Піяршчык Агінскі

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

"Упакаваць" класіка пад фармат турызму ў Залессі і не толькі

Месяц таму рупліўцы спадчыны роду Агінскіх пабывалі ў літоўскіх калег (гл. “К” № 32). Гэтым тыднем гасцей прымала Беларусь. Праграма ахапіла Гальшаны, Ашмяны, Нясвіж, Крэва, Залессе, Смаргонь, дзе, да ўсяго, адбылася сустрэча з прадстаўнікамі мясцовай улады, прысвечаная аднаўленню маёнтка Міхала Клеафаса. У цэнтры аднаго з трох дзён апынуўся разгорнуты “круглы стол” “Шлях культуры Агінскіх”.

/i/content/pi/cult/442/9203/13-1.jpeg

У хуткім часе Смаргоншчына зможа выкарыстоўваць брэнд Агінскіх
яшчэ шырэй. На здымку — сядзіба роду ў Залессі.

Пасяджэнне, зладжанае Маладзечанскім дабрачынным фондам “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”, невыпадкова прайшло ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. І пачалося яно, зразумела, з экскурсіі. Літоўскім гасцям, асабліва з Мемарыяльнага музея Чурлёніса, цікава было параўнаць, як захоўваецца спадчына і сама памяць пра нашага мастацкага класіка, добра вядомага і ў іншых краінах.

Што ж да “круглага стала”, дык яго прадуктыўнасць стала больш відавочнай напрыканцы пасяджэння, калі пачалі агучваць рэальныя прапановы па святкаванні 250-годдзя з дня нараджэння М.К. Агінскага ў 2015-м. Адпаведна міжнароднай праграме “Шлях культуры Агінскіх” на 2013 — 2015 гг. быў складзены і Грамадскі аргкамітэт па падрыхтоўцы юбілейных мерапрыемстваў. На пачатку ж сустрэчы ішлі ў каго сціслыя, а ў каго і больш падрабязныя справаздачы. Зроблена і сапраўды шмат. Аднак, не пералічваючы наноў вялізны “паслужны спіс” кожнага з удзельнікаў нарады, сакцэнтуем увагу на тым, што здзейсніць яшчэ наканавана. Тым больш, гэты пералік далёка не вычэрпваецца выпускам ды гашэннем адпаведнай маркі і канверта.

Адной з галоўных мэт прысутных стала справядлівае жаданне, каб 2015-ы быў прызнаны UNESCO Годам Агінскага. Гэта, да ўсяго, дазволіць пашырыць развіццё культурнага турызму. Аднаўляецца сядзіба ў Залессі. Пасля хуткага завяршэння будаўнічых работ яна будзе патрабаваць не толькі экспазіцыйнага начыння (канцэпцыя музея — у стадыі распрацоўкі), але і разнастайных мастацкіх праграм, скіраваных на рэканструкцыю эпохі. Павінен з’явіцца не звыклы музей, а сапраўдны сацыякультурны цэнтр, дзе акрамя экспазіцыі будуць мастацкі, канцэртна-тэатральны складнікі. Каардынатарам такіх мерапрыемстваў будзе выступаць Міністэрства культуры Беларусі.

У скарочаным выглядзе паўстане колішні спектакль пра Агінскага ў пастаноўцы Мінскага абласнога драмтэатра — фактычна, гэта будзе новая версія, адпаведная турыстычнаму фармату. Яе можна паказваць нават на адкрыцці выставак, прысвечаных роду Агінскіх. Некалькі тэатралізаваных музычна-інтэрактыўных праграм, скіраваных на аднаўленне сядзібнай культуры, атмасферы салона ХІХ стагоддзя, падрыхтаваў ансамбль “Doux Souvenir” (“Цёплы ўспамін”) — па назве аднаго з французскамоўных рамансаў Агінскага.

Маладая беларуская даследчыца, кандыдат мастацтвазнаўства Святлена Немагай некаторы час таму знайшла арыгінальны сцэнарый імянінаў Агінскага ў Залессі: там прапісаны ўсе тэксты, але адсутнічаюць ноты. Калі знойдзецца кампазітар, здольны зрабіць якасную стылізацыю, дык такая святочна-тэатралізаваная дзея магла б дадаткова прывабіць турыстаў.

Шмат твораў роду Агінскіх і ў рэпертуары высокапрафесійнага ансамбля салістаў “Вытокі” на чале з Аляксеем Фраловым. Гучалі прапановы не забывацца на парк, які таксама можа стаць гісторыка-культурным сведчаннем эпохі, праводзіць жывапісныя пленэры, іншымі словамі, улічваць і мастацкі складнік — у дадатак да музычнага. Сапраўды, адноўленае Залессе зможа без праблем ладзіць тэматычныя фэсты і асобныя арт-праекты, непасрэдна звязаныя з “Паўночнымі Афінамі”, як называлі сядзібу сучаснікі. Імя Агінскага нададзена конкурсу камерных ансамбляў у Смаргоні. А можа ж быць і адпаведны фестываль, ды не які-небудзь, а — міжнародны.

