Як было абвешчана на афіцыйным сайце фестывалю, правядзенне бягучага “Магніфіката” апынулася пад пагрозай зрыву ў выніку страты дапамогі галоўнага спонсара. Пастаянны партнёр кінафоруму, які падтрымліваў яго цягам многіх гадоў, нечакана прыняў рашэнне спыніць супрацоўніцтва з “Магніфікатам”.
— На бягучы кінафестываль мы атрымалі каля 50 работ з 13 краін, — распавядае Юрый Гарулёў. — Усё ішло згодна з арганізацыйным сцэнарыем, але нечаканая навіна прымусіла нас змяніць планы. Усе затраты, якія датычыліся перакладаў стужак, выдання каталога, і г.д. — усё завісла ў паветры…
Зараз аргкамітэт вядомага кінафоруму, які амаль за дзесяцігоддзе сваёй працы стаў вядомым культурным брэндам, шукае выйсце з сітуацыі, што склалася.
— Для Глыбоцкага раёна “замарожаны” стан фестывалю — таксама не радасць, — адказаў дырэктар на пытанне наконт зацікаўленасці ў культурнай падзеі ўлад Глыбокага. — Але цалкам “закрыць” усе выдаткі яны не могуць. Акрамя таго, неабходна думаць і пра далейшы лёс фестывалю, а значыць, трэба шукаць новага спонсара…
Зараз на сайце “Магніфіката” размешчаны спіс фільмаў, дасланых на форум. Сярод іх — нашумелыя работы беларускіх і замежных кінематаграфістаў.
Нагадаем, што сёлета Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat” мае адбыцца ў дзявяты раз.
Д.А.