Імідж-кампанія бібліятэкі

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

Да 60-годдзя ўтварэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і 75-годдзя Мінскай вобласці супрацоўнікі раённай бібліятэкі і РДК ініцыявалі доўгатэрміновую імідж-кампанію “75 добрых спраў”.

Цягам першага паўгоддзя бягучага года былі праведзены акцыі “У матулі — дачка і сын, у вобласці — новы грамадзянін”, “Новая кніга для нованароджанага” на базе радзільнага аддзялення райбальніцы, выязное мерапрыемства “Званне свята — маці салдата” па віншаванні райцэнтраўскіх жанчын, чые сыны служаць у арміі.

У маі стартавала акцыя “Культработнікі — жыхарам аграгарадкоў” пад дэвізам: “Аграгарадок — больш чым вёска”. У выхадныя дні ладзіліся выезды агітцягніка “За здаровы лад жыцця”. Гэта — адна з форм кампаніі “Аграгарадок — зона цвярозасці і некурэння”, якая праходзіла на вясковых вуліцах, ля ўстаноў культуры і гандлю, у дамах культуры. Да спартыўных акцый “Падымі гіру пяць разоў — і атрымай прыз” спрычыніліся спартсмены і інструктары фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. У дамах культуры аграгарадкоў праходзілі агітацыйна-тэатралізаваныя прадстаўленні. Тэатр аднаго акцёра Бярэзінскай ЦБ прапанаваў мініяцюры цыкла “Нявыдуманыя гісторыі” з прыкладам лёсаў тых, хто злоўжываў спіртным.

Найбольш дзейснай формай прапаганды здаровага ладу жыцця аказалася ўшанаванне жыхароў і сем’яў аграгарадкоў, дзе пануюць традыцыі цвярозасці, дзе некалькі пакаленняў вядуць жыццё без тытунёвай залежнасці і сябруюць са спортам. Трыццаці сямі сем’ям, у тым ліку сямнаццаці — маладым, былі ўручаны сімвалічныя ордэны “Здаровая сям’я — залаты фонд аграгарадка”… З асаблівым гонарам агучаны імёны і прозвішчы старажылаў бярэзінскіх аграгарадкоў ад 80 да 92 гадоў (такіх набралася аж 12 чалавек), якія за свой доўгі век не ўжывалі ні гарэлкі, ні цыгарэт. Ветэран аграгарадка “Сяліба” Міхаіл Данілавіч Мурач зазначыў з гумарам: “Я б хоць вядро выпіў, каб гэта дадало розуму ці здароўя”.

Узорам для землякоў гучалі імёны кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый, органаў мясцовага самакіравання, школьных устаноў аграгарадкоў — свядомых і непітушчых лідараў. Цудоўна, што сярод тых, хто душой стаіць за ідэю цвярозасці і некурэння, шмат настаўнікаў, механізатараў, леснікоў, маладых спецыялістаў…

Ордэны асаблівай вартасці “За цвярозасць і сілу волі”, “Таму, хто кінуў курыць” былі ўручаны дваццаці чатыром жыхарам аграгарадкоў, у тым ліку чатырнаццаці жанчынам, якія здолелі пераадолець шкодныя звычкі. Гэты рух падтрымалі самадзейныя артысты. Найбольш яркімі атрымаліся выступленні агітбрыгад Любушанскага, Паплаўскага, Лешніцкага СДК, агітбрыгады бібліятэкараў Пагосцкага сельсавета “ЛІРА”, прыпевачніц аграгарадкоў “Косаўка”, “Любушаны”, “Сяліба”...

Агіткампаніяй “Аграгарадок — зона цвярозасці і некурэння” ахоплена звыш 500 жыхароў усіх 10 бярэзінскіх аграгарадкоў, 100 з іх прынялі ўдзел у акцыі “Памяняй цыгарэту на цукерку!”. На карце Бярэзіншчыны з’явілася 10 зон чысціні, у “Чыстай кнізе” пакінута каля 300 подпісаў прыхільнікаў акцыі добрай волі.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі