Летапісец "Спадчыны"

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

Вёска Боркі Бярозаўскага раёна з’яўляецца цэнтральнай сядзібай сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву “Боркаўскі”. Тут працуе Дом культуры, агульнаадукацыйная школа, фельчарска-акушэрскі пункт, сельская бібліятэка ды іншыя сацыяльныя ўстановы.

Боркаўская сельская бібліятэка лічыцца лепшай у раёне. А фота бібліятэкара Людмілы Юдчыц можна пабачыць на раённай Дошцы гонару. Працуе яна больш за дзесяць гадоў, добра ведае не толькі жыхароў Борак, але і шасці вёсак, якія ўваходзяць у склад СВК “Боркаўскі”.

/i/content/pi/cult/442/9200/11-1.jpeg

У свой час Людміла Юдчыц скончыла Брэсцкі педагагічны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна. Вучылася на факультэце беларускай мовы і літаратуры. З дыпломам вярнулася на радзіму. У гэты час спатрэбіўся бібліятэкар. Старшыня Боркаўскага сельскага савета Алена Луцкевіч папрасіла выпускніцу папрацаваць у бібліятэцы. Тая згадзілася.

Чаму ж за дзесяць гадоў (адносна невялікі тэрмін) установа стала лепшай у раёне? Ды проста бібліятэкар шмат увагі надае распаўсюджанню кнігі сярод працаўнікоў кааператыву і сельскай інтэлігенцыі. Бібліятэка мае ў распараджэнні звыш дзесяці тысяч кніг ды іншых выданняў. Актыўных чытачоў — 320.

Людміла Юдчыц звяртае вялікую ўвагу на папулярызацыю краязнаўства, беларускай мовы і літаратуры. З гэтай мэтай у 2010 годзе быў створаны інфармацыйны цэнтр “Зямля мая, калінавы куток”. У бібліятэцы сабраны вялізны банк гістарычных фактаў, легенды, успаміны старажылаў, фотаздымкі. За летапіс “Спадчына” ўстанова адзначана на абласным туры-конкурсе “Сяло раскажа пра сябе”.

У бібліятэцы працуе дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Любазнайка”, якое развівае ў дзяцей цікавасць да кнігі. Людміла Юдчыц з’яўляецца аўтарам шэрагу сцэнарных распрацовак, складальнікам электронных прэзентацый, рэтра-альбомаў, удзельнікам раённых святаў беларускай кнігі.

Іван АСКІРКА

Бярозаўскі раён

На здымку: бібліятэкар Боркаўскай сельскай бібліятэкі Людміла Юдчыц  у “кніжным вуллі”.

Фота аўтара