(Заканчэнне. Пачатак у №№ 26, 28 — 33.)
Ёсць звесткі і пра лёс некаторых адвакатаў сям’і Файнштэйнаў. Нісон Мендзелевіч (Мікалай Маркавіч) Хазанаў (1886 — 1969 гг.) ужо тады быў вядомым у Віцебску спецыялістам. Па словах яго дзяцей, ён не верыў у вінаватасць сваіх падабаронных, але што ён мог зрабіць? Сам характар працэсу і час, калі ён праходзіў, выключалі які-небудзь вырашальны ўдзел у ім адвакатаў, якім, па сутнасці справы, адводзілася роля статыстаў.
Ю.Пэн. "Бежанцы".
На долю юрыста таксама выпала нялёгкае выпрабаванне: у 1940 г. ён быў арыштаваны. На шчасце, пасля дзевяцімесячнага заключэння (адвакат не прызнаваў прад’яўленых яму абвінавачванняў) па распараджэнні Галоўнай ваеннай пракуратуры войскаў НКУС Н.Хазанава вызвалілі. Здарылася гэта 2 чэрвеня 1941, за дваццаць дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вайны ён жыў у Ленінградзе, дзе таксама гэтак жа паспяхова практыкаваў. Там жа і памёр…
Міхаіл Аўгуставіч Дарашкевіч (1901 — 1980 гг.) з’яўляўся ўдзельнікам Грамадзянскай, а потым і Вялікай Айчыннай войнаў. З 1947-га ён выконваў абавязкі начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення юстыцыі, а ў 1957 — 1972 гг. — старшыні абласной калегіі адвакатаў. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай Вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі (двума), “Знак Пашаны”, медалямі. Шкада, што Міхаіл Аўгуставіч не пакінуў успамінаў пра гэты працэс, а распытаць яго ніхто своечасова не здагадаўся…
Журналіст С.Брайнін таксама быў выхадцам з Віцебска, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне, а затым працаваў спачатку ў газеце “Віцебскі рабочы”, а потым у газеце “Звязда”. Пра яго рэакцыі на тое, што адбывалася на працэсе, я ўжо згадваў. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны журналіст быў мабілізаваны ў дзеючую армію ў якасці палітпрацаўніка. Пра далейшы яго лёс нічога не вядома, відаць, С.Брайнін загінуў у першыя месяцы вайны…
Аркадзь ПАДЛІПСКІ
Віцебск