На сёння выдадзены фартэпіянныя творы Агінскага, наперадзе — камерна-вакальныя. У свой час усё тая ж Святлена Немагай, уважліва прааналізаваўшы ліставанне Міхала Клеафаса, прыйшла да высновы пра існаванне ў яго раней не вядомых нам песенна-рамансавых твораў. І  — адшукала іх! Напісаныя ў эміграцыі і выдадзеныя, дзякуючы намаганням Осіпа Казлоўскага, у 1801 годзе ў Пецярбургу, тыя ноты ўтрымлівалі шмат памылак ды недакладнасцей. Але зараз недарэчнасці выпраўлены, і “Беларуская капэла” хутка выпусціць падарункавыя асобнікі.

Да юбілею будуць выдадзены ў перакладзе на беларускую і “Лісты пра музыку” Агінскага, і чарговая кніга яго сваяка ды нашага сучасніка Анджэя Залузскага. У сваю чаргу, на літоўскую мову маюць перакласці колішнюю манаграфію Святлены Немагай. Плануецца і яе беларускае перавыданне, бо кніга, ледзь паспеўшы выйсці з друкарні, стала рарытэтам. У наступным годзе ў друку з’явіцца таксама новая кніга аўтаркі — “Тайна паланэзаў Агінскага”.

У снежні ў Палацы культуры Маладзечна адбудзецца прэм’ера оперы “Міхал Клеафас Агінскі”, замоўленая тамтэйшым Маладзёжным оперным тэатрам на чале з Рыгорам Сарокам вядомаму беларускаму кампазітару Алегу Залётневу і лібрэтысту Сяргею Макарэю. Плануецца, што з ёй змогуць пазнаёміцца не толькі беларусы: пастаноўку павязуць у Літву, Польшчу, Расію. Канцэртныя турнэ ў хуткім часе павінны ахапіць не толькі пералічаныя краіны, але і Італію, у прыватнасці, Фларэнцыю, дзе Міхал Клеафас пайшоў з жыцця.

Са свайго боку, дадамо, што дзевяць гадоў таму знаным кампазітарам Вячаславам Кузняцовым быў напісаны балет “Паланэз”. “Беларуская капэла” замаўляла ўсяго толькі аркестраваць музыку Агінскага. Але як сапраўдны майстра Кузняцоў не мог абмежавацца гэтым. Узнік найцікавы твор для струнных і клавесіна (ці фартэпіяна), прысвечаны самой таямніцы кампазітарскай творчасці і мысліцельным працэсам музыканта. Танцавальныя кампазіцыі Агінскага былі змешчаны ў такой паслядоўнасці, якая паступова “намацвала” інтанацыйныя “разыначкі” самага знакамітага паланэза — “Развітанне з Радзімай”. Аркестравыя нумары, што адпавядалі атмасферы балю, чаргаваліся з клавесіннымі, дзе творца быццам заставаўся сам-насам з сабой. А саліруючая скрыпка, што раз-пораз узнікала ў бальных сцэнах, уносіла ў іх адценне настальгіі, няспраўджаных душэўных парываў. На жаль, тое сцэнічнае ўвасабленне, якое далі партытуры навучэнцы нашага харэаграфічнага вучылішча, мала адпавядала задуманай драматургічнай канцэпцыі: паслядоўнасць нумароў была парушана, штосьці — увогуле скарочана. Але і ў такім выглядзе пастаноўка мела поспех не толькі на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, але і ў Польшчы.

Ці ж не наспеў час вярнуцца да той цудоўнай ідэі? Новы спектакль з арыгінальнай і стылізаванай харэаграфіяй быў бы прыдатны як на прафесійнай сцэне, так і ў выглядзе пластычнай “інсцэніроўкі” хатняй вечарынкі ў сядзібе Агінскага — з увасабленнем самога Міхала Клеафаса, які музіцыруе на фартэпіяна.

А вось прапанову заснаваць стыпендыю імя Агінскага для лепшых студэнтаў-музыкантаў розных краін можна і аспрэчыць. Міхала Клеафаса нельга прылічыць да прафесійных музыкантаў. Ён і сам заўсёды гэта падкрэсліваў, ніколькі не саромеючыся называць сябе дасведчаным аматарам. Для такіх жа аматараў ды ўпрыгожвання іх побыту прызначаліся і ягоныя творы, разлічаныя на культурнае баўленне часу самымі шырокімі коламі спажыўцоў. Апошніх, дарэчы, было так шмат яшчэ і таму, што Агінскі ўмеў добра піярыць свае зборнікі: яго можна без перабольшання назваць адным з самых паспяховых менеджараў. Адпаведна, стыпендыя яго імя магла б стаць надзвычай прэстыжнай для тых, хто атрымлівае адпаведныя спецыяльнасці, скажам, у БДУКіМ.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"