Савет беларусаў

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Пытанням культурнага ўзаемадзеяння ў краінах СНД прысвечана чарговае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры нашай краіны, якое 13 — 14 верасня пройдзе ў Мінску. Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур падзяліўся падрабязнасцямі мерапрыемства.

Міхаіл РЫБАКОЎ, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур:

— У памяшканні будынка Выканаўчага камітэта СНД у Мінску пройдзе чарговае, чацвёртае па ліку, пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў першага дня мерапрыемства, сярод якіх — айчынныя навукоўцы і, вядома ж, суайчыннікі з краін блізкага і далёкага замежжа, будзе пытанне міжкультурнага дыялога краін Садружнасці. У сваю чаргу, 14 верасня нашы суайчыннікі падзеляцца сваімі клопатамі. У рамках пасяджэння каштоўныя прызы конкурсу на лепшы прыклад папулярызацыі беларускай культуры ў краінах пражывання знойдуць сваіх пераможцаў. Акрамя таго, у гэты ж дзень запланавана адкрыццё Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, мерапрыемствы якога пройдуць як у сталіцы нашай краіны, так і ў абласных ды раённых цэнтрах. Завершыцца ж фестываль па традыцыі вялікай святочнай праграмай у наступным годзе ў Гродне.

Замест знаёмства з беларускімі рэгіёнамі сёлета нашы замежныя суайчыннікі, якія будуць удзельнічаць у пасяджэнні Кансультатыўнага савета, змогуць пазнаёміцца з цікавай праграмай Дня горада Мінска, што якраз у гэты час будзе святкаваць свой дзень нараджэння…

Нагадаем, Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь павінен спрыяць паляпшэнню ўзаемадзеяння і аказання канкрэтнай дапамогі з боку дзяржаўных органаў нашай краіны грамадскім арганізацыям беларусаў замежжа, а таксама выкарыстанню патэнцыялу беларускай дыяспары ў развіцці супрацоўніцтва Беларусі з замежнымі краінамi.