Алена АРЦЁМАВА, старшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Петруся Броўкі
1. Якой павінна быць ноч?
Пастаянна адшукваю ідэі для правядзення Ночы музеяў. Наша апошняя тэма, да прыкладу, называлася “Ажылыя пяцідзясятыя”. Інтэрнэт падказаў шэраг цікавых форм. У кватэрах-музеях Санкт-Пецярбурга вельмі актыўна карыстаюцца такім прыёмам, як актуалізацыя інтэр’ераў. І мы звярнуліся да сяброў — мінскага філіяла маскоўскага тэатра-школы “Вобраз”. Артысты падрыхтавалі ў нашых інтэр’ерах вельмі сімпатычныя тэатральныя пастаноўкі, у тым ліку і паводле твораў Данііла Хармса.
2. Энергія маладых
Гэткім жа чынам скантактавала з актыўнымі маладымі людзьмі, што арганізавалі творчую прастору, якую назвалі “Дом культуры “La mora”. Гэтае цікавае маладзёжнае аб’яднанне выкупіла на сталічнай вуліцы Шчорса дом і зрабіла з яго своеасаблівую творчую лабараторыю, дзе ладзіць выстаўкі ды канцэрты. Мы запрасілі з “Дома культуры…” творцаў па мастацтве хэнд-мэйд да сябе. Так, у музейнай зале часовых экспазіцый прайшлі ўнікальныя майстар-класы для бацькоў ды іх дзяцей.
3. “Калі ласка!”
Мінская дабрачынная крама “Калі ласка!” збірае старыя рэчы, што аджылі свой век, але знаходзяцца ў досыць добрым стане. Для нас супрацоўнікі зрабілі вінтажную інсталяцыю: прынеслі адзенне, бытавую тэхніку, цікавыя прадметы, якія і сталі асновай для інтэр’ера. Наведвальнікі мелі магчымасць не толькі сфатаграфавацца ў такім антуражы, але маглі і пераапрануцца, стаць інтэрактыўнай часткай музейнай эпохі нашай Кватэры-музея ды паўдзельнічаць у самых розных праграмах.
4. Хоць і віртуальная, але — рэстаўрацыя
Аднойчы трапіла на сайт Наўгародскага краязнаўчага музея. Супрацоўнікі скантактаваліся са спецыялістамі ў інфармацыйных тэхналогіях і стварылі віртуальныя рэстаўрацыі не толькі ацалелых пасля вайны гарадскіх будынкаў ды цэркваў, але і іх мастацкага аздаблення. Фактычна гэта — 3D-мадэлі помнікаў архітэктуры, размешчаныя на музейным сайце, якія можна агледзець і звонку, і знутры…
5. Жывая мемарыяльная кватэра
Інакш кажучы, мы ўсяляк імкнёмся, каб наша Кватэра-музей была жывой, інтэрактыўнай, цікавай ды нечаканай для самага рознага наведвальніка, распавядала б не толькі пра паэта, але і пра эпоху, у якой ён жыў, тварыў, мысліў… І без маркетынгу, без інфармацыйных крыніц тут проста не абысціся.