слой, які датуецца яшчэ ІІІ — V стагоддзямі, а ў Х стагоддзі на гэтым месцы было ўжо славянскае селішча, — распавёў сенатар і навукоўца. — Што ж да замка, які адлічвае сваю гісторыю ад 1540 года... Мы цалкам даследавалі яго фартыфікацыю, “прарэзалі” першапачатковы вал, зафіксавалі рэшткі падмуркаў сцен, высветлілі, якой была аўтэнтычная падлога ў вежах і пакрыццё даху ў палацы. Выяўлены і кафляныя печы, якія можна рэканструяваць…

Некалькім знаходкам адназначна прыгатавана пачэснае месца ў музейнай экспазіцыі: па-першае, гэта кельма, забытая кімсьці з муляроў наўпрост у муроўцы, а па-другое — кафля з выявай герба Яна Сапегі. Падобных пакуль не выяўлена!

У той самы час, знаходкі ў зямлі ніяк не могуць праліць святло на тую частку замка, што велічна ўзвышалася ў паветры, — скажам, характар завяршэння вежаў. Але тут, нібы знарок, здарыўся яшчэ адзін “цуд”. Зусім нядаўна малады даследчык архітэктуры Мікола Волкаў адшукаў у берлінскім архіве панараму Быхава, датаваную 1655 годам: замак там відаць бы на далоні.

— Больш за тое: у нашым распараджэнні ёсць усе інвентары Быхаўскага замка, — дадае Ігар Марзалюк. — Дзякуючы гэтаму мы дакладна ведаем, якім быў функцыянальны характар тых або іншых памяшканняў ды іх інтэр’еры, якія былі шпалеры, што за мэбля, колькі было жырандоляў... Адпаведна, увесь гэты матэрыял у комплексе стварае належную базу для правядзення рэстаўрацыйных работ.

Як сведчыць практыка нашых суседзяў, вельмі часта памкненне “аднавіць былую веліч” ідзе ўразрэз з сусветнымі прынцыпамі рэстаўрацыі. Не маючы дакладных звестак пра гістарычны выгляд таго або іншага помніка, яго гіпатэтычныя рэканструктары ўзводзяць на старых падмурках “казачныя замкі” — абы было прыгожа. Аднак дадзены выпадак — без сумневу, з іншай катэгорыі.

А вось у тым, што ў Быхаве “будзе прыгожа”, сумнявацца ніяк не выпадае. Чаго вартая хаця б велічная барочная вежа, якая калісьці ўзвышалася над палацам! Пакуль яе можна ўбачыць толькі на гістарычных выявах альбо макеце замка, які быў створаны навучэнцамі 75-й мінскай гімназіі.

Па суседстве з Сапегамі

Па словах Ігара Марзалюка, археалагічную экспедыцыю ў Быхаўскім замку плануецца зрабіць пастаяннай. Тым больш, работы тут яшчэ — капаць-не перакапаць! Прыкладам, археолагі так і не здолелі поўнасцю расчысціць вялізныя сутарэнні: надта ж гэта складана... Не выключана, што і падземныя хады там знойдуцца, а для раскруткі тураб’екта яны  — нібы бензін для агню.

Паралельна з археолагамі ў замку будуць працаваць і тыя спецыялісты, што забяспечваюць “тэхнічны” бок рэстаўрацыі. Ім належыць выканаць падрабязныя інжынерныя даследаванні руін, вызначыць нясучыя здольнасці падмуркаў і муроў. Па словах архітэктара Наталлі Кузняцовай, прагнозы на гэты конт пакуль не дужа суцяшальныя. У чым прычына?

Быхаўскаму замку папраўдзе пашчасціла — прынамсі, параўнальна з іншымі. Многія яго “равеснікі” былі зраўнаваны з зямлёй яшчэ за дзедам-шведам — прычым у літаральным сэнсе слова! А вось гэты аб’ект фартыфікацыі, які не абмінула ўвагай ніводная ваенная віхура, усё ж дажыў да нашых дзён. І таму асабліва прыкра ўсведамляць, што мірны час стаў для яго не менш складаным выпрабаваннем…

Пра перыяд нядаўняй безгаспадарлівасці ўсім вядома. Многія чулі і пра амбітнага “інвестара” з гучным прозвішчам, які ўзяўся аднаўляць замак. Справа скончылася пажарам, а папярэдне былі разбіты многія ўнутраныя сцены і коміны…

— Падобна, нехта тут упарта шукаў скарбы, — прыйшла да высновы Наталля Кузняцова.

