Этнапраект і "Сустрэчы..."

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Культурны твітар: мы ў свеце

Польшча

На пачатку верасня ў варшаўскай галерэі ў рамках фестывалю “WAWA Design Festival” адбудзецца адкрыццё выстаўкі беларускага дызайну і мастацтва. Упершыню маюць прадставіць экспазіцыю дызайнерскіх і архітэктурных праектаў, створаных удзельнікамі трэцяга “Этнапраекта” — маладымі дызайнерамі з Беларусі і Польшчы — па выніках двухтыднёвага тура па дзвюх краінах, пад час якога ўдзельнікі наведаюць дызайн-семінары, лекцыі і практычныя заняткі з этнатэматыкай. Асобнае месца на выстаўцы будзе адведзена сучаснаму беларускаму плакату.

Узбекістан

У ІХ Міжнародным музычным фестывалі “Мелодыі Усходу”, што днямі завяршыўся ў Самаркандзе, прыняў удзел фальклорны калектыў “Купалінка” Беларускага культурнага цэнтра “Світанак” з Ташкента. Выступленне ансамбля на фэсце, які праходзіў пад патранатам UNESCO, было прысвечана 20-годдзю ўсталявання беларуска-ўзбекскіх дыпламатычных стасункаў.

Расія

VIII Міжнародны фестываль “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” пройдзе 15 — 20 верасня ў Растове-на-Доне і збярэ маладых выканаўцаў з Расіі, Беларусі, Казахстана, Украіны і Балгарыі. У яго праграме — канцэрты, сустрэчы са студэнтамі ВНУ, папулярнымі выканаўцамі эстрадных песень, Вечар дружбы моладзі Беларусі і Расіі, маладзёжная канцэртная эстафета ў гарадах Растоўскай вобласці. Цэнтральнай падзеяй форуму па традыцыі стане конкурс выканаўцаў маладзёжнай песні.

Украіна

Фальклорны ансамбль “Купалінка” Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 8 па 12 верасня з канцэртнай праграмай прыме ўдзел у ІІІ Міжнародным фестывалі культуры і мастацтва “Сустрэчы сяброў”, які адбудзецца ў Адэсе. Яго мэта — умацаванне агульнай культурнай прасторы краін СНД, развіццё культурных сувязей паміж краінамі Садружнасці. У рамках фестывалю плануецца правядзенне канцэртных і тэатральных мерапрыемстваў з удзелам мастацкіх калектываў і выканаўцаў з Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Расіі, Таджыкістана, Украіны, а таксама Грузіі.

Падрыхтавала Вольга НАВІЦКАЯ