Актуалізаваць прастору

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Аўтар рэйтынгу — магістр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, актыўны ўдзельнік самых розных творчых праграм і праектаў, а таму — сталы карыстальнік электронных рэсурсаў.

Алена АРЦЁМАВА, старшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Петруся Броўкі

/i/content/pi/cult/443/9226/13-3.jpeg

1. Якой павінна быць ноч?

Пастаянна адшукваю ідэі для правядзення Ночы музеяў. Наша апошняя тэма, да прыкладу, называлася “Ажылыя пяцідзясятыя”. Інтэрнэт падказаў шэраг цікавых форм. У кватэрах-музеях Санкт-Пецярбурга вельмі актыўна карыстаюцца такім прыёмам, як актуалізацыя інтэр’ераў. І мы звярнуліся да сяброў — мінскага філіяла маскоўскага тэатра-школы “Вобраз”. Артысты падрыхтавалі ў нашых інтэр’ерах вельмі сімпатычныя тэатральныя пастаноўкі, у тым ліку і паводле твораў Данііла Хармса.

2. Энергія маладых

Гэткім жа чынам скантактавала з актыўнымі маладымі людзьмі, што арганізавалі творчую прастору, якую назвалі “Дом культуры “La mora”. Гэтае цікавае маладзёжнае аб’яднанне выкупіла на сталічнай вуліцы Шчорса дом і зрабіла з яго своеасаблівую творчую лабараторыю, дзе ладзіць выстаўкі ды канцэрты. Мы запрасілі з “Дома культуры…” творцаў па мастацтве хэнд-мэйд да сябе. Так, у музейнай зале часовых экспазіцый прайшлі ўнікальныя майстар-класы для бацькоў ды іх дзяцей.

3. “Калі ласка!”

Мінская дабрачынная крама “Калі ласка!” збірае старыя рэчы, што аджылі свой век, але знаходзяцца ў досыць добрым стане. Для нас супрацоўнікі зрабілі вінтажную інсталяцыю: прынеслі адзенне, бытавую тэхніку, цікавыя прадметы, якія і сталі асновай для інтэр’ера. Наведвальнікі мелі магчымасць не толькі сфатаграфавацца ў такім антуражы, але маглі і пераапрануцца, стаць інтэрактыўнай часткай музейнай эпохі нашай Кватэры-музея ды паўдзельнічаць у самых розных праграмах.

4. Хоць і віртуальная, але — рэстаўрацыя

Аднойчы трапіла на сайт Наўгародскага краязнаўчага музея. Супрацоўнікі скантактаваліся са спецыялістамі ў інфармацыйных тэхналогіях і стварылі віртуальныя рэстаўрацыі не толькі ацалелых пасля вайны гарадскіх будынкаў ды цэркваў, але і іх мастацкага аздаблення. Фактычна гэта — 3D-мадэлі помнікаў архітэктуры, размешчаныя на музейным сайце, якія можна агледзець і звонку, і знутры…

5. Жывая мемарыяльная кватэра

Інакш кажучы, мы ўсяляк імкнёмся, каб наша Кватэра-музей была жывой, інтэрактыўнай, цікавай ды нечаканай для самага рознага наведвальніка, распавядала б не толькі пра паэта, але і пра эпоху, у якой ён жыў, тварыў, мысліў… І без маркетынгу, без інфармацыйных крыніц тут проста не абысціся.