Зрэшты, і папярэдняя эпоха жыцця замка — калі ён належыў мэблевай фабрыцы — таксама прынесла немалую шкоду. З аднаго боку, гэты гаспадар неяк прывёў яго да ладу, а з іншага...

— Гартаючы газеты 50-х гадоў, мы можам сустрэць там заклікі выратаваць Быхаўскі замак: пасля вайны ён быў даволі моцна пашкоджаны, — распавядае дырэктар Быхаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Жыжыян. — Мэблевая фабрыка яго аднавіла, але... Пра захаванне гістарычных адметнасцей ніхто тады не дбаў…

Па словах даследчыка, такая непавага да мінуўшчыны была замацавана нават на ўзроўні тагачасных Генпланаў Быхава. Фартыфікацыйная сістэма была незваротна парушана, а побач са старымі мурамі з’явіліся шаша і мост цераз Дняпро. Некаторыя з тых муроў не вытрымалі вібрацыі колаў цяжкіх машын і асыпаліся. Ды і культурны слой быў пашкоджаны.

— Пад час Дня пісьменства мы планавалі экспанаваць рэшткі ўязной брамы, думаючы, што здолеем адшукаць іх у нетрах зямлі, — распавядае Наталля Кузняцова. — Але замест яе выявілі толькі бетонны рэзервуар, які паўстаў тут ужо ў часы мэблевай фабрыкі. Больш за тое: водаадводная сістэма таксама не зроблена. Адпаведна, сёння нам давядзецца выпраўляць тыя памылкі, што сталі вынікам безгаспадарлівасці і заняхайвання мінулых часоў…

/i/content/pi/cult/443/9228/4-2.jpeg

Архітэктар ужо задумваецца пра аднаўленне зруйнаванай ушчэнт уязной брамы, ды і роў нейкім чынам было б няблага “паказаць”... Аднак цяпер гэта зрабіць будзе даволі складана: тэрыторыя і ваколіцы помніка спадчыны сталі ахвярай “стыхійнай” забудовы, якая моцна парушыла гістарычны ландшафт.

Напярэдадні рэстаўрацыі замак “пачысцілі” ад тых спаруд, што з’явіліся там ужо за савецкім часам. Ды, на жаль, прыкрая тэндэнцыя сябе не вычарпала і па сёння: па суседстве з былым палацам Сапегаў нехта ўзводзіць сабе “палацык” з сілікатнай цэглы — па ўсім відаць, што будаўнічыя работы ў разгары. Дэ-юрэ папракнуць гаспадара катэджа няма ў чым: закон ён не парушае, бо ягоныя кроўныя “соткі” не ўваходзяць у ахоўную зону помніка з прычыны... яе адсутнасці...

Зрэшты, як адзначыла Наталля Кузняцова, праекты ахоўных зон быхаўскіх помнікаў спадчыны ўжо робяцца, прычым ахопліваць яны будуць даволі шырокія абшары гістарычнага Быхава. Як вядома, замак быў толькі часткай абарончай сістэмы гэтай моцнай фартэцыі, дзе нават і сёння праглядаюцца старыя равы ды бастыёны.

Яшчэ адзін важны яе элемент — адзіная на Беларусі сінагога абарончага тыпу — дайшоў да нас таксама не ў лепшым стане. Але галоўнае, што — дайшоў! Як падаецца, сёння гэты ўнікальны помнік мог бы лагічна дапоўніць айчынную намінацыю сакральнага абарончага дойлідства ў Сусветным спісе UNESCO, трапіўшы ў адну кампанію з цэрквамі ў Сынкавічах і Мураванцы ды Камайскім касцёлам.

