“Magnificat-2013” пераносіцца

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Магчымым часам правядзення Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм стане сёлетні лістапад або снежань. Пра гэта карэспандэнту “К” паведаміў нязменны дырэктар кінафоруму, рэжысёр Юрый Гарулёў.

Як было абвешчана на афіцыйным сайце фестывалю, правядзенне бягучага “Магніфіката” апынулася пад пагрозай зрыву ў выніку страты дапамогі галоўнага спонсара. Пастаянны партнёр кінафоруму, які падтрымліваў яго цягам многіх гадоў, нечакана прыняў рашэнне спыніць супрацоўніцтва з “Магніфікатам”.

— На бягучы кінафестываль мы атрымалі каля 50 работ з 13 краін, — распавядае Юрый Гарулёў. — Усё ішло згодна з арганізацыйным сцэнарыем, але нечаканая навіна прымусіла нас змяніць планы. Усе затраты, якія датычыліся перакладаў стужак, выдання каталога, і г.д. — усё завісла ў паветры…

Зараз аргкамітэт вядомага кінафоруму, які амаль за дзесяцігоддзе сваёй працы стаў вядомым культурным брэндам, шукае выйсце з сітуацыі, што склалася.

— Для Глыбоцкага раёна “замарожаны” стан фестывалю — таксама не радасць, — адказаў дырэктар на пытанне наконт зацікаўленасці ў культурнай падзеі ўлад Глыбокага. — Але цалкам “закрыць” усе выдаткі яны не могуць. Акрамя таго, неабходна думаць і пра далейшы лёс фестывалю, а значыць, трэба шукаць новага спонсара…

Зараз на сайце “Магніфіката” размешчаны спіс фільмаў, дасланых на форум. Сярод іх — нашумелыя работы беларускіх і замежных кінематаграфістаў.

Нагадаем, што сёлета Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat” мае адбыцца ў дзявяты раз.

Д.А.