 — Тут нават захаваліся біма ды аўтэнтычныя скляпенні, — распавядае Сяргей Жыжыян. — Дах увогуле ацалеў працэнтаў на 80%: будавалі ж сапраўды на вякі! А вось тыя астатнія 20% — гэта і ёсць галоўная праблема…

Па словах даследчыка, яшчэ ў гады вайны ў сінагогу патрапіла нямецкая бомба. Ліквідаваць прынесены ўрон вырашылі простым чынам: накрыць дах драўляным насцілам. Для салянога склада, у які пераўтварылася сінагога, гэтай увагі было больш чым дастаткова. Потым насціл згніў, праваліўся і стаў ствараць для скляпенняў дадатковыя нагрузкі. Таму работы па кансервацыі будынка, прадугледжаныя Дзяржпраграмай “Культура Беларусі”, давялося пачаць менавіта з прыборкі смецця.

Ізноў жа, ёсць усе падставы спадзявацца, што кансервацыяй справа не абмяжуецца. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў ужо агучыў у друку ідэю стварэння ў былой сінагозе Музея культурнай спадчыны яўрэяў Беларусі. Месца для адлюстравання такой глабальнай тэмы абрана папраўдзе невыпадкова, хаця б таму, што быхаўская сінагога — адна з дзвюх найстаражытных у краіне (з ліку ацалелых, вядома). Больш за тое: гістарычныя хронікі захавалі, бадай, беспрэцэдэнтныя сведчанні ўдзелу яўрэйскай грамады ў абароне горада. Значыць, ёсць пра што распавесці ў экспазіцыі...

Гадоў сто таму Быхаў быў яўрэйскім амаль на 80%, сёння ж прадстаўнікоў гэтага народу тут жыве ўсяго 36 чалавек. Але “культурны пласт” не пакідае абыякавым іх суайчыннікаў з усяго свету. Літаральна месяц таму Быхаў наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Іосіф Шагал, які прывёз дэлегацыю зацікаўленых асоб...

— Старшыня райвыканкама Дзмітрый Калееў надае вялікую ўвагу пошукам партнёраў для рэалізацыі гэтага праекта, і таму ёсць усе падставы меркаваць, што сумеснымі намаганнямі мы дасягнем плёну, — адзначыў Сяргей Жыжыян.

Не так даўно сінагога афіцыйна лічылася “безгаспадарнай”, на што звярнулі асаблівую ўвагу супрацоўнікі Камітэта Дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь пад час праверкі стану помнікаў спадчыны. Але працяглыя дыскусіі адносна таго, на чый баланс павінен перайсці гэты аб’ект, урэшце, спыніліся. Прычым рассеклі гордзіеў вузел менавіта мясцовыя ўлады, усклаўшы на свае плечы адказнасць за лёс помніка.

 

Музей “паплыў” у роў

На сёння паўнавартаснага музея ў Быхаве, лічы, і няма. Ёсць установа, якая паспяхова назапашвае ўласныя фонды, займаецца даследчыцкай дзейнасцю, штогод ладзіць краязнаўчыя чытанні... А вось з месцам, куды можна з гонарам запрасіць гасцей, — пакуль праблема.

Некалі музей размяшчаўся ў адным з навабудаў на замкавай тэрыторыі. Гадоў дзесяць таму ён “паплыў” у роў па згаданых вышэй прычынах, і ўстанову часова перадыслацыравалі ў “прыстасаваны будынак”. Стварэнню эспазіцыі там перашкаджаў нават не брак плошчаў, а недароблены рамонт — уключна нават з элементарнымі камунікацыямі...

Сёння праблема амаль вырашана. Музей рыхтуецца да пераезду ў прыгожую старасвецкую камяніцу на цэнтральнай вуліцы Быхава. Рамонт там ужо зроблены, экспазіцыя, лічы, гатова — прычым для яе былі закуплены цікавыя экспанаты....

— Але, вядома, увасабленне задум у прасторы запатрабуе нямала часу. Балазе справа гэта творчая, і спяшацца тут не выпадае, — адзначыў Сяргей Жыжыян.

І менавіта таму “прыспешваць падзеі” з нагоды свята было вырашана немэтазгодным. Да таго ж, праграма Дня пісьменства ў Быхаве атрымалася і без таго насычанай.

Адной з яе пляцовак стаў менавіта замак. Яшчэ параўнальна нядаўна атмасфера там была зусім “несвяточнай”. Сёння ж мы бачым даведзеныя да ладу вежы з драўлянымі навершамі (пакуль што, вядома, часовымі) і ўтульны скверык, пакрыты сучаснай пліткай.

Безумоўна, апошняя выкліча нямала нараканняў з боку прыдзірлівых турыстаў. Па словах Наталлі Кузняцовай, ад пачатку там планавалася куды больш дарэчная ў дадзеным выпадку брукаванка, але ж часавыя ды фінансавыя ліміты прымусілі адкарэктаваць задуму.

Зрэшты, самае важнае тое, што гэтае месца стала запатрабаваным быхаўчанамі. Нават не чакаючы завяршэння будаўнічых работ, сюды ўжо ідуць мамы з каляскамі. Адпаведна, замак і сапраўды ажывае ў сваёй новай функцыі.

Анатоль Сінкавец лічыць, што найлепшае месца для Быхаўскага музея — менавіта ў старых мурах. Для іх аднаўлення сёлета ўжо было асвоена каля 4 мільярдаў рублёў, да канца ж года сума павінна ўзрасці амаль да 7 мільярдаў. Ды, як відаць, гэтым справа не абмяжуецца, бо работы ў Быхаве — поўны воз.

Не так даўно давялося гутарыць з паспяховым беларускім банкірам і культуртрэгерам (вядома, у найлепшым сэнсе гэтага слова), старшынёй Праўлення “Белгазпрамбанка” Віктарам Бабарыкам. Маю заўвагу адносна ідэалістычнасці яго меркаванняў, нязвыклай для цяперашняга прагматычнага часу, суразмоўца парыраваў папраўдзе слушнай думкай: менавіта ідэя з’яўляецца каталізатарам любога прагматычнага пачыну. І калі гаспадар занядбанага сёння замка шчыра верыць, што заўтра туды паваляць натоўпы турыстаў, ён пераадолее ўсе перашкоды. А калі не верыць — дык нават да “ямачнага рамонту” справа не дойдзе.

У выпадку з Быхавам перспектывы — не прывідныя. Каб гэта зразумець, дастаткова проста паставіць сябе на месца шараговага “спажыўца турпаслуг”. Калі мінчанін захоча ўбачыць замак на ўласныя вочы (альбо яго проста “дастане” малы, які начытаўся гісторый пра Хогвардс), сёння ён гэта зможа зрабіць без асаблівых выдаткаў: сеў у машыну альбо купіў недарагі аднадзённы тур — і праз паўтары-дзве гадзіны ты ўжо ў Міры ці Нясвіжы. Ашаламляльная статыстыка наведвання апошніх двух аб’ектаў сведчыць, што замак — найлепшая прынада для масавага турыста, прычым нават не столькі замежнага, колькі, перадусім, “свайго”. Гэта адукацыя, выхаванне, а значыць, і патрыятычная ідэалогія.

Жыхар Гомеля або Магілёва пакуль не можа дазволіць сабе такой раскошы, як “бюджэтны” замак. Ад Гомеля да Нясвіжа — амаль 450 кіламетраў. Ад Гомеля да Быхава — разы ў тры менш. Ад Магілёва да Быхава — увогуле рукой падаць. А Гомель плюс Магілёў — гэта ўжо добрая палова Мінска.

Канкурэнтаў у Быхава тут няма ды і быць не можа. Ва усёй Усходняй Беларусі ёсць толькі адзін замак, які можа быць адноўлены на добрым навуковым базісе. Як вы ўжо здагадаліся — менавіта Быхаўскі!

Улады Магілёўшчыны сапраўды ўсведамляюць неймаверныя перспектывы сціплага райцэнтра. Да пераадолення размаітых цяжкасцей, непазбежных пры рэалізацыі грандыёзных задум, ім таксама ўжо не прызвычайвацца: той жа Анатоль Сінкавец даўно зарэкамендаваў сябе як сапраўдны “чалавек справы”. І таму агучаныя ім ідэі зусім не выглядаюць “паветраным замкам”.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Мінск — Быхаў — Мінск